WHO: пра пасыўнае курэньне

Пасыўнае курэньне забівае як мінімум 600 тысячаў чалавек у год – перасьцерагае Сусьветная арганізацыя здароўя.

Ажно адна трэцяя згаданых ахвяраў - гэта дзеці. Пад асаблівай пагрозай з боку тытунёвага дыму знаходзяцца тыя дзеці, якіх бацькі кураць дома.

Сусьветная арганізацыя здароўя падкрэсьлівае, што найбольшая колькасьць людзей, якія прымушаныя пасыўна курыць цыгарэты, жыве ў Эўропе й Азіі.

Ахвярамі пасыўнага курэньня часьцей, чым мужчыны, зьяўляюцца жанчыны.

Дасьледаваньні наконт адмоўнага ўплыву тытунёвага дыму на пасыўных курцоў Сусьветная арганізацыя здароўя праводзіла ў 192 краінах сьвету.

Дадзеныя сьведчаць пра тое, што немаўляты, бацькі якіх кураць дома, часьцей, чым астатнія дзеці, паміраюць нечаканай сьмерцю, хварэюць запаленьнем лёгкіх і астмай. Апрача таго, лёгкія гэткіх дзяцей разьвіваюцца больш павольна, чым здаровых раўнагодкаў. Пасыўнае курэньне павялічае рызыку ўзьнікненьня хваробаў сэрца, дыхальнай сыстэмы й рака лёгкіх.

Кіраўнік дасьледаваньняў Арманда Пэруга падкрэсьлівае, што дадзеныя паказваюць памер адмоўнага ўплыву, які цыгарэты аказваюць на здароўе людзей. Асабліва непакояць інфармацыя, датычная дзяцей. Ахвяры – каля 165 тысячаў дзяцей у год – паходзяць, галоўным чынам, з паўднёва-ўсходняй Азіі й Афрыкі.

Польскія дзеці ядуць зашмат нездаровых страваў

Палякі ядуць зашмат празьмерна тлустых страваў і салодкага. Паводле дадзеных Інстытуту прадуктаў і харчаваньня, ажно 20% хлопцаў і 15% дзяўчынак школьнага ўзросту змагаюцца зь лішняй вагою.

Дзецям цяжка адмовіцца ад чыпсаў, хот-догаў, піцы, цукерак ці марожанага. Спэцыялісты па харчаваньні падкрэсьліваюць, што харчовыя прывычкі кшталтуюцца ў вельмі раньнім узросьце. Малыя дзеці, якія ня ведаюць салодкага смаку, нават не адчуваюць патрэбы, каб есьці цукеркі ці іншыя ласункі. Таму з раньняга дзяцінства неабходна даваць дзецям як мага больш агародніны й садавіны. Бацькі павінны таксама паклапаціцца пра тое, каб іх дзеці харчаваліся рэгулярна, прычым сьнеданьне перад выхадам у школу павінна быць абавязковым.

Сапраўднай калярычнай бомбай, паводле спэцыялістаў, зьяўляюцца таксама фарбаваныя, газаваныя напоі й сокі. Дзеці не павінны іх піць, паколькі яны ўтрымліваюць шмат цукру ды штучных харчовых фарбавальнікаў.

Найнуднейшы дзень у гісторыі

Навукоўцы з Кэмбрыджы вызначылі найнуднейшы дзень ад пачатку XX стагодзьдзя, якім, паводле іх, зьяўляецца 11 красавіка 1954 году.

Як паведаміла штодзёнка „Daily Telegraph”, згаданую дату вызначыла кампутарная праграма, якая называецца „Сапраўдныя веды” („True Knowledge”).

Сярод падзеяў, якія адбыліся 11 красавіка 1954 году, названыя выбары ў Бэльгіі, дзень народзінаў турэцкага дасьледчыка Абдулаха Аталяра ці  сьмерць футбаліста Джака Шафэльботэм (Jack Shufflebotham), усё астатняе – на думку брытанскіх навукоўцаў – мела вельмі штодзённы й нармальны характар.

„Самае цікавае, што, як сьведчаць нашыя аналізы, згаданы дзень тым больш цікавы, чым больш нудны. Ну, хіба што нехта зьяўляецца Абдулахам Аталярам”, - заявілі брытанскія навукоўцы.


Глябальнае пацяпленьне запавольвае

Хуткасьць тэмпу глябальнага пацяпленьня зьменшылася цягам апошніх 10 гадоў – паведаміла брытанскае выданьне „Daily Mail”, спасылаючыся на рапарт мясцовага мэтэаралягічнага бюро.

Паводле навукоўцаў, тэмп павышэньня тэмпэратуры на плянэце выразна зьмяншаецца. Ад 70-х гадоў сярэдні рост тэмпэратуры складаў каля 0,16 градуса Цэльсія на 10 гадоў. Тым часам цягам апошняй дэкады ён складае  прыкладна 0,13 градуса Цэльсія.

Тым ня менш, навукоўцы падкрэсьліваюць, што тэндэнцыя росту тэмпэратуры на зямлі працягваецца.

Адначасова брытанскае мэтэаралягічнае бюро паведаміла, што мінаючы год быў адным з найбольш гарачых за апошні час. Цяплейшым за яго быў толькі 1998 год, калі анамальныя зьявы, зьвязаныя з эфэктам Эль Ніньё, накіроўвалі ў Эўропу цёплае паветра.  

А.З.

Здымкі: pl.wikipedia.org