У 2 томе энцыкляпэдыі Ukraine – A Concise Encyclopedia (prepared by Schevchenko Scientific Society, University of Toronto Press,Volume 2, 1971), выдадзенай у Таронце ў 1971 годзе, была зьмегчаная мапа з 1930 году, выкананая В. Кубіёвычам і М. Кулыцкім на ангельскай мове, на якой прыблізна палова сучаснай Берасьцейскай вобласьці з гарадамі Берасьце й Пінск, а таксама паўдзённа-ўсходняя й паўдзённа-заходняя часткі сучаснай Гомельскай вобласьці з гарадамі Старадуб і Тураў далучаныя да Ўкраіны.
Таксама ў гэтым томе зьмешчаная мапа пасяленьня ўкраінскага насельніцтва, зь якой вынікае, што ў паўдзённай палове Берасьцейскай вобласьці амаль 100% насельніцтва гэта ўкраінцы. Абшары навокал Мазыра азначаныя па 75, 90 і 100% украінскага насельніцтва. Пры гэтым не падаюцца ніякія крыніцы, на аснове якіх паказаныя такія працэнты ўкраінскага насельніцтва – адзначае аўтар публікацыі Украінскія прэтэнсыі да Беларусі І. Касяк (у: „Беларуская Думка”, № 34, Нью-Ёрк – Саўт-Рывэр 1989, с. 32-37), які, абапіраючыся на розныя перапісы насельніцтва, прыводзіць лічбовыя даныя пра нацыянальнасьць жыхароў Гомельшчыны й Берасьцейшчыны, зь якіх вынікае, што ўкраінцы ня маюць ніякіх этнаграфічных асноваў дамагацца далучэньня да Ўкраіны вялікіх частак Берасьцейскай і Гомельскай абласьцей.
У публікацыі Белорусская Советская Социалистическая Республика, выдадзенай у Менску ў 1927 годзе, пададзена, што ў Гомельскім павеце ў 1897 годзе жыло 74,1% беларусаў, 14,4% жыдоў, 10,2% вялікарусаў і ўкраінцаў ды 1% палякаў. У 1917 годзе сярод вясковага насельніцтва было 94,6% беларусаў, 1% жыдоў, 1,2% вялікарусаў і ўкраінцаў ды 1,8% палякаў. У 1923 годзе сярод гарадзкога насельніцтва прапорцыі былі наступныя: 44,6% складалі беларусы, 42,1% жыды, 10,3% вялікарусы й украінцы ды 1,8% палякі.
Берасьцейшчына ў гэтым часе была ў межах Польскае дзяржавы. Як падае Główny Urząd Statystyczny Rzeczypospolitej Polskiej у публікацыі Drugi powszechny spis ludności z dn. 9.XІІ.1931 r., województwo poleskie (Warszawa 1938), абапіраючыся на бацькоўскую мову, польскай мовай карысталася 164 106 жыхароў, украінскай – 54 047, беларускай – 75 338, расейскай – 16 198, тутэйшай – 707 088, жыдоўскай – 96 514 і гэбрайскай – 16 452 жыхары. Аўтар артыкулу, зьмешчанага на старонках „Беларускай Думкі”, уважае, што тутэйшыя – гэта беларусы, і таму беларусаў трэба лічыць разам 782 426 асобаў. З гэтых дадзеных вынікае, што колькасьць украінскага насельніцтва да беларускага складала: у Гомельскай вобласьці – 8%, а ў Берасьцейскай – 6,9%.
І. Касяк спасылаецца таксама на пазьнейшыя перапісы насельніцтва. І так, у публікацыі Итоги всесоюзной переписи населения 1959 года. Белорусская СССР (Москва 1963) паведамляецца, што ў Гомельскай вобласьці жыло 1 361 841 чалавек: беларусаў было 1 181 096, расейцаў – 89 720, жыдоў – 45 007, украінцаў – 33 317 і палякаў – 7 172 асобы. У Берасьцейскай акрузе жыло 1 190 729 асоб, у тым ліку: беларусаў – 1 024 618, расейцаў – 87 920, палякаў – 42 085, украінцаў – 25 649, жыдоў – 6 012 і татараў – 707 асоб. Паводле гэтага перапісу колькасьці ўкраінскага насельніцтва ў адносінах да беларускага складаюць: у Берасьцейскай вобласьці – 2,5%, а ў Гомельскай – 2,82%.
Падобныя лічбы паяўляюцца і ў публікацыі Итоги переписи населения 1970 года (том ІV, Москва 1973). Колькасьць людзей Гомельшчыны – 1 533 304 асобы, у тым ліку: 1 294 046 беларусаў, 137 410 расейцаў, 46 483 украінцаў, 43 312 жыдоў і 4 841 палякаў. Колькасьць жыхароў Берасьцейшчыны – 1 294 550 асоб, у тым ліку: беларусаў – 1 114 706, расейцаў – 106 047, палякаў – 32 491, украінцаў – 31 626, жыдоў – 5015 і татараў – 847 асоб. Паводле гэтага перапісу насельніцтва колькасьці ўкраінскага насельніцтва ў стасунку да беларускага складалі: на Берасьцейшчыне – 2,84%, а на Гомельшчыне – 3,59%.
Беларускі эміграцыйны часопіс „Навіны зь Беларусі” зьвярнуў увагу на дасьледаваньне У.В. Анічэнкі пад назовам Беларуска-ўкраінскія пісьмова-моўныя сувязі (Мінск 1969), у якім аўтар сынтэтызаваў літаратурна-пісьмовыя нормы старабеларускае мовы з адлюстраванымі ў ёй фактамі жывое народнае мовы ў адзіную стройную сыстэму. Але гэта не галоўнае дасягненьне працы У. Анічэнкі – паведамляе нью-ёрскі часопіс (Беларуска-ўкраінскія моўныя сувязі, у: „Навіны зь Беларусі”, № 18 (137), Нью-Ёрк, 30 верасьня 1969, с. 4-5), спасылаючыся на публікацыю Я. Камароўскага Моўныя сувязі народаў-братоў (у: „Звязда”, 23.09.1969). У. Анічэнка зрабіў даволі ўдалую спробу параўнальна-гістарычнага вывучэньня беларуска-ўкраінскіх пісьмовых сувязяў у далёкія ад нас часы, але пра гэта слухайце праз тыдзень.
Ніна Баршчэўская