Некалькі апошніх экалягічных рубрык фізык Томаш Савіньскі стараўся рацыянальна даказаць, што няма больш аплочванай і экалягічнай энэргіі, чым атамная. На яго думку, у будучыні АЭС ня мае іншых альтэрнатываў.
Гаворачы пра плюсы АЭС, усё ж цяжка не запытацца пра чарнобыльскую катастрофу. Пасьля аварыі ў 1986 годзе жыхары Ўсходняй Эўропы як агню баяцца АЭС.
Т. Савіньскі: Катастрофа ў Чарнобылі, як і скінутыя бомбы на Хірасіму й Нагасакі, паказалі, да чаго можа прывесьці неадказнасьць чалавека. Аварыі на ЧАЭС не было б, калі б працаўнікі станцыі зарэагавалі на папярэджаньні, якія высылала сыстэма. Чарговыя сыстэмы папярэджвалі, што адбываецца нешта дрэннае, але працаўнікі хацелі паглядзець, што будзе далей. У выніку адбылася страшная катастрофа.
І сапраўды даказана, што аварыя на АЭС стала вынікам неадказнасьці чалавека. Навукоўцы, якія там працавалі, хацелі правесьці экспэрымэнт і адключылі ўсе забесьпячэньні.
Экспэрт адзначае, што з таго часу гэта была адзіная аварыя на АЭС, якая прынесла такія трагічныя наступствы.
Т. Савіньскі: Пасьля гэтага ўсе аварыі на розных АЭС былі нязначнымі й ніколі не пагражалі грамадзтву, а нават людзям, якія працавалі на АЭС. Пакаленьне сёньняшніх атамных рэактараў значна больш дасканалае й бясьпечнае, чым рэактары ў Чарнобылі. Сёньня рэактар выключаецца аўтаматычна, як толькі зьяўляецца мінімальны папераджальны сыгнал. Сёньня таксама выкарыстоўваецца іншы спосаб спальваньня ўранавага паліва. Як б сказаў так: у Чарнобылі ўран быў як картка паперы. Калі яе запаліць, то яна павінна згарэць да канца, бо патушыць яе было надзвычай складана. У сёньняшніх рэактарах, як толькі зьяўляецца якая-колечы пагроза, адразу наступае аўтаматычнае спыненьне працы рэактара. І гэтым кіруюць правы фізыкі, таму няма магчымасьці, каб сыстэма не спрацавала.
Але выпадкі аўтаматычнага спыненьня працы рэактараў зьяўляюцца рэдкімі, паколькі задоўга да такой патрэбы зьяўляецца маса папярэджаньняў і працаўнікі ведаюць, дзе ўзьнікла непаладка.
Пры гэтым Томаш Савіньскі задае пытаньні: ці адсутнасьць АЭС, напрыклад, у Польшчы, робіць краіну бясьпечнай у выпадку, калі суседнія Чэхія ці Нямеччына атамныя станцыі маюць? Катастрофа ў Чарнобылі паказала, што незалежна ад месца катастрофы, праблемы можа мець цэлая Эўропа. Фізык пераконвае, што баяцца няма чаго.
Т. Савіньскі: Працэдуры вельмі суровыя, нават больш, чым трэба. Але гэта для таго, каб мець спакойнае сумленьне. Нават калі перагарыць лямпачка, то на АЭС вельмі сур’ёзныя правілы. Ёсьць небясьпека, але трэба тлумачыць, што над ёю значна большы кантроль, чым над вугальнымі электрастанцыямі. Калі б нам трэба было пабудаваць 20 тысяч ветракоў, то я падазраю, што таксама здарылася б не адна аварыя.
Томаш Савіньскі на ўсе 100% перакананы, што найлепшаю крыніцаю энэргіі зьяўляецца атамная энэргетыка. Яна як адзіная бярэ поўную адказнасьць за кожны этап сваёй дзейнасьці – ад перавозкі сыравіны, празь яе спальваньне, ажно па бясьпечную ліквідацыю радыёактыўных адкідаў.
І завяршаючы размову пра АЭС пэўная цікавінка, пра якую распавёў фізык. Атамная энэргетыка – гэта галіна, у якой зьяўляецца ўсё больш тэхналягічных навінак. Адна з амэрыканскіх фірмаў якраз уводзіць на рынак атамныя мінірэактары, якія нагадваюць вялікую батарэйку (цыліндар дыямэтрам 1,5 мэтра й вышынёю 2 мэтры).
Закапаны некалькі мэтраў пад зямлёю й падключаны да энэргетычнай сеткі 20-тысячнага гарадка рэактар можа даваць энэргію жыхарам цягам 10 гадоў. Пасьля батарэйка будзе выкапаная, а на яе месца пастаўленая новая. Ня трэба таксама клапаціцца пра радыёактыўныя адкіды, бо вытворца мінірэактараў адказвае таксама за іх складаваньне й нэйтралізацыю. Пасьля 10 гадоў працы адкіды маюць памер тэніснага мячыка. Кошт такога рэактара – гэта каля 30 мільёнаў даляраў. Гэта азначае, што кошт энэргіі з мінірэактара складвае прыкладна 8 грошай за кілаватгадзіну. Палякі ў дадзены момант плацяць каля 40 грошай.
Алена Пытэль