• Тэрытарыяльны абсяг беларускай народнай мовы – 7
  • 09.12.2010

Беларускі эміграцыйны часопіс „Навіны зь Беларусі”, які выдаваўся ў Нью-Ёрку з 1963 году Камітэтам Радыё Свабода (да 1969 году выйшла 143 нумары), зьвярнуў увагу на дасьледаваньне Ўладзімера Анічэнкі пад назовам Беларуска-ўкраінскія пісьмова-моўныя сувязі (Мінск 1969), у якім аўтар сынтэтызаваў літаратурна-пісьмовыя нормы старабеларускае мовы з адлюстраванымі ў ёй фактамі жывое народнае мовы ў адзіную стройную сыстэму. Але гэта не галоўнае дасягненьне працы У. Анічэнкі – паведамляе нью-ёрскі часопіс (Беларуска-ўкраінскія моўныя сувязі, у: „Навіны зь Беларусі”, № 18 (137), Нью-Ёрк, 30 верасьня 1969, с. 4-5), спасылаючыся на публікацыю Яўгена Камароўскага Моўныя сувязі народаў-братоў (у: „Звязда”, 23.09.1969). У. Анічэнка зрабіў даволі ўдалую спробу параўнальна-гістарычнага вывучэньня беларуска-ўкраінскіх пісьмовых сувязяў у далёкія ад нас часы.

Вызначаная тэма грунтуецца на багатым фактычным матар’яле беларускіх і ўкраінскіх першакрыніц – рукапісных сьпісак і старадрукаваных выданьнях, многія зь якіх уведзеныя ў навуковы ўжытак упяршыню. [...] У. Анічэнка грунтоўна апісаў важнейшыя спэцыфічныя моўныя зьявы ў літаратурна-пісьмовым разьвіцьці Беларусі і Ўкраіны на працягу XІV-XVІІ стагодзьдзяў. У той час тэрыторыя Беларусі й большая частка Ўкраіны знаходзіліся ў складзе Вялікага Кніства Літоўскага, а пазьней – Рэчы Паспалітае. [...] На аснове стараннага вывучэньня багатага фактычнага матар’ялу аўтар даказаў, што на Беларусі й Украіне з даўных часоў існавалі дзьве самастойныя (беларуская і ўкраінская) жывыя мовы , але з XІV да XVІІ стагодзьдзя Беларусы й Украінцы карысталіся па сутнасьці агульнай літаратурна-пісьмовай мовай. Агульнасьць гэтае мовы ў кнізе тлумачыцца аднолькавым гістарычным лёсам Беларусаў і Ўкраінцаў у межах Вялікага Кніства Літоўскага й Рэчы Паспалітае, агульным паходжаньнем іх культуры й інш. Асобнае месца займае ў дасьледаваньні У. Анічэнкі рашчапленьне адзінае беларуска-ўкраінскае літаратурнае мовы на самастойныя – беларускую й украінскую. Гэты працэс аўтар наглядае ў пісьменнасьці XVІІ стагодзьдзя. [...] Аўтар паадрабязна спыняецца на ўдзельнай вазе беларусізмаў ува ўкраінскай пісьменнасьці й украінізмаў – у беларускай. Пры гэтым ён адзначае, што беларусізмы больш інтэнсыўна пранікалі ў пісьмовыя помнікі, створаныя на Ўкраіне ў XІV-XVІІ стагодзьдзях. Што датычыць беларускае пісьменнасьці, то яна прыкметна ўзбагачалася за кошт украінізмаў у XVІI стагодзьдзі. Прычыну такое зьявы аўтар бачыць у тым, што на тэрыторыі Беларусі, уключаючы й віленскія землі, на працягу XІV-XVІІ стагодзьдзяў стваралася больш пісьменнасьці, чым на Ўкраіне. Нярэдка беларускія помнікі перапісваліся або перадрукоўваліся на ўкраінскай тэрыторыі з захаваньнем моўных асаблівасьцяў арыгіналаў. У XVІІ стагодзьдзі наглядалася адваротная зьява: многія помнікі, што ўзьнікалі на Ўкраіне, мелі шырокае распаўсюджаньне й на беларускіх землях. [...] Дастаткова спаслацца тут на скарынінскія друкаваныя выданьні, якія перапісваліся на Ўкраіне з прадмовамі й пасьляслоўямі Скарыны. Яркім узорам у гэтых адносінах зьяўляецца Васіль Жугалёў зь Яраслаўля-Галіцкага, які ў 1568 г. перапісаў шэсьць перакладных кнігаў Скарыны. Альбо такі факт. Літоўскія статуты (1529, 1566, 1588 гг.) узьнікалі на беларускай тэрыторыі, куды ўваходзілі й віленскія землі, а пазьней перапісваліся й на Ўкраіне. [...]” (Беларуска-ўкраінскія моўныя сувязі, у: „Навіны зь Беларусі”, № 18 (137), Нью-Ёрк, 30 верасьня 1969,  с. 4-5)
 
Дасьледаваньне Ўладзімера Анічэнкі Беларуска-ўкраінскія пісьмова-моўныя сувязі зьяўляецца значным укладам у славянскую лінгвістыку” – адзначаецца на старонках нью-ёрскага часопіса „Навіны зь Беларусі”.

Ніна Баршчэўская