Сёньня, шаноўныя слухачы, мы распавядзем вам пра адпачынак на Балтыйскім моры зімою.
На першы погляд, ідэя адпачынку на моры зімою гучыць дзіўна? Але з кожным годам расьце колькасьць людзей, якія пераконваюцца ў тым, што варта наведаць Балтыйскае ўзьбярэжжа зімою. Гэта даволі захапляльна й вельмі адрозьніваецца ад летняга адпачынку.
Чым можна займацца зімою на моры? Калі зіма цяплейшая й пясок на пляжы крыху падмярзае, ствараецца ідэальная паверхня для язды на ровары ўздоўж пляжу. У некаторых месцах, у невялікіх бухтах вада замярзае й ствараецца натуральная коўзанка, дзе можна катацца на каньках. Можна аглядаць мясцовыя краявіды, якія зімою вельмі разнастайныя: можна ўбачыць пэйзажы, якія нагадваюць далёкую Арктыку, ці яшчэ далейшы Месяц. Ну, і самае галоўнае - зімою на моры спакойна й ціха. Гэта выдатны час, каб падняць сабе настрой за выходныя, адпачыць ад гарадзкога жыцьця, супакоіцца й паразважаць. Шпацыруючы па ціхіх белых пляжах, дыхаючы паветрам, насычаным ёдам, чалавек аднаўляе здароўе, набіраецца сілы й адпачывае ад стрэсаў паўсядзённага жыцьця.
У Польшчы, калі вы зьбіраецеся на Балтыку зімою, мы асабліва рэкамэндуем вам наведаць Рэвальскае ўзьбярэжжа. Гэта адно з найпрыгажэйшых і ўлюбёных месцаў турыстаў летам у Польшчы. Яно знаходзіцца ў паўночнай частцы Заходнепаморскага ваяводзтва. Людзей сюды прывабліваюць пясчаныя пляжы (ажно 18 кілямэтраў) і высокія берагі. Усё гэта стварае ідэальныя ўмовы, каб праводзіць час на пляжы. Адсутнасьць прамысловасьці, чыстае марское паветра, насычанае ёдам, хвойныя лясы, крыштальна чыстая вада (самая чыстая на ўсім Балтыйскім узьбярэжжы Польшчы, мяккі клімат — вось чым вылучаецца гэты рэгіён. Турысты знойдуць тут цікавыя помнікі гісторыі, прыгожыя краявіды й падрыхтаваныя турыстычныя маршруты.
З адным з такіх маршрутаў мы вас пазнаёмім. Гэта шлях рэвэльскіх мястэчак: Пабярова, Рэваль, Тшэнсач, Няхожэ, Пагажэліцэ й Пусткова. Пабярова - самая заходняя мясцовасьць гэтага рэгіёну. Папулярны курорт і месца адпачынку. Горад праславіўся сваімі шырокімі пляжамі, чыстай вадою ды гаючымі лясамі, якія ствараюць унікальны мікраклімат у горадзе, які выдатна гоіць розныя хваробы дыхальных шляхоў. Рэваль — гэта сталіца дадзенай зямлі, курортны горад на моры. Тшэнсач славуты тым, што тут можна ўбачыць усю моц марскіх хваляў, якія падмываюць бераг. На стромай кручы стаяць руіны сярэднявечнага гатычнага касьцёла, архітэктурны помнік эўрапейскага маштабу. У Няхожэ знаходзіцца найпрыгажэйшы польскі марскі маяк: 45-мэтровы будынак на ўзгорку, бачны здалёк. Тут знаходзіцца цікавы музэй рыбалоўства. Пагажэліцэ — мясцовасьць у самым сэрцы сасновых бароў і недалёка ад мора, славутая сваім лячэбным кліматам. Менавіта таму тут знаходзяцца шматлікія санторыі ды лячэбныя цэнтры. Апошнія мясцовасьць — Пусткова — адно з найменшых мястэчак Рэвальскага ўзьбярэжжа. Гэта ідэальнае месца для тых, хто шукае цішыню й супакой, любіць шпацыры й прагулкі на ровары.
Падрыхтаў Юры Ліхтаровіч