Беларуска-ўкраінскаму памежжу характэрнае дыфтангічнае вымаўленьне гукаў о ды е ў націскным становішчы, тыпу: муост, вуоск, валыэ, мяхіе, дзяцюкіе. Гэтай тэмай заняўся на старонках ковенскага часопіса ,,Крывіч” А. Матач (Дыфтонгі уо, (юо=іуо), ыэ, (іе), у: ,,Крывіч”, № 8, Каўнас 1924, с. 104-105).
„Першы дыфтонг - уо - распашыраны ў мове па ўсёй Крывіі (Беларусі) і вымаўляецца ў імёнах і займях у сярэдзіне слоў пад націскам, толькі не заўсёды павінен быць там, дзе пішацца расійскае о (ё), бо, напрыклад, у словах карова, салома, малако, мора, сьлёзы і г.п. крыўскае о (ё) гучыць так сама, як і ў расійскай мове (літэратурнай). Правіла, якое-бы цьвёрда акрэсьлівала, калі трэба вымаўляць у словах уо (юо=іуо) і калі чыстае о (ё) няма: аб гэтым добра ведае толькі прыродны крывіч, або той з чужаземцаў, хто вучыўся-бы нашай мовы не па кніжцы, а па наслыху. Не памыляўся-бы ў гэтым выпадку і літвін, бо ў літоўскай мове дыфтонг уо вымаўляецца так сама, як і ў нас.
Другі дыфтонг -ыэ (іе) – вымаўляецца заўсёды пад націскам у канчатках імёнаў і займяў назоўнага і вінавальнага склонаў лічбы многай, напрыклад: „Паныэ і маскаліе прапілі свае дварыэ і апаражнілі капшукіе ад грошай”. Гэты дыфтонг распашыраны ў мове крыўскага жыхарства, пачынаючы ад Пружан і далей на поўнач і ўсход праз Гарадзеншчыну, і, датыкаючыся Навагорадка, Несьвіжа і Слуцка, пераходзяць вузкім паясом праз Чарнігаўшчыну, ва ўсходнюю Смаленшчыну і праяўляецца ў Вяліжскім і Вялікалюцкім паветах” (тамсама, с. 104).
А. Матач уважае, што калі дыфтонг уо перадаецца як о, дык мэтазгодна было б і дыфтонг іе (ыэ) перадаваць праз е, э, ды пісаць зьвярэ, ваўке, а не зьвяры, ваўкі. Дарэчы, у вымаўленьні займеньнікаў мае, твае, свае гэта ўжо зроблена, дык чаму ж не пашырыць правіла таксама на назоўнікі? Аўтар публікацыі ўважае, што яшчэ лепш было б на адлюстраваньне дыфтонгаў знайсьці асобныя літары. Дзякуючы гэтаму можна было б пазьбегнуць непаразуменьняў і цяжкасьцяў пры вывучэньні мовы (тамсама, с. 105).
Артыкулам А. Матача зацікавіўся Ян Станкевіч.
„Панэ, валэ, мужыке” бываюць ня толькі як дыфтонгі, але – і з адным гукам э, е, залежна ад мясцовасьці. Грам. А. Матач кажа толькі (ці прынамсі прыводзіць толькі прыклады) словаў мужчынскага роду ў назоўным і вінавальным склоне мн. ліку, але гэты-ж канчатак маюць і іменьні жаноцкага роду тых-жа склонаў мн. ліку (дачке, дзяўке) і іменьні жаноцкага роду ў родным склоне адзіночнага ліку (няма вадэ, казэ, сястрэ, дачке і г.д.)” (Аб ,,панэ” і г.п., у: ,,Крывіч”, № 9, Каўнас, 1925, с. 103).
У пытаньні тэрыторыі пашырэньня гэтай асаблівасьці, Я. Станкевіч спасылаецца на Я. Карскага, які прыклады дыфтонгаў прыводзіць з паветаў Менскага, Віцебскага й Магілёўскага. Аднак сумняецца ён, ці існуе патрэба ўводзіць гэтую асаблівасьць у літаратурную мову.
Пішучы пра тэрытарыяльнае пашырэньне дыфтонгаў, А. Матач таксама спасылаецца на Яўхіма Карскага.
„Што да тэрыторыяльнага распашырэньня дыфтонгаў уо (юо), ыэ (іе), то праф. Карскі у сваёй працы „Беларусы” (кн. І) адзначае іх у Горадзенскай губ. (бал. 123), у паветах Ігуменскім, Менскім, Слуцкім, Бабруйскім, Барысаўскім Менскай губ. (бал. 262, 267, 269, 295 і 336) і Чаўскім павеце Магілёўскай губ. М. Фэдэроўскі і А. Сержпутоўскі ў сваіх зборніках народных казак, апавяданьняў, легенд, мітаў, прыказак і г. п., якія напісаны са слоў апавядачоў – беларускіх сялян Ваўкавыскага, Слонімскага, Лідзкага, Сакольскага, Слуцкага і Мазырскага паветаў, – даволі добра перадаюць вымову гэтых дыфтонгаў у паказаных мяйсцовасьцях (М. Federowski, „Lud białoruski na Rusi litewskiej”, т. І і А.К. Сержпутовскій: „Сказки і разсказы Белоруссовъ-полешуковъ”, Спб. 1911 г.)” (А. Матач, Дыфтонгі уо, (юо=іуо), ыэ, (іе), у: ,,Крывіч”, № 9, Каўнас, 1925, с. 105).
У сёньняшніх беларускіх гаворках пашырэньне дыфтонгаў нязначнае. Дыфтонг іе занатаваны ў гаворках невялікай групы населеных пунктаў Брэсцкай і Гомельскай абласьцей. Пры гэтым у Брэсцкай вобласьці часам назіраецца суіснаваньне ў адной гаворцы фанем іе ды і (сіено, мніе; человік, на столі), а ў Гомельскай – іе ды е (хліеп, ліес; сьвет, сьмелы). У некаторых паўднёва-заходніх гаворках разам з е адкрытым вымаўляецца е закрытае. Характэрнае яно гаворкам паўночнай часткі Брэсцкай вобласьці, паўднёвых раёнаў Менскай і Гарадзенскай абласьцей, а таксама некаторых раёнаў Гомельскай вобласьці (Э. Блінава, Е. Мяцельская, Беларуская дыялекталогія, Мінск, 1969, с. 29-30).
Тэрыторыя пашырэньня дыфтонга уо ў асноўным супадае з тэрыторыяй пашырэньня дыфтонга іе. Гаворкі з дыфтонгам уо расьсеяны невялікімі астраўкамі паміж гаворак, у якіх этымалягічнае о рэалізуецца як о закрытае. У залежнасьці ад тэмпу маўленьня дыфтонг уо і о закрытае могуць суіснаваць у аднолькавых фанэтычных умовах, ужывацца ў тых самых словах аднае гаворкі. Паказальнымі зьяўляюцца гаворкі Лунінецкага раёну, дзе о можа рэалізавацца як о закрытае (стол), уо (вуол, нуоч), у (вуз, вул) і нават дыфтонг іе (кіень, віел). Фанэма о закрытае выступае ў гаворках Беларусі, што на поўначы абмежаваныя лініяй Ліда – Карэлічы – Нясьвіж – Узда – Мар’іна Горка – Бабруйск – Рэчыца – Гомель; на поўдні – лініяй Шарашова – Пружаны – рака Ясельда – Столін – мяжа з УССР (тамсама, с. 30-32).
Ніна Баршчэўская