• Запрашаем у Польшчу
  • 18.12.2010

Сёньня запрашаем вас, шаноўныя слухачы, наведаць з намі невялічкае польскае мястэчка Струмень у Цешынскай Сілезіі. Гэта гарадок, дзе жыве 3,5 тысячы жыхароў, але толькі за мінулы год яго наведала больш за 100 тысяч турыстаў.

Прычына такой увагі да гэтага горада – незвычайная, велізарная калядная батлейка, найбольшая  ва ўсім Сілескім ваяводзтве. Большай вы ня знойдзеце.

У цэнтры горада, побач з рынкам, стаіць касьцёл св. Барбары з XVІІІ стагодзьдзя. Батлейка ўстаноўлена побач з касьцёлам. Мясцовыя жыхары назвалі яе Струменьскім Віфліемам. Менавіта гэтую назву можна пабачыць пад велізарным анёлам, які асьвятляецца 14 тысячамі дыёдаў.

Сама батлейка складаецца зь некалькіх будынкаў. Па-першае, гэта стайня зь ясьлямі ды велізарнымі фігурамі Сьвятой сям’і. Побач іншы будынак – стайня для сапраўдных жывых жывёлаў. Гэта альпакі й ламы з Паўночнай Амэрыкі, асёл, бараны й галубы. У суседнім будынку жыве вярблюд, страўсы, дзікі й лані. Крыху далей - загон для птушак. Усяго ў гэтай батлейцы жыве больш за дзьвесьце жывёлаў. Апошнім будынкам батлейкі зьяўляецца сцэна, дзе адбываюцца калядныя канцэрты.

Зьяўленьне батлейкі ў Струмені – гэта вынік сумеснай працы ўсіх жыхароў мястэчка, якія ўдзельнічалі ў будаўніцтве й даглядаюць цяпер жывёл. Турыстаў сустракаюць і абслугоўваюць каля 200 чалавек: гідаў ды апекуноў, якія будуць частаваць наведвальнікаў адмысловымі пернікамі ў форме батлейкі.

Будучы ў Струмені варта зірнуць ня толькі на батлейку, але й пашпацыраваць па горадзе. Гэта мястэчка з доўгай ды багатай гісторыяй. Яно было заснавана ў XІІІ стагодзьдзі, калі тагачасны ўладар гэтых земляў пачаў разводзіць рыбу й ствараць сажалкі. З таго часу яны сталі элемэнтам мясцовых краявідаў. На рынку можна паглядзець ратушу зь вежай з 1658 году -  гэта найстарэйшы захаваны муніцыпальны будынак ва ўсім ваяводзтве. У сутарэньнях захаваліся прыгожыя калыскавыя зводы й сёньня тут месьціцца галерэя мастацтва. Вакол рынку знаходзяцца прыгожыя жылыя камяніцы, пабудаваныя ў стылі барока.

Каштоўныя помнікі гісторыі варта пашукаць у навакольных лясах. Гэты рэгіён доўгі час быў памежнай зонай паміж Прускім ды Аўстрыйскім Каралеўствамі. Так, у лесе захаваліся памежныя слупы з 1742 году.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч