27 сьнежня Нацыянальны акадэмічны тэатар імя Янкі Купалы запрашае на спэкталь “Офіс”. Пяцёра службоўцаў у прыёмнай свайго шэфа. Яны набраліся мужнасьці і ўжо гатовыя накіравацца проста ў логава драпежнага зьвера – пакой іх начальніка. Жадаючы пакінуць пасьля сябе добрае ўражаньне, яны доўга прадумвалі кожнае сваё слова, якое можа прагучаць там, за дзвярыма. У выніку доўгіх начных рэпэтыцый перад люстэркам яны навучыліся па-мастацку хістаць галавой у нэрвовым запале й ігнараваць прысутнасьць сваіх калегаў. Зьяўленьне перад босам было прадумана да самых дробязяў: ад паставы да інтанацыі – усё расьпісана як па нотах. Галоўнае – нічога не пераблытаць. І калі супрацоўнікі адзін за адным пакідаюць офіс, нарэшце становіцца зразумела, што ўсё прайшло ідэальна. Альбо ня ўсё… Альбо не ідэальна… Адкуль тады нож у спіне? І галава пад пахай? Чым скончылася гісторыя, можна даведацца 27 сьнежня. Пастаноўка адбудзецца на сцэне Нацыянальнага драматычнага тэатру імя Максіма Горкага.
У амбасадзе Вялікабрытаніі ў Менску выдавецтва "Галіяфы" прадставіла раман ангельскага пісьменьніка Чарльза Дыкенса "Олівэр Твіст" у перакладзе на беларускую мову Яўгена Бяласіна.
Бяласін распавёў, што ў 1993 годзе выдавецтва "Мастацкая літаратура" даручыла яму заняцца перакладам рамана "Олівэр Твіст". Прапанова была зроблена ў сувязі са стратэгічнай мэтай падрыхтоўкі корпуса тэкстаў для выкладаньня літаратуры ў школе.
Над перакладам Бяласін працаваў два з паловаю гады, прысьвячаючы яму па некалькі гадзін працы тры-чатыры дні на тыдзень. Аднак калі пераклад быў завершаны, у выдавецтве Бяласіну паведамілі, што адказныя рэдактары звольненыя, і ў новыя выдавецкія пляны кніга не патрапіла. Такім чынам, беларускі "Олівэр Твіст" атрымаўся "незаконнанароджаным", сказаў перакладчык.
У 2001 годзе яго пазбавілі пасады выкладчыка ў Берасьцейскім дзяржаўным пэдагагічным унівэрсытэце. Гэта было зьвязана з тым, што "культура й палітыка мяшаюцца ў адно, і калі працуеш у культуры, аказваецца, што ты ў палітыцы", адзначыў перакладчык.
Толькі ў 2004 годзе Бяласіну, паводле яго слоў, удалося "зьвесьці ў адно чатыры ключавыя моманты й фактары", а менавіта: знайсьці час, каб перавесьці 800 друкаваных старонак у электронную форму й перакласьці тэкст з "тарашкевіцкага" на нарматыўны варыянт беларускага правапісу, знайсьці грошы, знайсьці выдаўца й знайсьці ілюстратара для кнігі - ім выступіў Анатоль Тадорскі.
У наступным годзе выдавецтва "Галіяфы" мае намер апублікаваць пераклад на беларускую мову кнігі Люіса Кэрала "Аліса ў краіне цудаў".
Іранскі суд прысудзіў вядомага кінарэжысэра Джафара Панахі да шасьці гадоў турмы, а таксама забараніў яму здымаць фільмы й выязджаць за мяжу на працягу 20 гадоў.
Пераможца прэстыжных міжнародных кінафэстаў у Канах, Вэнэцыі й Бэрліне Джафар Панахі зьяўляецца актыўным прыхільнікам іранскай апазыцыі, якая аспрэчвае вынікі леташніх прэзыдэнцкіх выбараў. Кінарэжысэр вядомы сваёй крытыкай у адрас дзеючага прэзыдэнта Ірана Махмуда Ахмадзінэжада, ён вінаваціў яго ў «прыніжэньні іранскага народа й навязваньні іранскай нацыі сваёй улады».
У пачатку сакавіка Панахі быў арыштаваны, у траўні яго выпусьцілі пад заклад. У абарону калегі тады выступілі вядомыя галівудзкія акторы й рэжысэры, у ліку якіх былі Марцін Скарсэзэ, Стывэн Сьпілбэрг і Робэрт дэ Ніра. А зусім нядаўна, у пачатку сьнежня, дырэктар Бэрлінскага кінафэстывалю Дытэр Косьлік прапанаваў апальнага іранскаму рэжысэру месца ў журы Бэрлінале.
«Панахі прысуджаны да шасьці гадоў турмы за дзейнасьць і прапаганду, накіраваную супраць сыстэмы. Яму таксама забаранілі здымаць кіно, пісаць сцэнары, выязджаць за мяжу й мець зносіны зь мясцовымі й замежнымі СМІ на працягу 20 гадоў ", - сказала адвакат кінарэжысэра Фарыд Гейрат.
Фантастычны трылер брытанскага рэжысэра Крыстафэра Нолана «Пачатак» зь Леанарда ды Капрыё ў галоўнай ролі, «Сацыяльная сетка» пра гісторыю стварэньня «Фэйсбука» й яго заснавальніка Марка Цукербэрга, анімацыйная стужка «Гісторыя цацак-3» увайшлі ў дзясятку лепшых фільмаў 2010 году. Сьпіс склаў і апублікаваў у нядзелю ўплывовы Амэрыканскі інстытут кіно.
Інстытут кіно адзначыў таксама работу рэжысэра Дарэна Араноўскі «Чорны лебедзь» з Наталі Портман і Вайнона Райдэр, біяграфічную драму аб лёсе ірляндзкага баксэра «Баец» рэжысэра Дэвіда О. Расэла з Маркам Уолбэрг і Крысьціянам Бэйл у галоўных ролях. У «дзясятку» трапілі стужкі «Дзеткі ў парадку», новая праца Бэна Афлека «Горад злодзеяў».
Дзьмітры Гурневіч