• Калядныя стравы ў розных краінах
  • 24.12.2010

А цяпер, сябры, прапаную накіравацца ў радыёпадарожжа па розных краінах і зазірнуць на сьвяточныя сталы. Такім чынам, распавядзем вам пра традыцыйныя калядныя стравы ў розных кутках нашай плянэты.

А пачнем з Эўропы, з краіны, якая вядомая тым, што там пражываюць вялікія гурманы. Гэта Францыя. Напрыклад, у Альзасе на кожным калядным стале павінна быць печаная гусь, у Бургундыі – індык, а вось у Парыжы – спэцыяльна падрыхтаваныя вустрыцы. Французы любяць таксама зьесьці на Каляды паштэт з гусінай альбо качынай пячонкі ды вэнджаны ласось. У адрозьненьне ад палякаў, падчас калянднай вячэры, 24-га сьнежня, французы не прытрымліваюцца посту.

У суседняй Бэльгіі на стол ставяцца вустрыцы, амары ды іншыя морапрадукты, а таксама запяканы індык, дзічына пад сьлівовым соўсам, а на дэсэрт – пірог з крэмам мока. Прычым бэльгійцы ня любяць прэснаводных рыб, акрамя фарэлі.

А вось у Фінляндыі традыцыйным калядным напоем зьяўляецца грог – напітак на базе чырвонага віна зь зёлкамі, разынкамі ды міндальным арэхам.

У іншай паўночнаэўрапейскай краіне, у Даніі, на каляндым стале абавязкова павінна быць печаная качка, а ў якасьці гарніра – рыс з сухафруктамі й прыправамі. Гаспадыня падчас накладваньня рысу ў адну зь місак тайком кладзе цэлы міндальны арэх, і каму дастанецца гэты арэх, атрымлівае дадатковы калядны падарунак.

А вось у суседняй Швэцыі абавязковай стравай на калядным стале павінна быць печанае парася, а на дэсэрт – рыс з сухафруктамі й міндальным арэхам.

Застаемся на поўначы Эўропы... У Нарвэгіі галоўная страва на Раство – гэта салёныя ягнячыя робрышкі, а таксама мноства ласункаў, садавіны ды фруктаў і арэхаў.

А вось на поўдні нашага кантынэнту, у Грэцыі, Каляды выглядаюць крыху інакш. Нагадаю, што Грэцыя, хоць і зьяўляецца праваслаўнай краінай, аднак Каляды тут адзначаюцца паводле Грыгарыянскага календара – гэта значыць 25 і 26 сьнежня. Перш за ўсё на калядным стале павінна быць хрыстапсома – вялікі круглы хлеб з арэхамі з адціснутай пячаткай з рэлігійным сымбалем. Грэкі таксама любяць зьесьці на Раство печанае парася, запечанае ягня альбо індык, фаршыраваны ядомымі каштанамі ды рысам.

А вось у Нямеччыне галоўныя стравы – гэта баварскія каўбаскі ды бульбяны салат.

У сваю чаргу аўстрыйцы на сьвяты ядуць смажаны карп ды печаную качку.

А ў Вялікабрытаніі традыцыйная калядная страва – гэта запяканы ў духоўцы індык пад брусьнічным соўсам.

А цяпер зазірнём на калядныя сталы за акіянам. Так, у гарачай Аўстраліі на стол ставяцца прыгатаваныя розным спосабам морапрадукты, вяндліна, розныя салаты ды печаны індык.

У Мэксіцы падчас каляднай вячэры сям’я дзеліцца салодкім хлябцом, які называецца роска.

А вось у Канадзе папулярны печаны індык альбо ялавічына, на дэсжрт – пудынг альбо шакаладны торт.

Такім чынам, сябры, у якой краіне б мы не былі й што б ня елі, з упэўненасьцю можна сказаць, што калядная вячэра ды ўвогуле Каляды – гэта сямейнае й радаснае сьвята. І таму хачу вам пажадаць сямейнага дабрабыту, здароўя, шчасьця, радасьці ды прыемнага апэтыту.

В.С.