Будаўнічая хімія – новы накірунак вучобы ў ВНУ

Неўзабаве ў Польшчы змогуць вучыцца будучыя спэцыялісты па будаўнічай хіміі.

Паразуменьне аб стварэньні гэткага ўнікальнага факультэту падпісалі тры ВНУ: Палітэхнічныя інстытуты з Лодзі й Гданьска, а таксама Горна-мэталюргічная акадэмія.

Прэс-сакратар лодзінскай вучэльні Эва Хайнацка ацэньвае, што гэткае рашэньне дазволіць пачаць комплексную падрыхтоўку спэцыялістаў па новай галіне.

Эва Хайнацка: Кожная ВНУ ўносіць у праект тое, у чым яна спэцыялізуецца. Гаворка ідзе пра Хімічныя факультэты Палітэхнічных інстытутаў у Лодзі й Гданьску, а таксама Факультэт інжынерыі матэрыялаў і керамікі Горна-мэталюргічнай акадэміі.

Як заяўляе прадстаўніца Палітэхнічнага інстытуту ў Лодзі, кожная вучэльня прыме па 30 студэнтаў, якія цягам усёй вучобы правядуць на кожнай з партнэрскіх вучэльняў па адным сэмэстры.

Эва Хайнацка: Падчас трох першых сэмэстраў студэнты будуць вучыцца ў сваіх ВНУ, значыць там, дзе іх прынялі. Усе яны будуць рэалізаваць тую ж самую адукацыйную праграму. Чацьвёрты сэмэстар будзе часам спэцыялізацыі вучобы. У сваю чаргу тры апошнія сэмэтры будуць мець выязны характар. Напрыклад, студэнт Палітэхнічнага інстытуту з Лодзі выедзе на вучобы ў Кракаў і ў Гданьск, а на завяршальны сэмэстар вернецца ў Лодзь. 

Адкрыцьцё новага накірунку вучобы - гэта адказ на запатрабаваньне польскіх вытворцаў будаўнічай прамысловасьці.

У дадзены момант праект стварэньня факультэту будаўнічай хіміі знаходзіцца на этапе зацьвярджэньня ў Міністэрстве навукі й вышэйшай адукацыі. Тры ВНУ, якіх ён датычыць, хацелі б стартаваць з новым факультэтам у будучым навучальным годзе.

Гішпанія лідыруе ў Эўропе па колькасьці плястычных апэрацыяў

У Гішпаніі таньнеюць плястычныя апэрацыі. Цягам мінаючага году іхная цана панізілася амаль на адну трэцюю (на 27%).

Такім чынам сьведчаць дадзеныя Асацыяцыі плястычнай хірургіі. Прычына згаданай сытуацыі - эканамічны крызыс, які закрануў таксама згаданую галіну.

Тым ня менш, у кабінэтах хірургаў надалей шмат пацыентаў, рашучую большасьць якіх складаюць жанчыны.

Напрыкалад, за апэрацыю носа трэба заплаціць 2-5 тысячаў эўра, ліпасакцыю – 2 тысячы эўра. Усё больш клінікаў згаджаецца таксама на тое, каб пацыенты плацілі за апэрацыі ў траншах.

Паводле аўтараў рапарту, касмэтычныя ці плястычныя апэрацыі вырашаюць зрабіць жанчыны ва ўзросьце 30-40 гадоў. Мужчыны звычайна карыстаюцца паслугамі плястычнай хірургіі, каб ліквідаваць лысіну.

Нягледзячы на тое, што ахвотных палепшыць свой зьнешні выгляд крыху менш, Гішпанія надалей знаходзіцца ў групе эўрапейскіх лідараў, калі гаворка ідзе пра агульную колькасьць плястычных апэрацыяў.

Толькі ў мінулым годзе ў тамашніх клініках адбылося 105 тысячаў такіх апэрацыяў. 

Камісія ААН шукае крыніц узьнікненьня халеры на Гаіці

ААН стараецца вызначыць крыніцы ўзьнікненьня эпідэміі халеры на Гаіці. Гэтым займаецца адмысловая камісія экспэртаў.

Тым часам генэральны сакратар арганізацыі Бан Кі Мун заклікаў сусьветную грамадзкую думку павялічыць дапамогу для пацярпелай, спачатку ад землятрусу, а цяпер ад згаданай хваробы, краіны.

Нагадаем, камісія ААН была склікана пасьля таго, як мясцовыя жыхары абвінавацілі жаўнераў міратворчых сілаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў у прывязеньні халеры на выспу. Зразумела, ААН са згаданымі абвінавачваньнямі не згаджаецца.

Усё ж Бан Кі Мун сьцьвярджае, што рапартаў на тэму крыніцы ўзьнікненьня хваробы некалькі, а вынікі дасьлeдаваньняў неадназначныя.

„Нашая праграма дапамогі атрымала пакуль толькі 21% абяцаных сродкаў. Гаіці патрабуе лекараў, мэдсёстраў, мэдычнай тэхнікі – усяго неадкладна”, - сказаў генэральны сакратар ААН.

Ад кастрычніка ў выніку халеры на Гаіці памерлі 2 тысячы чалавек, колькасьць хворых складае каля 100 тысячаў. Паводле экспэртаў, цягам бліжэйшых 6 месяцаў можна спадзявацца павелічэньня колькасьці хворых на чарговыя 650 тысячаў.

Халера - гэта захворваньне бактэрыйнага паходжаньня. Характэрныя сымптомы - ванітаваньне й кішэчныя расстройствы. Яе не складана вылячыць, але лячэньне трэба пачаць неадкладна.

А.З.

Здымкі: wikipedia.pl