• Запрашаем у Польшчу на Каляды ў Бэскіды
  • 25.12.2010

Кожны рэгіён мае свае калядныя традыцыі й звычаі. Цудоўная сьвяточная атмасфэра пануе ў калядны час у польскіх горных рэгіёнах. Людзі, якія спакон вякоў жывуць у гарах - górale, маюць свае сьвяточныя фальклёрныя абрады. Удзел у такім абрадзе пакідае ўспаміны на ўсё жыцьцё.  У маляўнічых драўляных касьцёлах сьвяточная атмасфэра адчуваецца вельмі моцна. Запрашаю на сьвяткаваньне Раства ў Бэскіды.

Сьвяткаваньне пачынаецца ад удзелу ў Пастэрцы - сьвяточнай імшы, якая служыцца апоўначы. Каляды сьпяваюцца не пры акампанемэнце арганаў, а рэгіянальных фальклёрных інструмэнтаў. А трэба падкрэсьліць, што амаль усе горцы граюць на скрыпцы ці фальклёрных духавых інструмэнтах, і кожны на Пастэрку прыносіць свае інструмэнты - гэта традыцыйны элемэнт бэскідзкага набажэнства. Цяжка апісаць уражаньне, калі адначасова зайграюць больш за 100 скрыпак, гэта проста трэба перажыць асабіста.

У гэты дзень варта патрапіць на сьвяточнае набажэнства ў санктуарый Маці Божай Валадаркі Польшчы на горцы ў Шчырку. Санктуарый знаходзяцца на вышыні 650 мэтраў і зьяўляецца адным з самых прыгожых касьцёлаў у Бэскідах. Дарэчы, уся сакральная архітэктура ў гарах пабудаваная з дрэва мясцовымі майстрамі, а ў польскіх гарах жывуць самыя таленавітыя дойліды. Сам жа санктуарый пабудавалі ў месцы, дзе ў XІX стагодзьдзі Божая Маці аб'явілася 12-гадовай дзяўчынцы.

Пасьля сьвяточнага набажэнства вакол касьцёла  распальваюцца вогнішчы, і людзі аж да сьвітаньня сьпяваюць калядныя песьні нованароджанаму Божаму Сыну. У неба ляцяць іскры, пад нагамі скрыпіць сьнег, а калі з-за гарызонту паяўляюцца першыя сонечныя промні, асьвячаюць сваім сьвятлом горныя пікі, самы высокі - Шындзельня (1028 мэтраў).

У другі дзень Калядных сьвятаў у засьнежаных бэскідзкаіх мясцовасьцях паяўляюцца дзяды, інакш кажучы - каляднікі, а ў народзе называныя юкоцамі. Пераапранутыя ў анёлка, чорта, Ірада ці іншых пэрсанажаў - забаўляюць, а нават жартаўліва палохаюць дзяцей, дарослых віншуюць са сьвятамі й сьпяваюць калядкі.

Калі нехта на сьвяты патрапіць у Істэбную ці Яважыну, вас прывітаюць дзеці з палажнічкай - хвойнай галінкай, аздобленай кветачкамі з каляровай паперы. Дзеці скадаюць сьвяточныя віншваньні і ўцякаюць, пакідаючы галінку для дабрабыту ў надыходзячым годзе.

Істэбна, Яважынка й Каньякаў - гэта своеасаблівы трохкутнік, які ляжыць у цудоўным горным ландшафце, навокал казачная прыгажосьць і крыштальна чыстае паветра. Акрамя таго, тут жывуць і працуюць майстры рукадзельля: ганцары, мастакі, майстры разьбы па дрэве ці вышывальшчыцы. Іх вырабы знаходзяцца ў галерэях народнага мастацтва ня толькі Польшчы, але й амаль па ўсім сьвеце.

У самым сэрцы Бэскіду Сылескага ляжыць Вісла. Аднак гэта ня самая вялікая польская рака - толькі мясцовасьць пад назвай Вісла. У гэтым месцы вельмі добры мікраклімат, які спрычыніўся да таго, што Вісла стала курортнай мясцовасьцю. У 1929-31 гадох у Вісьле пабудаваны Замак прэзыдэнта Рэчы Паспалітай, у якім па сёньняшні дзень адпачывае галава дзяржавы. Аднак, калі прэзыдэнта няма ў Вісьле, то замак не пустуе, ён адчынены для турыстаў. А калі нехта мае поўны кашалёк, то можа нават пераначаваць у прэзыдэнцкім апартамэнце, а пасьля хваліцца знаёмым, якія прыгожыя краявіды бачыў з прэзыдэнцкага акна.

КР