Апошнімі днямі, у сьвяточны пярэдадзень Божага Нараджэньня, цывілізаваны сьвет скаланулі весткі з краіны ў цэнтры Эўропы. Беларускі народ зьведаў здраду, зьдзек і зьнявагу з волі чалавека, які называе сябе ягоным выбраным прэзыдэнтам. Сфальшаваныя выбары, жорстка зьбітыя або пакалечаныя мірныя маніфэстанты, у турмы кінутыя сотні людзей, у тым ліку сямёра/большасьць кандыдатаў у прэзыдэнты і чальцы іх выбарчых камандаў.
Ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі выказваю глыбокае спачуваньне ўсім ахвярам нянавісьці, якая разьюшылася на вуліцах Менску ў нядзелю 19 сьнежня 2010 году. Хачу запэўніць вас, што мы з вамі. Мы не дазволім сьвету забыцца пра вас і вашы пакуты да таго часу, пакуль ня будзе вызвалены апошні палітвязень!
Заклікаю кожнага беларуса ніколі не забываць пра жудасныя падзеі 19-га і 20-га сьнежня – той атручаны Калядны падарунак, які падрыхтавалі асобы, што прэтэндуюць на права кіраваць вамі.
Яднайцеся, дарагія суродзічы! Ня бойцеся бараніць вашых братоў і сёстраў у бядзе! Не спыняйце змаганьне за свае правы й годнасьць! Выказваю глыбокую ўдзячнасьць усім, хто стаяў на Плошчы, хто бароніць свой народ, дамагаецца справядлівасьці і лепшай долі для ўсіх.
Салідарнымі, зьяднанымі, з Божай дапамогай, мы зробім нашу краіну шчасьлівай і заможнай.
БУДУЧЫНЯ ЗА НАМІ!
Жыве Беларусь! І будзе жыць!
Івонка Сурвілла / НБ