У Ратэрдаме пачынаюцца 33-я Эўрапейскія сустрэчы маладых. У сустрэчах, якія праходзяць кожны год па ініцыятыве экумэнічнай супольнасьці з Тэзэ, удзельнічае каля 30 тыс. маладых людзей хрысьціянскага веравызнаньня з усяго кантынэнту, у тым ліку амаль 6 тыс. палякаў.
Падчас Эўрапейскай сустрэчы маладых хрысьціяне з усяе Эўропы моляцца за адзінства касьцёла, за мір на Зямлі й зразуменьне паміж народамі. Гэты новы этам “пілігрымкі праз давер”, якую прапануюць сьвятары з францускай супольнасьці ў Тэзэ, зьяўляецца працягам таго шляху, які распачаў брат Ражэ, каб падтрымліваць маладых людзей, якія шукаюць прымірэньня й спакою, ня толькі сярод хрысьціян, але таксама паміж народамі.
Што прыцягвае тысячы маладых людзей у гэтыя дні ў галяндзкі горад? Ксёндз Анджэй Пэрсідак, які прыехаў на мерапрыемства ўжо чарговы раз, каб сустрэцца з моладзьдзю, падкрэсьлівае, што найбольш яму падабаецца маліцца разам зь іншымі людзьмі.
А. Пэрсідак: У мінулым годзе я быў у Познані, а калісьці быў у самім Тэзэ, у вёсцы. На гэтых сустрэчах для мяне самае важнае – малітва. Такая малітва адбываецца ў вялікім памяшканьні, моліцца разам шмат людзей. Гэтая простая малітва, але для мяне яна цудоўная, нейкі ідэал.
Многія маладыя людзі стараюцца рэгулярна знайсьці некалькі дзён напрыканцы году, каб удзельнічаць у малітоўнай сустрэчы моладзі. Дамінік з Польшчы прыехаў у чарговы раз на сустрэчу, якую ладзяць браты з Тэзэ.
Дамінік: Мне вельмі падабалася год таму. Тады я прыехаў на сустрэчу першы раз, яшчэ ня ведаў, як гэта ўсё выглядае. У мінулым годзе сустрэча была ў Познані, гэта мяне заахвоціла прыехаць – ня часта здараецца такая нагода, каб ня ехаць за мяжу, у іншую краіну. Мяне захапіла атмасфэра малітоўнай сустрэчы, увогуле адносіны людзей адзін да аднаго, вельмі цёплая атмасфэра. Таму ў гэтым годзе я вырашыў зноў паехаць на сустрэчу.
Магдалена Жураўска, якая таксама ўдзельнічае ў Эўрапейскай сустрэчы маладых, падкрэсьлівае, што для яе вельмі важная сустрэча зь іншымі людзьмі, іншай культурай, з маладымі хрысьціянамі з розных краін Эўропы ды сьвету.
М. Жураўска: Для мяне гэта была перш за ўсё сустрэча з Богам, паглыбленьне маіх кантактаў зь ім. Але сустрэча зь іншымі людзьмі – гэта наступнае вымярэньне, якое паяўляецца падчас гэтага мерапрыемства. Калі едзем у іншую краіну, сустракаемся зь іншай культурай, якая часта прадстаўляе зусім іншы пункт гледжаньня на адну й тую ж справу. Гэтыя сустрэчы, час, там праведзены, а таксама кантакты зь сям’ёй, якая мяне прыняла, было цудоўным досьведам. У мяне адкрыліся вочы, я інакш зірнула на сьвет, убачыла зусім іншую культуру й зусім іншае бачаньне сьвету.
Да ўсіх удзельнікаў малітоўнай сустрэчы зьвярнуўся Папа Рымскі Айцец Бэнэдыкт 16. Ён заахвоціў усіх да ахвярнай любові й адкрыцьця сапраўднага значэньня салідарнасьці з тымі, хто пакутуе. У сваім пасланьні Папа просіць аб моцы й супакоі Духа Сьвятога для ўсіх удзельнікаў сустрэчы, а таксама для пастыраў, парафій і сем’яў, якія будуць прымаць гасьцей.
Напрацягу гэтых дзён вы адкрыеце, што радасьць ад сустрэчы з Богам не аддаляе вас ад салідарнасьці з чалавечым цярпеньнем, яна глыбока зьвязаная з даверам Богу. Прымаючы гэты давер, дазваляйце, каб зьдзяйсьнялася прынесенае Хрыстом поўнае аднаўленьне чалавечай істоты. Кіруйцеся адвагай, каб ісьці супраць плыні, калі гэта неабходна, - напісаў да моладзі Папа Рымскі.
Год таму Эўрапейскія сустрэчы маладых прайшлі ў Польшчы, а праз год малітоўная сустрэча адбудзецца ў сталіцы Нямеччыны – Бэрліне.
Н. Г., выкарыстаны матэрыялы Інфармацыйнага радыёагенцтва ПР