Экалягічная рубрыка. Гэта будзе апошняя перадача, прысьвечаная тэме атамных электрастанцыяў. Госьцем сёньняшняй перадачы зьяўляецца Войцех Класоўскі, чалец польскай партыі Зялёныя 2004. Спадар Войцех зьяўляецца праціўнікам будовы АЭС у Польшчы. Ён быў адным з актыўных удзельнікаў пратэстаў супраць будовы атамнай станцыі ў польскай мясцовасьці Жарновец.
Будова АЭС Жарновец пачалася ў 1982 годзе, а завершылася ў 1990. У плянах яна павінна была быць першым крокам у рэалізацыі польскай праграмы ядзернай энэргетыкі, які таксама ахопліваў будову АЭС у мясцовасьці Клемпіч. У плянах АЭС Жарновец складвалася з 4 энэргаблёкаў агульнай моцаю 1600 МВт.
Зьмена эканамічных умоваў у Польшчы пасьля 1989 году, а таксама шматлікія пратэсты эколягаў і нэгатыўнае стаўленьне часткі грамадзтва, якое асабліва ўзмоцнілася пасьля чарнобыльскай катастрофы, прычыніліся да таго, што будова была спыненая.
Гісторыі гэтай недабудаванай АЭС, а таксама пратэстам, якія на гэта паўплывалі, будзе прысьвечаная размова з нашым госьцем.
Войцех Класоўскі распавядае, што гэта былі часы, калі да грамадзтва інфармацыя амаль не трапляла, а найменш пра АЭС ведалі мясцовыя жыхары. Лякальнае насельніцтва аднак панічна баялася атамнай электрастанцыі, бо памятала катастрофу ў Чарнобылі. Гэтая боязь мясцовых вынікала ў большай ступені з адсутнасьці інфармацыі, чым зь нейкіх дакладных аналізаў. У сваю чаргу, як адзначае спадар Войцех, група пратэстуючых складвалася са спэцыялістаў.
В. Класоўскі: Хопіць узгадаць, што сярод пратэстуючых былі экспэрты Дзяржаўнага атамнага інстытуту. Не было так, што з аднаго боку былі дзяржаўныя структуры, а зь іншага боку – экалягічныя арганізацыі. Экспэрты былі па абодвух баках. І гэта ня быў пратэст, які вынікаў з боязі. Ён вынікаў зь перакананьня, што атамная энэргетыка Польшчы непатрэбная. А дадаткова былі боязі, што пры тагачасных тэхнічных стандартах нельга было пабудаваць безаварыйную станцыю. Усе рацыянальныя аргумэнты былі па нашым баку, але не хапала дыскусіі. Гэта былі ня тыя часы, а таму адзіным выйсьцем было арганізаваньне вулічных пратэстаў. У выніку супраціў аказаўся пасьпяховым, бо ўрад усё ж адмовіўся будаваць АЭС у Жарноўцы.
Інтэнсыўнасьць пратэстаў прымусіла ўлады арганізаваць лякальны рэфэрэндум у гэтай справе. Ён прайшоў у 1990 годзе, меў кансультацыйны характар і не прынёс вялікага посьпеху. У галасаваньні прынялі ўдзел 44,3%, зь якіх 86% галасавалі супраць будовы, а 14% - за. З увагі на малую яўку, будова працягвалася далей, што выклікала чарговую хвалю пратэстаў, у якіх, у адрозьненьне ад 1988 году, удзельнічала найперш мясцовае насельніцтва.
У выніку рашэньне аб спыненьні будовы было падпісана ў верасьні 1990 году. Урад Тадэвуша Мазавецкага назваў наступныя прычыны:
- непатрэбнасьць АЭС для ўнутранага энэргетычнага балянсу,
- сумнеўная рэнтабельнасьць у параўнаньньі з традыцыйнымі электрастанцыямі,
- неадназначнасьць пытаньня бясьпекі.
На думку Войцеха Класоўскага, найважнейшае значэньне адыграў усё ж эканамічны аргумэнт.
В. Класоўскі: У СМІ часта паўтараецца вельмі спрошчаная схема. Гаворыцца, што пратэсты галоўным чынам тычыліся пытаньня бясьпекі. Гэта таксама праўда, але найперш мы пераконвалі, што ў тых часах і ўмовах атамная энэргетыка Польшчы была непатрэбная. Эканамічна гэта было бессэнсоўным і, на маю думку, гэты аргумэнт пераканаў урад. Цікава, што ўрад ніколі на гэты закід не адказаў. Калі б ён прызнаў, што эканамічна гэта сапраўды не аплочваецца, то павінен быў бы прызнаць нам рацыю. Адказы былі толькі па пытаньнях бясьпекі. Я лічу, што Тадэвуш Мазавецкі разумеў, што калі АЭС і пачалі б будаваць, то ўсё ж не змаглі б завершыць гэтую інвэстыцыю па эканамічных прычынах. Хутчэй за ўсё, будова спынілася б на палове й не была б ніколі завершанай.
Будова была спыненая, нягледзячы на тое, што інфраструктура для будучай АЭС ужо пачала ўзьнікаць. Войцех Класоўскі адзначае, што пры такіх будовах гэта нармальна.
В. Класоўскі: Досыць хутка зьяўляюцца фундамэнты й бэтонныя сьцены. Але да канца будовы АЭС было вельмі далёка, бо гэта вельмі складаныя тэхналёгіі. Пабудавалі толькі частку будынкаў і купілі ў Чэхіі адну капсулу для рэактара. Будова сапраўды пачалася, але яе спыненьне яшчэ раз паказала, што ад памылковых рашэньняў трэба адмаўляцца як мага раней. Няправільна было працягваць будову, бо частка грошай ужо была выдадзеная. Кошты спыненьня будовы й так былі значна меншыя, чым кошты далейшай будовы.
У 2010 годзе мясцовасьць Жарновец аднак прызнаная найлепшым месцам для будовы польскай АЭС. Паводле плянаў, яна павінна быць пабудаваная да 2020 году.
Алена Пытэль