Сёньня, шаноўныя слухачы, запрашаем вас наведаць Айцоўскі нацыянальны парк, які знаходзіцца блізка Кракава. Так што наведваньне гэтага цікавага кутка прыроды можна спалучыць зь візытам у Кракаў, гістарычную сталіцу Польшчы.
Айцоўскі нацыянальны парк знаходзіццца ў вельмі цікавым месцы. Гэта даліна Прондніка, якая была турыстычнай цікавінкай ужо ў XIX стагодзьдзі праз сваю багатую расьліннасьць, а таксама цікавыя скальныя формы й шматлікія пячоры. На пачатку 1950 гадоў гэтую тэрыторыю ўзяла пад ахову дзяржава. Сёньня для наведваньня турастаў адкрытыя замкі ў Айцове і Пясковай Скале, пячоры Лакетка й Цёмная, Музэй прыроды імя прафэсара Шафэра, Рэгіянальны музэй, сакральны комплекс адшэльнікаў сьв. Саамэі, і прыватную галерэю скульптуры.
Аматараў прыроды зацікавяць глубокія й стромыя яры ды цікавыя скальныя формы, якія сфармавала прырода за доўгія гады эвалюцыі. Найбольш цікавыя яры – гэта Даліна Прондніка й Санспоўская даліна. Са скальных формаў увагу прыцягваюць такія фрагмэнты, як Ігла Дэатымы ды Ракаўская брама. На тэрыторыі парку адкрыта каля 400 пячор, пры тым, што вучоныя мяркуюць, што ўсяго тут каля 700 пячор. Для наведваньня адкрытыя дзьве найдаўжэйшыя пячоры: пячора Лакетка й Цёмная. Турыстычны рух у парку арганізаваны ўздоўж адмысловых сьцежак ды маршрутаў. Праз Айцоўскі парк вядуць некалькі сьцежак даўжынёй 23 кілямэтры. Найдаўжэйшы – чырвоны – гэта фрагмэнт тэматычнага турыстычнага маршруту, які называецца Шляхам Арліных гнёздаў, прысьвечаны сярэднявечным замкам, пабудаваным высока ў гарах.
Яшчэ адна прываблівая рыса Айцоўскага нацыянальнага парку зьвязаная з тым, што ягоныя краявіды прыцягвалі сюды шматлікіх мастакоў ды паэтаў. У замку на Пясковай скале была адкрытая спэцыяльная выстава строяў і дэкарацыяў да фільму “Агнём і мячом”, які часткова здымаўся на тэрыторыі парку.
Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч