• Падзеі 2010 году ў сьвеце
  • 01.01.2011

На пачатку 2011 году мы прапануем на некалькі хвілін вярнуцца да мінулага году й прыгадаць важнейшыя падзеі, якія адбыліся летась.

Мінулы год быў пэрыядам многіх кліматычных анамалій і геалягічных катастрофаў, узрастаючай магутнасьці Кітая й новай стратэгіі ЗША на міжнароднай арэне. Напрыканцы жніўня зь Іраку выйшла значная частка амэрыканскай арміі. Карціна сьвету ў мініяцюры была паказаная на сусьветнай выставе ЭКСПА ў Шанхаі.

На самым пачатку году палітычныя падзеі ў сьвеце перавызначыла трагедыя на Гаіці. 12 студзеня карыбскую выспу зьнішчыў моцны землятрус. Стыхія забрала жыцьці 230 тысяч чалавек. Астатнія тысячы страцілі дах над галавою, а вуліцы сталіцы пераўтварыліся ў вялікі лягер для ўцекачоў, якія чакалі дапамогу.

"Памерла столькі людзей. Нам патрэбная дапамога, міжнародная дапамога, мы патрабуем тэрміновай апекі. Тут няма ніякай падтрымкі, шпіталёў, электрычнасьці, нічога. Няма ежы, нічагусенькі няма!"

Гаіці й цяпер чакае дапамогу. У апошнія месяцы там выбухнула эпідэмія халеры. Сусьветны банк абяцаў 10 мільёнаў даляраў на ліквідацыю наступстваў катастрофы.

20 красавіка ўзарвалася буравая плятформа Deepwater Horizon у Мэксыканскай затоцы. Карэспандэнт Польскага радыё перадаваў наступнае зь месца падзеі.

Выцек нафты з буравой плятформы Deepwater Horizon пасьля таго, як яна ўзарвалася й затанула, можа аказацца адной з найстрашнейшых экалягічных катастрофаў ЗША. Белы дом забараніў праводзіць новыя сьвідраваньні ля ўзьбярэжжа ЗША. Забарона дзейнічае да часу, пакуль ня будуць высьветлены прычыны выбуху на плятформе Deepwater Horizon і ня будзе дадзены адказ на пытаньні, чаму не спрацавала сыстэма бясьпекі.

А 14 красавіка адбыўся выбух у Эўропе  - гэта было вывяржэньне вулькану Эяф'ятля Ёкютль на Ісьляндыі. Хмара вульканічнага попелу паралізавала рух у паветранай прасторы над Эўропай, што прынесла вялікія эканамічныя страты, а эколягі найбольш апасаліся выбуху суседняга значна большга вулькану Кятля. На шчасьце, гэтага не адбылося. Міраслаў Руткоўскі зь Дзяржаўнага геалягічнага інстытуту сказаў тады, што цяжка прадугледзець, калі скончыцца паветраны хаос.

М. Руткоўскі: Эяф'ятля Ёкютль, як і кожны вулкан, непрадказальны. Адно вывяржэньне ў мінулым працягвалася тры дні, апошняе ў гадох 1821-1823 доўжылася 14 месяцаў.

Зараз у сьвеце працягваюцца 32 войны і ўзброеныя канфлікты. Найбольш у Азіі ды на Блізкім і Цэнтральным Усходзе.

31 траўня ізраільскія салдаты напалі на турэцкі канвой з гуманітарнай дапамогай ля ўзьбярэжжа Сэктара Газа. Прадстаўніца Руху дзеля Свабоднага Сэктара Газа Аўдрэі Бомсі сказала, што канвой ня мог аддаць ізраільцянам груз для Сэктара Газа, таму што ў ім знаходзіліся тавары, на якія Тэль-Авіў наклаў эмбарга. У сваю чаргу прэс-сакратар ізраільскага ўраду Марк Рэгеў тлумачыў, што яго краіна не імкнулася выклікаць сутычкі на караблі.

Марк Рэгеў: Ніхто не хацеў гэтай канфрантацыі. Мы шмат разоў заклікалі канвой пакінуць цэлы груз гуманітарнай дапамогі ў нашым порце Ашдод, мы гарантавалі, што ён трапіць у Сэктар Газа. З падобнай прапановай выступіў таксама Эгіпет. Аднак тэрарысты на судне імкнуліся да канфрантацыі.

Вынікам стала каля 20 сьмяротных ахвяр, а сьвет востра асудзіў дзеяньні Ізраіля.

Міжнародная супольнасьць перакананая, што ні ЗША, ні ЭЗ, а Кітай становіцца эканамічным лідарам у сьвеце. Наель Фэргусан, адзін з выбітнейшых гісторыкаў эканомікі, які выкладае ў Гарвардзе й Оксвардзе, лічыць, што „мы зьяўляемся сьведкамі канца 500-гадовай дамінацыі Захаду”. У Эўропе ў зоне эўра пашыраецца крызыс. Пачалося ад Грэцыі, потым падышоў час на Ірляндыю. Экспэрты ня могуць адказаць на пытаньне, хто й калі будзе наступны. Меркаваньнем Анджэя Садоўскага з Цэнтра імя Адама Сьміта, праблемы Грэцыі сьведчаць пра тое, што ні сяброўства ў Эўрапейскім Зьвязе, ні прысутнасьць у зоне эўра не даюць гарантыі эканамічнага разьвіцьця. Ніякая валюта ня вытрымае дрэннага кіраваньня, а гэта мы некалькі гадоў назіралі ў Грэцыі, – падкрэсьліў эканаміст.

A. Садоўскі: Эўрапейскі Зьвяз доўгія гады выдзяляў мільярды эўра, напрыклад, на будаўніцтва аўтастрадаў, якія ніколі ў Грэцыі не былі пабудаваныя. Працэс доўжыўся гадамі. Ад ураду Грэцыі ўвесь час імкнуліся дамагчыся большай адказнасьці й дбайнасьці пра будучыню сваіх грамадзян і функцыянаваньне дзяржавы.

У кастрычніку ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі міру быў абвешчаны кітайскі дысыдэнт Лю Сяабо „за барацьбу без насільля за асноўныя правы ў Кітаі”. Прафэсар кітайскай літаратуры й пісьменьнік адбывае пакараньне 11 гадоў турмы за „падрыўную дзейнасьць”. Яго вызваленьня дамагаліся ЗША й Эўрапейскі Зьвяз, а таксама славутыя людзі, між іншым, Салман Рушдзі, Умбэрта Эка, Далай-Лама. Лю Сяабо ня змог прыняць Нобэлеўскую прэмію. На паездку ў Осла на цырымонію ўручэньня ўлады КНР не дазволілі таксама яго жонцы, якая знаходзіцца пад хатнім арыштам.

Увагу сусьветных СМІ ў мінулым годзе прыцягнулі справы, зьвязаныя з электроннай перадачай інфармацыі. Міжнароднай падзеяй году стаў скандал, які выбухнуў у выніку публікацыі парталам WikiLeaks тысяч сакрэтных дакумантаў амэрыканскай дыпляматыі. Джуліян Асанж, 39-гадовы аўстраліец, стваральнік і вядучы рэдактар WikiLeaks, трапіў у брытанскі арышт. 17 сьнежня быў вызвалены пад заклад. Джуліян Асанж сьцьвярджае, што атакі на яго й на партал не паўстрымаюць яго ад выяўляеньня чарговай сакрэтнай інфармацыі.

Дж. Асанж: Людзі часта атаясамліваюць мяне, Wikileaks і мой рукзак. А гэта няпраўда. Мы - буйная арганізацыя, у нас адносна невялікая пастаянная каманда –  каля 20 штатнікаў, але WikiLeaks устойлівая арганізацыя, пабудаваная такім чынам, каб выжыць, нават калі страціць галаву. Нашы публікацыі нават пашырыліся, калі я быў у ізалятары.

Сярод падзей 2010 году, якія прыцягнулі ўвагу сусьветных СМІ, трэба адзначыць фільм Джэймса Камэрона „Аватар”, які ў 60% ствараўся на кампутары.

Нязбытыя спадзяваньні прынесла ў мінулым годзе заява пра памяркоўныя рэформы на Кубе. Пра іх заявіў Рауль Кастра, брат Фідэля. Прэзыдэнт сказаў, што краіна апынулася перад выбарам. ”Мы правядзем зьмены або ўтонем, таму што заканчваецца час балянсаваньня над прорвай”. Аднак сапраўдных зьмен на Кубе яшчэ прыдзецца пачакаць.

Я.С.