• Зварот беларускай дэмакратычнай грамадзкасьці сьвету
  • 04.01.2011

19 сьнежня 2010 г. у Рэспубліцы Беларусь быў зьдзейсьнены гвалтоўны захоп улады дыктатарам Аляксандрам Лукашэнкам.

У гэты дзень у Беларусі павінны былі адбыцца выбары прэзыдэнта. Аднак, выбараў не адбылося.

Адбылася грубейшая фальсыфікацыя выбараў шляхам беспрэцэдэнтнага адмiнiстрацыйнага цiску, прымусовага датэрмiновага галасаваньня, манiпуляцый зь Інтэрнэтам, запалохваньня выбаршчыкаў.

Тысячы грамадзян Беларусі, якія ўсьведамлялі фальсыфікацыю выбараў, выйшлі на вуліцы Менску, каб мірным шляхам выказаць свой пратэст і нязгоду з фальшаваньнем выбарчай кампаніі. Згодна з Дэклярацыяй правоў чалавека, народ, які ня мае канстытуцыйных магчымасьцяў зьмяніць уладу, мае права зьмяніць яе шляхам мірнага масавага пратэсту.

Не дачакаўшыся нават папярэдніх вынікаў галасаваньня, адзін з кандыдатаў, а менавіта дзейны прэзыдэнт краіны, дыктатар Лукашэнка, выкарыстаўшы сваю кіраўнічую пасаду й загадзя падрыхтаваўшы правакацыі з боку сілавых структураў, зьдзейсьніў нечувана брутальнае зьбіцьцё людзей на плошчы. На мірных мітынгоўцаў былі кінутыя сілы міліцыі й атрадаў спэцыяльнага прызначэньня. Таксама былі выкарыстаны вайсковыя сілы, якія могуць прымяняцца толькі ў мэтах абароны краіны ад зьнешніх ворагаў.

У выніку масавага зьбіцьця простых выбаршчыкаў і разгону мірнай дэманстрацыі адбыўся чарговы сілавы захоп улады дзейным дыктатарам Лукашэнкам, у краіне ўсталявалася хунта. Сотні мітынгоўцаў і проста мінакоў былі схоплены й кінутыя за краты, кандыдаты ў прэзыдэнты жорстка зьбітыя, параненыя, арыштаваныя. Кандыдат Уладзімір Някляеў быў  зьбіты да непрытомнасьці яшчэ да закрыцьця выбарчых участкаў і не дайшоўшы нават да Плошчы, дзе адбывалася акцыя пратэсту. А потым ён быў выкрадзены службоўцамі КДБ са шпіталю, дзе ён знаходзіўся ў рэанімацыі, і да сёньня ягоны лёс невядомы.

Былі зьбітыя й арыштаваныя сябры штабоў і ініцыятыўных груп кандыдатаў у прэзыдэнты, многія журналісты.

Гвалт над воляй народу завяршыўся крывавай бойняй. Сіла й жорскасьць, зь якой зьбівалі людзей, несуразмерная зь мірным характарам дэманстрацыі пратэсту. Адзінае, чаго патрабавалі людзі - гэта новых дэмакратычных справядлівых выбараў.

Ад падзеяў "крывавай нядзелі" пачаўся і да гэтага часу ў краіне адбываецца тэрор супраць нязгодных. Ідуць масавыя арышты, ператрусы ў кватэрах актывістаў і офісах грамадзкіх арганізацый. Людзей зьбіваюць, катуюць у турмах, да іх прымяняюцца сродкі псыхатропнага ўзьдзеяньня. Адвакаты ня маюць магчымасьці сустракацца са сваімі падабароннымі.

Мы, сябры беларускіх грамадзкіх арганізацый ў замежжы і ў Беларусі, а таксама асобныя людзі, якім неабыякавы лёс нашай Бацькаўшчыны-Беларусі, у гэты цяжкі й вырашальны для далейшага лёсу нашай краіны час зьвяртаемся да міжнародных арганізацый, уладаў краінаў сьвету, да сусьветнай грамадзкасьці з просьбаю падтрымаць нашыя намаганьні ліквідаваць дыктараскі рэжым Лукашэнкі й даць беларускаму народу магчымасьць наладзіць вольнае дэмакратычнае жыцьцё.

Mы просім:

- не прызнаваць дыктатара Лукашэнку і ягоную хунту сапраўдным прадстаўнікамі ўлады Рэспублікі Беларусь, лічыць, што падзеі, якія адбыліся ў Рэспубліцы Беларусь 19 сьнежня 2010, зьяўляюцца незаконным сілавым захопам улады з выцякаючымі з гэтага юрыдычнымі наступствамі;

- патрабаваць неадкладнага вызваленьня з турмаў усіх зьняволеных за ўдзел у мірнай дэманстрацыі пратэсту 19 сьнежня 2010;

- патрабаваць стварэнья ўмоваў для правядзеньня ў Беларусі новых дэмакратычных прэзыдэнцкіх выбараў без удзелу грамадзяніна Лукашэнкі;

- падтрымаць з боку праваабарончых арганізацый наш намер узбудзіць крымінальную справу супроць Аляксандра Лукашэнкі й ягоных памагатых па факту брутальнай расправы з удзельнікамі мірнай акцыі пратэсту супроць фальсыфікацыі выбараў, а таксама за іншыя злачынствы, учыненыя рэжымам за ўсе гады праўленьня.

- не ўжываць ва ўсіх выпадках вызначэньне “прэзыдэнт Лукашэнкам” ці “кіраўнік беларускай дзяржавы”, а карыстацца толькі імем “Аляксандр Лукашэнка” ці “грамадзянін Лукашэнка”.

Істотным цяпер зьяўляецца таксама пытаньне: чаму Лукашэнка павёў сябе менавіта такім чынам? З нашага меркаваньня, гэта стала магчымым з-за двухсэнсоўнай зьнешняй палітыкі як з Захаду, гэтак і з Усходу. 

Міжнародная палітычная дзейнасьць з боку Захаду ў дачыненьні да дыктатуры Лукашэнкі (заляцаньні з дыктатарам, угаворы да "паступовай дэмакратызацыі дыктатуры") цалкам праваліліся. Менавіта такія паводзіны і разьвязваюць дыктатару рукі. Лукашэнка на падставе свайго мінулага вопыту спадзяецца й зараз, што як бы ён ні паводзіўся, якія законы ні парушыў, якія б злачынствы ні зьдзейсьніў, які б гвалт ні абрынуў на беларускі народ, міжнародная супольнасьць яму ўсё даруе. Больш за тое, праз пэўны час пасьля рознага роду ўшчуваньняў, яму зноў дадуць мільярдныя пазыкі, якія пойдуць на ўзмацненьне ягонага рэжыму. Ён ізноў будзе гатовы гандляваць зьняволенымі ў турмах закладнікамі, каб дабіцца для сябе прызнаньня з боку Заходніх краінаў і зьняцьця санкцыяў.
  
Мы выказваем удзячнасьць уладам Злучаных Штатаў Амэрыкі, якія адразу прынцыпова заявілі аб непрызнаньні вынікаў выбараў у Беларусі.

Брутальныя дзеяньні беларускіх уладаў асудзілі ўлады й грамадзкасьць шмат якіх іншых краін – Канады, Польшчы, Швэцыі, Літвы, Нарвэгіі, Бэльгіі, Вялікабрытаніі, Нямеччыны, Чэхіі і інш.

У той жа час улады Расеі й кіраўніцтва Расейскай Праваслаўнай Царквы павіншавалі Лукашэнку зь перамогаю на выбарах, тым самым афіцыйна прызналі іх вынікі й дэкляруюць падтрымку крымінальным дзеяньням Лукашэнкі. З расейскага боку апошнім часам ня раз адкрыта прызнавалася, што цягам усяго часу праўленьня Лукашэнкі яны матэрыяльна падтрымлівалі дыктатара.

Са смуткам і занепакоенасьцю мы адзначаем, што віншаваньні Лукашэнку зь перамогаю даслалі таксама ўлады Кітаю, Ірану, Вэнэсуэлы і іншых прыхільных да Лукашэнкі урадаў, якія падзяляюць ягоныя падыходы кіраваньня краінаю.  

Мы зьвяртаемся да дэмакратычнай міжнароднай грамадзкасьці з просьбаю прымусіць свае ўрады давесьці ня толькі словамі сваю прыхільнасьць дэмакратычным прынцыпам. Мы чакаем не дэклярацый, а канкрэтных захадаў супраць злачыннага рэжыму ў Беларусі. Мы аддаем сабе справаздачу ў тым, што горш, чым ёсьць, беларускаму народу ня будзе ад жорсткіх санкцыяў у дачыньні да хунты Лукашэнкі.

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла