У Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры опэры й балета 13 студзеня пройдзе Вялікі навагодні баль. У праграме вечара - танцы, музыка, паэзія, розыгрышы, забавы. Праграма створаная такім чынам, каб госьці сталі непасрэднымі ўдзельнікамі ўрачыстасьці.
Госьці пачуюць творы лепшых нацыянальных, расейскіх і заходнеэўрапейскіх кампазытараў у выкананьні артыстаў опэры, балета, хору, аркестра й Дзіцячага музычнага тэатра-студыі Вялікага тэатра, а таксама замежных гасьцей. Іх выступленьні пройдуць у вялікай зале, імправізаваных салёнах, а таксама ў фае тэатра. У музычным салёне будуць прадстаўлены камэрныя вакальныя творы, у тым ліку нэапалітанскія песьні.
Апоўначы пачнецца казачны Венскі баль, які прапануе танцавальную праграму. Удзельнікі балю змогуць навучыцца танцаваць палянэз, вальс і польку. Упершыню Вялікі навагодні баль прайшоў у студзені 2010 году.
Сьвет пабачыла аўтабіяграфія, дзе апісваецца драматычны лёс афіцэра КДБ у барацьбе за высьвятленьне абставінаў катынскай трагедыі. Аўтар кнігі «Чужы элемэнт» Алег Закіраў распавядае пра тое, як народжаны й выхаваны ў Цэнтральнай Азіі напалову ўзбэк, а напалову расеец змагаўся за праўду пра Катынь.
У школе Алег быў добрым вучнем. Настаўнікі казалі пра яго, што ён цікавіўся высьвятленьнем гістарычных падзей. Ва ўнівэрсытэце ён пачаў крытычна ставіцца да ідэалёгіі камунізму й палітычнай непісьменнасьці калег-студэнтаў.
Пасьля вучобы перад ім стаяў выбар: быць пракурорам альбо агентам КДБ. Ён выбраў другое, бо меркаваў, што на такой пасадзе ён зможа рэальна замагацца супраць карупцыі й кумаўства. Але празь нейкі час ён зразумеў, што гэта ня толькі немагчыма, але й тое, што менавіта КДБ зьяўляецца крыніцай зла. Гэта Алег зразумеў толькі тады, калі трапіў на службу ў смаленскі аддзел КДБ.
Менавіта там галоўны герой кнігі сутыкнуўся са справай масавага забойства польскіх афіцэраў. Ён пачаў не пагаджацца з афіцыйнай вэрсіяй, што гэта быццам бы немцы забівалі польскіх афіцэраў. Закіраў знайшоў сьведкаў і вінаватых. Пасьля таго, як Алег Закіраў перадаў сабраныя доказы журналістам і польскім уладам, супраць яго пачаліся рэпрэсіі. У выніку ён страціў працу й быў прызнаны псыхічна хворым. Алег уцякае ў Польшчу. Тут яму абяцаюць “залатыя горы”, але хутка забываюць пра яго працу над сьледзтвам катынскай трагедыі. Герой працуе на будове, ледзь зводзіць канцы з канцамі, а нават жабруе на вуліцах Лодзі. Але знайшліся людзі, якія дапамаглі былому агенту КДБ. Пра гэта - у кніжцы “Чужы элемэнт”.
Летам на экраны сусьветных кінатэатраў выйдзе фільм пра агрэсію Расеі на Грузію ў жніўні 2008 году.
Стужка «5 дзён жніўня» зьнятая з галівудзкім размахам. Ролю прэзыдэнта Грузіі Міхаіла Саакашвілі выканаў Эндзі Гарсія, а Вэл Кілмэр зьняўся ў ролі ваеннага рэпартэра. У трэйлеры фільма ёсьць сцэна дэманстрацыі ў Тбілісі, у якой браў удзел і Лех Качыньскі.
Галоўныя героі фільма – гэта журналіст, апэратар і перакладчык, якія намагаюцца ўцячы ад абстрэлу расейскіх жаўнераў. Рэжысэр стужкі - Рэні Харлін. Ён зьняў такія карціны, як «Моцны арэшак-2», «На краі» альбо «Доўгі пацалунак на дабранач». Прэм'ера фільма заплянавана на жнівень гэтага году.
Міжнароднае касьмічнае агенцтва NASА назвала сем найгоршых і сем найлепшых фільмаў апошніх гадоў з пункту гледжаньня дакладнасьці. Паводле навукоўцаў, рэйтынг сямі найгоршых фільмаў з увагі на дакладнасьць паказаных у іх тэхналёгій выглядае наступным чынам:
1. „2012”, 2. „Зямное ядро”, 3. „Армагедон”, 4. „Вулькан”, 5. „Ланцуговая рэакцыя”, 6. „Шосты дзень”, 7. ”Пакрытае тайнай”.
Усе пералічаныя стужкі патрапілі ў сьпіс дзякуючы значнай колькасьці навуковых недакладнасьцяў, а часамі ўвогуле выдумак.
Цікава, што NASА прымала пасрэдны ўдзел у стварэньні „Армагедона”. Аўтары фільма кансультаваліся з касьмічным агенцтвам, аднак з часам адказы навукоўцаў перасталі задавальняць кінематаграфістаў і яны закончылі стужку без удзелу вучоных. У выніку, паводле навукоўцаў, атрымаўся жахлівы й нерэалістычны фільм.
Акрамя таго, навукоўцы агучылі сьпіс стужак, у якіх, на іх думку, розныя навуковыя тэорыі паказаныя дастаткова дакладна.
1. „Гаттака”, 2. „Кантакт”, 3. „Мэтропаліс”, 4. „Дзень, калі спынілася Зямля”, 5. „Жанчына на Месяцы”, 6. „Нешта”, 7. „Парк Юрскага пэрыяду”.
lenta.ru
У Менску неўзабаве пачне працаваць тэлеканал для людзей з парушэньнямі слыху. Спэцыялізаваны тэлеканал мае назву „Жэст”, а яго заснавальнікам зьяўляецца Беларускае таварыства глухіх.
У дадзены момант канал праходзіць апошнія тэставаньні, а пачатак вяшчаньня заплянаваны на 9-10 студзеня.
Сетка вяшчаньня тэлеканалу „Жэст” будзе ўключаць у сябе інфармацыйныя, культурна-асьветніцкія, адукацыйныя й забаўляльныя перадачы. Усе выпускі будуць трансьлявацца з субтытрамі.
Пакуль канал будзе працаваць толькі для менчукоў, у плянах - пашырэньне вяшчаньня на іншыя беларускія гарады, а нават выхад за межы Беларусі.
паводле БелаПАН
Нагадваем пра новую старонку moje.polskieradio.pl. Гэта новы партал Польскага радыё, на якім ёсьць цэлы шэраг тэматычных каналаў, уключна з музычнымі, а таксама архіўныя матэрыялы Польскага радыё.
АП, ДГ