• Запрашаем у Польшчу: сноўбордынг
  • 07.01.2011

Паколькі на дварэ зіма, то сёньня, сябры, прапаную таксама зімовую тэму. Зімою штораз больш палякаў выязджае на адпачынак у горы, прычым гэта актыўны адпачынак, спалучаны зь яздой на лыжах ці сноўбордзе. На лыжах бадай што езьдзіла большасьць з нас, а вось са сноўбордам знаёмая хіба што пераважна моладзь. Так што сёньня – пра сноўборд і месцы ў Польшчы, дзе можна займацца гэтым відам спорту.

Хутчэй за ўсё сноўборд зьявіўся на пачатку 20-га стагодзьдзя, гэты спорт пачаў здабываць папулярнасьць у 60-я гады мінулага стагодзьдзя. Слова сноўборд з ангельскай мовы перакладаецца даслоўна “сьнежная дошка”. Больш дакладнай назвы, якая б адлюстроўвала сутнасьць паняцьця, хіба што няма! Ёсьць некалькі відаў сноўбордынгу, уключна з экстрымальным, аднак пра гэта казаць ня будзем, паколькі ў Польшчы месцаў для экстрымальнага сноўборду амаль няма. Можна ім займацца ў гарах Татры, аднак у вышэйшыя партыі горнага масіву забаронена ўздымацца, паколькі там месьціцца дзяржаўны заказьнік. Дарэчы, ёсьць нават спэцыяльнае слова, якое азначае месца, добра падрыхтаванае для язды на дошцы – гэта сноўпарк. Такім чынам, сёньня пра польскія сноўпаркі.

Сярод аматараў язды на адной шырокай дошцы папулярная Бялка Татшаньска – невялікая курортная мясцовасьць каля славутага польскага Закапанэ. У Бялцы для сноўбардзістаў ёсьць усё ўмовы, некалькі трасаў, у тым ліку дзьве з магчымасьцю пакрыцьця штучным сьнегам. Спускі тут шырокія, ня вельмі пакручастыя, адпаведныя ў тым ліку й для пачаткуючых спартоўцаў-аматараў. У курорце працуе некалькі пад’ёмнікаў. Дарэчы, падлічана, што працягласьць усіх спускаў – больш за 15 кілямэтраў. У Бялцы Татшаньскай  турыстаў чакае 5 тыс. месцаў у гатэлях рознай цанавой катэгорыі й стандарту.

На другім месцы паводле польскіх сноўбардзістаў знаходзіцца Карпач – горны гарадок на захадзе Польшчы, у гарах Карканошы. Тут некалькі трасаў для язды на дошцы, у тым ліку з гары Златуўка – для аматараў з большым досьведам. Карпач таксама мае шырокую гатэльную базу.

Іншае месца, куды любяць езьдзіць сноўбардзісты, называецца Карбелюў і разьмешчана на поўдні Польшчы, у гарах Бэскід Жывецкі. Агульная працягласьць горных трасаў для лыжнікаў і сноўбардзістаў – 25 кілямэтраў. У курорце працуе 15 пад’ёмнікаў.

І яшчэ пра адно месца для сноўбардзістаў... Крыніца разьмешчана на поўдні Польшчы, на самай мяжы са Славаччынай. Гэта вельмі папулярны ў Польшчы зімовы курорт, прычым вядомы ня толькі горнымі трасамі, але й натуральнай мінэральнай вадой, якая лечыць многія хваробы. У Крыніцы й ваколіцы – мноства трасаў для сноўборду, вялікая гатэльная база, у тым ліку ў гасьцініцах, якія былі пабудаваныя яшчэ да вайны й якія маюць непаўторны гістарычны клімат. Каля Крыніцы – сучасная канатная дарога на гару Яважына.
Так што сябры, запрашаем на сноўбордынг у Польшчу! Месца і ўмовы ёсьць, а куды паехаць, гэта ўжо ваш выбар!   

ВС