• Запрашаем у Польшчу - Явар
  • 08.01.2011

Сёньня, шаноўныя, слухачы, запрашаем вас у Явар, чароўны горад у Ніжняй Сілезіі, дзе можна адчуць подых сярэднявечнай Эўропы, які захоўваюць тутэйшыя касьцёлы, замкі ды паркі.

Назва горада зьвязана са славянскай назвай дрэва „явар”, які шырока распаўсюджаны ў гэтай частцы Польшчы. Упершыню ў гістарычных крыніцах горад узгадваецца ў хроніках XI-га стагодзьдзя. Але архэалягічныя дасьледаваньні паказваюць, што людзі пасяліліся на гэтых землях каля 5000 гадоў да нашай эры. Гісторыя гэтага пэрыяду цікавым чынам асьвятляецца ў рэгіянальным музэі ў Явары. Тут найбольш экспанатаў, зьвязаных з часам, калі на гэтых землях жылі народы лужыцкай культуры.

Сярэднявечча пакінула ў Явары багатую спадчыну: гэта шматлікія касьцёлы, гарадзкія будынкі й жылыя камяніцы, замак і парк.

Адной з найбольш вядомых храмаў Явара зьяўляецца Эвангелічны касьцёл міру, пабудаваны ў 1654-1655 гадах. Будучы ў гэтым храме варта зьвярнуць увагу на ўнутранае аздабленьне, выкананае ў стылі барока: алтар, казальніца й купель. Касьцёл расьпісаны прыгожымі фрэскамі: гэта сцэны з Новага й Старога запавету, краявіды з замкамі ды геральдычныя гербы. У 2001 годзе касьцёл быў унесены ў сьпіс Сусьветнай культурнай спадчыны ЮНЭСКА.

З муніцыпальных пабудоваў варта наведаць сярэднявечную ратушу, пабудаваную ў палове XIV-га стагодзьдзя. У 1799 годзе тут быў створаны тэатар, які сёньня вылучаецца сваім цікавым інтэр’ерам. Адно з самых цікавых памяшканьняў – гэта заля радцаў, зь велізарнымі вітражамі.

Цікавы помнік гісторыі горада – замак з часоў дынастыі Пястаў, пабудаваны ў XIII-м стагодзьдзі як сядзіба кашталяна, а пазьней - князя Болька І.

Вакол гораду ёсьць шмат цікавых месцаў для аматараў прыроды ды актыўнага адпачынку. У 5-ці кілямэтрах ад Явара знаходзіцца Запаведнік флёры „Мысьліборская цясьніна”. Гэта адзінае месца, дзе ў гарах Судэты расьце папараць. У яварскім раёне знаходзіцца таксама ляндшафтны парк „Хэлмы”.

З культурных цікавінак Явара варта адзначыць дзьве імпрэзы, якія ладзяцца ў гэтым горадзе штогод. Гэта Канцэрты міру, калі ў Явар прыязджаюць музыканты з усяго сьвету, каб у гістарычных залях Эвангелічнага касьцёла граць камэрную музыку. Незабыўныя ўражаньні гарантуе Міжнародны хлебны кірмаш, які праходзіць у Явары напрыканцы жніўня кожнага году. Гэта час знаёмства з традыцыйнымі рэцэптамі пячэньня хлеба й печыва, каштаваньня вырабаў ды знаёмства зь гісторыяй і значэньнем хлеба ў жыцьці чалавека.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч