• Суданцы абіраюць незалежнасьць
  • Audio4.11 MB
  • 10.01.2011

На поўдні Судану зь нядзелі працягваецца рэфэрэндум у справе падзелу краіны на дзьве часткі. Большасьць экспэртаў перакананая, што жыхары Судану выбяруць незалежнасьць і стварэньне новай краіны.

Правесьці рэфэрэндум было вырашана пасьля 22-гадовай грамадзянскай вайны паміж мусульманскай поўначчу й хрысьціянскім поўднем. Рэфэрэндум зьяўляецца вынікам падпісанага ў 2005 годзе перамір’я. З таго часу паўднёвы Судан мае сваю аўтаномію, Канстытуцыю і ўрад. Мусульманскія лідары запэўнілі, што дазволяць хрысьціянскай частцы стварыць уласную дзяржаву.

Нягледзячы на вялікія радовішчы нафты, паўднёвы Судан зьяўляецца вельмі бедным рэгіёнам і многія экспэрты мяркуюць, што ён ня здолее быць самастойным. Прэзыдэнт паўночнага Судану Амар аль-Башыр асьцерагае, што новай дзяржаве можа пагражаць дэстабілізацыя.

Суданцы аднак масава ідуць на рэфэрэндум. У першы дзень у чарзе трэба было чакаць гадзінамі, нягледзячы на тое, што галасаваньне будзе працягвацца цэлы тыдзень.

Паколькі ў Судане пераважная частка насельніцтва непісьменная, то сыстэма галасаваньня зьяўляецца вельмі простай. Людзі абмакваюць  пальцы ў чарніле й прыкладваюць іх да сьпісу выбарцаў. Потым яны атрымліваюць выбарчыя бюлетэні, на якіх ёсьць два малюнкі: заціснутыя далоні азначаюць адзінства краіны, адкрытая далонь – гэта незалежнасьць.

Кіраўнік паўднёвага Судану Сальва Кіір не сумняецца, што гэта важны момант у жыцьці народа. Пра гэта ён казаў у выступе на тэлеканале Euronews.

С. Кіір: Гэта гістарычны момант, якога чакаў народ паўднёвага Судану.

Карэспандэнты тэлеканалу не сустрэлі нікога, хто б не хацеў незалежнасьці.

Суданец: Я прыйшоў прагаласаваць і закончыць зь перасьледам. Я быццам бы раб, але калі я аддам свой голас, то ніколі больш ня буду рабом.

Жыхары паўднёвага Судану перакананыя, што ўдзельнічаюць у вялікай падзеі.

Суданец: Я ўсхваляваны. Сёньня вялікі дзень для паўднёвых суданцаў. Сёньня мы заваюем вызваленьне як новы народ. Гэты народ будзе прызнаны. Мы больш ня будзем паўднёвай правінцыяй. Цяпер мы будзем народам паўднёвага Судану. Свабодным народам.

За рэфэрэндумам сочаць незалежныя назіральнікі, галоўным чынам са Злучаных Штатаў Амэрыкі. Адным зь іх зьяўляецца актор Джордж Клуні, які падкрэсьлівае пераломны характар гэтай падзеі.

Дж. Клуні: Найбольшыя эмоцыі выклікае магчымасьць назіраньня за людзьмі, якія галасуюць, і якія выказваюцца за незалежнасьць пасьля доўгіх гадоў вайны. Ня часта здараецца, каб краіна атрымлівала незалежнасьць.

На думку кіраўніка польскай дабрачыннай арганізацыі „Polska akcja humanitarna” Яніны Ахойскай, жыхары паўднёвага Судану хочуць аддзяліцца, між іншым, па эканамічных прычынах.

Я. Ахойска: Поўнач зьяўляецца больш разьвітай, але коштам поўдня. Поўдзень амаль не выкарыстоўвае радовішчаў нафты. Гэта робіць паўночная частка. Розьніца паміж гэтымі двума рэгіёнамі агромністая. Напрыклад, са 120 сярэдніх школаў толькі 15 знаходзяцца ў паўднёвым Судане.

Нягледзячы на абяцаньні мусульманскіх кіраўнікоў прызнаць рэфэрэндум, многія баяцца канфліктаў паміж жыхарамі двух рэгіёнаў. Яніна Ахойска дадае, што сытуацыя ў Судане непрадказальная, так як і прэзыдэнт Аль-Башыр.

Я. Ахойска: Цяжка прагназаваць, што зробіць прэзыдэнт Башыр. Калі мы пачыналі працу ў Дарфуры, то думалі, што зможам будаваць калодзежы. Але пасьпелі збудаваць толькі 40, а потым нам забаранілі працягваць нашую дзейнасьць у сувязі з рашэньнем Трыбуналу ў Гаазе, які падаў Башыра ў вышук, як адказнага за генацыд. Гэта прэзыдэнт, рашэньні якога нельга прадбачыць.

Калі згодна з прагнозамі жыхары выбяруць незалежнасьць, то новая краіна ўзьнікне праз паўгоду – 9 ліпеня.

А.П.