• Родная мова й нацыянальная тоеснасьць
  • 13.01.2011

Родная мова адыгрывае істотную ролю ў фарміраваньні нацыянальнай сьвядомасьці. У нашай перадачы пазнаёмім Вас, шаноўныя слухачы, з пунктам погляду на гэтае пытаньне беларускіх і польскіх дасьледчыкаў, прадстаўнікоў беларускай эміграцыі, слухачоў нашай службы, а таксама прадставім стаўленьне да роднае мовы беларускага грамадзтва – на падставе вынікаў апытаньняў, праведзеных Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў.

Значэньне роднае мовы ў беларускім нацыянальным руху заўсёды было вялікае – заўважае Эдуард Мазько ў публікацыі пад назовам Мова рэлігіі як вызначальнік нацыянальнай свядомасці (у кантэксце дзейнасці Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі) (у: Język a tożsamość na pograniczu kultur, Białystok 2000, s. 41-50). Важнае месца мовы – як чыньніка акрэсьліваючага нацыянальную ідэнтычнасьць – увёў у І палове XX стагодзьдзя ксёндз Адам Станкевіч, ідэоляг Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі. У кнізе пад назовам Родная мова ў сьвятынях абгрунтаваў ён тэалягічны аспэкт праблемы й прыйшоў да адназначнага вываду, што Царква абавязкова павінна карыстацца роднай мовай, таму што менавіта там адбываецца „размова душы чалавека з Богам”. Адам Станкевіч родную мову называў „злучывам і правадніком кожнага народу”. Ужываньне роднае мовы ў рэлігійным жыцьці – гэта неад’емная рыса хрысьціянства й натуральнае права кожнага народу. Парушэньне гэтага права зьяўляецца злом, зь якім трэба змагацца (тамсама, с. 41).

 Увядзеньне Беларускай хрысьціянскай дэмакратыяй роднае мовы ў царкоўнае жыцьцё на роўных правах з польскай мовай зьмяніла статус беларускае мовы, якая з мовы „простай, сялянскай” пераўтварылася ў мову „высокую, панскую”, якою можна карыстацца ня толькі ў размовах міжсобку, але таксама зьвяртацца й да Бога. Большы прэстыж беларускае мовы прывёў да паглыбленьня нацыянальнае сьвядомасьці вернікаў (тамсама, с. 44). І таму можна сказаць, што родная мова ў рэльгійным жыцьці – гэта неадлучны элемэнт нацыянальнага жыцьця.

 У сваю чаргу Ніна Мячкоўская ў публікацыі пад назовам Моўная сітуацыя ў Беларусі: этнічныя калізіі двухмоўя зьвяртае ўвагу на тое, што існуючы ў Беларусі беларуска-расесйкі білінгвізм абумоўлены хутчэй за ўсё чыньнікамі сацыя-культурнымі, а не этнічнымі (Н. Мечковская, Языковая ситуация в Беларуси: этнические коллизии двуязычия, у: „Russian Linguistic”, № 18, 1994, с. 299-322).

Сярод польскіх дасьледчыкаў пытаньню залежнасьці паміж беларуска-расейскім білінгвізмам і нацыянальнай тоеснасьцю беларусаў шмат увагі прысьвяціла Эльжбета Смулкова,  у ацэнцы якой, мова зьяўляецца адным з элемэнтаў нацыянальнай ідэнтычнасьці, паколькі кансалідуе народ і дапамагае ўспрымаць яго вонкавым сьветам. Праўда, ёсьць  народы, існаваньня якіх ніхто не аспрэчвае, хаця карыстаюцца мовамі іншых нацыяў, аднак у выпадку беларусаў карысным было б пашырэньне сфэры ўжываньня беларускае мовы шляхам павышэньня ейнага прэстыжу ў грамдзтве.
 
У публікацыі пад назовам Двухмоўе па-беларуску: білінгвізм ці дыглёсія, ці нешта іншае? дасьледчыца зьвяртае ўвагу на тое, што білінгвізм быў бы меншай пагрозай для беларускай нацыянальнай тоеснасьці, чым "трасянка”, якая ў існуючых экстралінгвістычных умовах вядзе да расейскага моналінгвізму. Адначасова Смулкова заўважае, што пры абмежаваных функцыях беларускае мовы ды заніканьні здольнасьці карыстацца ёю часткай папуляцыі, на першы плян высоўваюцца іншыя каштоўнасьці беларускай ідэнтычнасьці, і расейскамоўныя беларусы, нягледзячы на русыфікацыйныя працэсы ў Беларусі, найчасьцей не атаясамліваюцца з расейцамі, хаця існуе паміж імі пачуцьцё ўзаеманй блізкасьці (Elżbieta Smułkowa, Dwujęzyczność po białorusku: bilingwizm, dyglosja, czy coś innego?, w: Język a tożsamość na pograniczu kultur, Białystok 2000, s. 99).

Эльжбета Смулова лічыць, што, нягледзячы на складаную сытуацыю беларускае мовы, яна поўнасьцю ня зьнікне. Пра жывучасьць беларускае мовы сьведчыць хаця б той факт, што праіснавала яна, нягледзячы на абмежаваньне ейных камунікацыйных функцыяў на працягу многіх стагодзьдзяаў (тамсама, с. 100).

У сваю чаргу Рышард Радзік уважае, што гэтак вясковая беларушчына, як і гарадзкая расейшчына не ўспрымаюцца ў нацыянальных катэгорыях. Пераход з аднае мову на другую не ўспрымаецца ў катэгорыях здрады нацыянальным каштоўнасьцям. Рышард Радзік лічыць, што гэтыя мовы зьяўляюцца носьбітамі культурнай тоеснасьці, а не нацыянальнай (Ryszar Radzik, Język jako wyznacznik tożsamości Białorusinów, тамсама, с. 73-74). З другога аднак боку, расейская мова ў Беларусі падпарадкоўвае Беларусь Расеі (тамсама, с. 77).

Нацыянальныя эліты разумеюць, што беларусаў ад расейцаў адрозьнівае перш за ўсё факт існаваньня беларускае мовы, таму беларуская літаратурная мова ўспрымаецца як мова апазыцыі, як мова змаганьня за беларускія нацыянальныя каштоўнасьці ды незалежнасьць ад Расеі.

Рышард Радзік уважае, што літаратурная беларушчына для часткі беларускіх элітаў мае найчасьцей нацыянальны характар і нясе з сабою тыя самыя каштоўнасьці, якія характэрныя для іншых эўрапейскіх народаў, як імкненьне да выразнага самавызначэньня на падставе культуры, шматвяковай мінуўшчыны, прызнаньне вяршэнства беларускага нацыянальнага інтарэсу ды будаваньне нацыянальнай супольнасьці на падставе этнічна-моўных крытэрыяў (тамсама, с. 80).

Ніна Баршчэўская