Прэзэнтацыя дыска з рок-опэрай "Курган" адбылася 5 студзеня ў Дзяржаўным літаратурным музэі Янкі Купалы ў Менску.
У 1980 годзе ансамбль "Песьняры" на фірме "Мэлёдыя" зрабіў запіс альбома з рок-опэрай "Гусьляр" паводле паэмы першага народнага паэта Беларусі. Праз трыццаць гадоў новае музычнае прачытаньне беcьсьмяротнай паэмы прапанаваў паэт Андрэй Скарынкін.
Паводле слоў аўтара праекту Андрэя Скарынкіна, у апошнім варыянце рок-опэры тэкст твора Янкі Купалы выкарыстаны поўнасьцю, Ігар Лучанок дапоўніў музычны матэрыял другой партыяй Князя й інтрадукцыяй да асноўнай тэмы Сьвятаслава Пазьняка, аднак захавана і ўсё тое, што было створана Ўладзімерам Мулявіным ды іншымі ўдзельнікамі ансамбля "Песьняры".
Прэм'ера рок-опэры адбылася 5 верасьня мінулага году ў Гомелі падчас сьвяткаваньня Дня беларускага пісьменства. Менчукі ўпершыню змогуць паглядзець гэты твор 21 лютага на сцэне Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра.
У праекце бралі ўдзел Андрэй Скарынкін, Ігар Лучанок, Анатоль Ярмоленка, Валеры Дайнэка, Іна Афанасьева, Ян Цыбулька, арт-гурт "Беларусы" пад кіраўніцтвам Валерыя Шмата, Сяргей Анцішын і Валеры Анісенка.
15 студзеня у польскім горадзе Катавіцэ у кінатэатры “Rialto” адбудзецца “Беларускі фэстываль”. Арганізоўваюць фэстываль Офіс дэпутата Эўрапейскага парлямэнту д-ра Марэка Мігальскага й таварыства “Праект “Сілезія”.
Мэта фэстывалю - прэзэнтаваць удзельнікам сапраўднае аблічча Беларусі як блізкага суседа Польшчы, пра якога палякі ведаюць няшмат. У рамках фэсту адбудзецца дыскусіі “Разьвіцьцё дэмакратыі ў Беларусі”, “Культура й тоеснасьць Беларусі”. Перад гасьцьмі імпрэзы вуступіць гурт “Калінка”.
Падчас фэстывалю госьці будуць мець магчымасьць пакаштаваць традыцыйныя беларускія стравы, пазнаёміцца з публікацыямі Калегіі Ўсходняй Эўропы, прысьвечанымі Беларусі, а таксама з адукацыйным шапікам Цэнтру грамадзянскай адукацыі “Польшча–Беларусь”.
Ва ўзросьце 60 гадоў пайшоў з жыцьця выдатны актор тэатра й кіно Кшыштаф Кольбэргэр. Больш за дзесяць гадоў ён стойка змагаўся з ракам нырак.
Кольбэргэр больш за ўсё праславіўся сваім талентам выкананьня вершаў. На гэтай ніве яго настаўнікам быў Ігнат Гагалеўскі. Пяць гадоў таму актору прысвоілі званьне майстра польскай мовы. У жалобны пэрыяд пасьля сьмерці Яна Паўла II ён публічна чытаў запавет Папы.
Пасьля заканчэньня Вышэйшай тэатральнай школы ў Варшаве Кольбэргэр граў у Катавіцкім тэатры ім. Выспяньскага, варшаўскім Нацыянальным тэатры, затым уваходзіў у трупы такіх тэатраў, як: Powszechny, Współczesny і Ateneum.
У кіно Кольбэргэр выступаў у вельмі розных амплуа, ён выконваў ролі ў фільмах Анджэя Вайды, Кшыштафа Занусі, Казімежа Кутца, Лешэка Васевіча й іншых вядомых рэжысэраў.
"Night fishing" вядомага паўднёвакарэйскага рэжысэра Парка Чан-Вука – гэта першы ў гісторыі фільм, зьняты выключна дзякуючы iPhone. Стужка працягваецца 2,5 гадзіны, гэта сюррэалістычная гісторыя пра сустрэчу рыбака й шаманкі. Над здымкамі працавала 80 чалавек. Здымалі фільм 10 дзён. Бюджэт “Начной рыбалкі” склаў 133 тыс. даляраў.
Сам Чан-Вук кажа, што спачатку ўзяўся за праект для забавы, але з часам пачаў разумець вартасьць новай тэхналёгіі. Здымкі вяліся двума тэлефонамі з розных пэрспэктываў.
Парка Чан-Вук – ляўрэат прэміі ў Канах за стужкі “"Oldboy" i "Жаданьне".
Нагадваем пра новую старонку moje.polskieradio.pl. Гэта новы партал Польскага радыё, на якім ёсьць цэлы шэраг тэматычных каналаў, уключна з музычнымі, а таксама архіўныя матэрыялы Польскага радыё.
Дзьмітры Гурневіч