• МАК прадставіў рапарт, Польшча крытыкуе
  • Audio4.98 MB
  • 12.01.2011

У Маскве прадстаўлены канчатковы дакумэнт сьледзтва па прычыне катастрофы польскага ўрадавага самалёта Ту-154М пад Смаленскам. Расьсьледаваньне прычын крушэньня ляйнэра вёў Міждзяржаўны авіяцыйны камітэт.

Нагадаем, самалёт разьбіўся 10 красавіка 2010 году. Загінулі ўсе пасажыры ды чальцы экіпажа – 96 чалавек, у тым ліку прэзыдэнт Польшчы Лех Качыньскі.

Паводле экспэртаў Міждзяржаўнага авіяцыйнага камітэту, непасрэднай прычынай катастрофы самалёта Ту-154М стаў факт, што экіпаж зігнараваў паведамленьні пра надзвычай складаныя мэтэаралягічныя ўмовы ў аэрапорце Смаленска. Паводле старшыні МАК Тацьцяны Анодзінай, камітэт ня мае права называць вінаватых у катастрофе. Пры гэтым яна падкрэсьліла, што да катастрофы прычыніўся шэраг занядбаньяў і недаглядаў з польскага боку.

Т. Анодзіна: У арганізацыі выкананьня асабліва важнага палёту мелі месца недахопы ў частцы падрыхтоўкі й фармаваньня экіпажа, кантролю гатоўнасьці да палёту й выбару запасных аэрадромаў. Вылет быў зьдзейсьнены без наяўнасьці ў экіпажа фактычнага й прагназаванага надвор’я ў аэрапорце прызначэньня й актуалізаванай аэранавігацыйнай інфармацыі. 

Паводле Анодзінай, самалёт заходзіў на пасадку ва ўмовах амаль нулявой бачнасьці з-за туману. Старшыня МАК сказала, што 10 красавіка бачнасьць у момант зьніжэньня Ту-154М складала менш за 150 мэтраў – гэта мінімальны ўзровень, пры якім самалёты могуць прызямляцца. Такім чынам, экіпаж ня бачыў ліхтароў аэрадрома, а гэта азначае, што камандзіру экіпажа неабходна было прыняць рашэньне пра адыход на іншы аэрадром. Паводле Анодзінай, экіпаж польскага самалёта ня быў падрыхтаваны да рэйсу, а супрацоўніцтва паміж паасобнымі чальцамі экіпажа было незадавальняючым. Тацьцяна Анодзіна таксама адзначыла, што ў кабіне пілётаў знаходзіліся высокапастаўлены чыноўнік МЗС Польшчы й галоўнакамандуючы ВПС генэрал Анджэй Бласік. Паводле расейскіх экспэртаў, іх прысутнасьць у кабіне можна расцаніць як форму псыхалягічнага ціску на камандзіра карабля й экіпаж, гаворыць намесьнік старшыні Міждзяржаўнага авіяцыйнага камітэту Аляксей Марозаў.

А. Марозаў: Кіраўнік палётаў дазволіў экіпажу далейшае зьніжэньне да вышыні круга 500 мэтраў па ціску аэрадрома. Тут жа дырэктар пратакола (МЗС Польшчы – РЭД.) сказаў, што пакуль няма рашэньня прэзыдэнта, што рабіць далей, што не магло ня выклікаць далейшага росту псыхаэмацыянальнай напружанасьці ў экіпажа. Раней, у працэсе зьніжэньня з эшалёну, камандзір паветранага судна сказаў фразу, якая была перакладзена польскімі спэцыялістамі як: “Я ня ведаю, але калі мы тут ня сядзем, ён будзе да мяне прыставаць”.   
 
Пры гэтым у рапарце МАК сказана, што ў крыві генэрала Бласіка знойдзены сьляды алькаголю. Чальцы экіпажа былі цьвярозыя, зазначыў на канфэрэцыі Марозаў.
Пры гэтым ён падкрэсьліў, што падчас пасадкі экіпаж не прадэманстраваў адпаведнага ўзроўню тэхнічнай падрыхтоўкі.

Тым часам польскі бок крытыкуе рапарт Міждзяржаўнага авіяцыйнага камітэту. У прыватнасьці, палякі заўважаюць, што ў дакумэнце нічога не гаворыцца пра магчымую віну авіядыспэтчараў, якія вялі самалёт на пасадку. Тацьцяна Анодзіна падчас прэзэнтацыі дакумэнту сказала, што польскія спэцыялісты прымалі ўдзел ва ўсіх важных момантах працы камітэту. Прадстаўнік Польшчы, акрэдытаваны пры МАК, палкоўнік Эдмунд Кліх словы Анодзінай называе хлусьнёй.

Э. Кліх: Гэта хлусьня, і я ведаю, што кажу, таму што акрамя нарады ў Смаленску мяне не запрашалі ні на якія паседжаньні, хоць я падаваў просьбы.

Экспэрт у галіне авіяцыі, маёр ВПС у адстаўцы Міхал Фішэр лічыць, што, несумненна, непасрэднай прычынай катастрофы сталі памылкі пілётаў. Аднак ён не разумее захаваньня расейскіх авіядыспэтчараў. Напрыклад, дыспэтчарскі пункт маўчаў у момант, калі самалёт быў па-за траекторыяй падыходу да прызямленьня.

М. Фішэр: Авіядыспэтчар у Смаленску, перш за ўсё штурман сыстэмы прызямленьня, практычна нічога не рабіў, акрамя аднаго моманту, калі прагучала каманда “Гарызонт”, але тады было ўжо запозна. Калі самалёт прызямляецца не паводле курсу й ляціць вельмі нізка, то дыспэтчар – і гэта яго заданьне – павінен папярэдзіць экіпаж аб памылках, а ён гэтага не зрабіў.

Паводле маёра Міхала Фішэра, з авіяцыйнага пункту гледжаньня пытаньне катастрофы зачынена, хоць юрыдычныя й міжнародныя аспэкты крушэньня будуць надалей дасьледавацца.

вс