Палякі зноў пачынаюць хварэць грыпам

Да сярэдзіны студзеня ў Польшчы памерла 5 асобаў, якім быў пастаўлены дыягназ заражэньня вірусам A/H1N1, што выклікае гэтак званы сьвіны грып – такім чынам сьведчаць дадзеныя Нацыянальнага інстытуту грамадзкага здароўя.

Ад 8 да 15 студзеня ў Польшчы зафіксавана каля 36 тысячаў захворваньняў грыпам і іншымі вострымі расьпіраторна-віруснымі інфэкцыямі.

Польскае Міністэрства здароўя падкрэсьлівае, што ў большасьці выпадкаў грып, выкліканы вірусам A/H1N1, праходзіць лагодна, а дзеля яго лячэньня дастакова асноўных гарачкапаніжальных сродкаў. Спэцыялісты не рэкамэндуюць ужываць аспірын, асабліва ў выпадку дзяцей.


Чэскія студэнты ліквідуюць стрэс ёгуртам

У чэскіх Будзеявіцах праходзіць цікавы навуковы экспэрымэнт. Студэнты мясцовага ўнівэрсытэту будуць змагацца са стрэсам падчас экзаменацыйнай сэсіі пры дапамозе ёгурту.

Падчас іспытаў 20 студэнтаў штодзённа будуць есьці адну порцыю згаданага малочнага прадукту, што, паводле лекараў мясцовай фармацэўтычнай клінікі, павінна павысіць імуннасьць іхных арганізмаў і рашуча панізіць узровень стрэсу.

„Ва ўмовах стрэсу адбываецца аўтаматычнае паніжэньне імуннай абароны арганізму чалавека. Зьмяншаецца колькасьць белых крывяных клеткаў. Спажываньне ёгурту падчас стрэсу ўзмацняе імунную сыстэму арганізму,” – лічаць каардыдатары экспэрымэнту, які будзе працягвацца да канца лютага.

Дасьледаваная будзе ня толькі група 20 студэнтаў, якія павінны штодзённа есьці ёгурт, але таксама 20 іншых, якія згаданай прыемнасьці будуць пазбаўленыя. Кожны зь іх на пачатку й на канец экспэрымэнту здасьць кроў на аналізы.

Як падкрэсьліваюць аўтары дасьледаваньня, кошт экспэрымэнту невялікі.


На Падляшшы лічаць птушак

У другой палове студзеня арнітолягі праводзяць маніторынг водных птушак, якія зімуюць на тэрыторыі Польшчы.

Зімовы падлік птушак каардынуе Агульнапольскае таварыства ахвовы птушак. Зьбігнеў Каспшыкоўскі з Прыродазнаўча-гуманітарнага ўнівэрсытэту ў Седльцах, які адказвае за маніторынг у паўночна-ўсходняй частцы Мазавецкага ваяводзтва, заявіў, што птушак лічаць па ўсёй Эўропе.

Зьбігнеў Каспшыкоўскі: На колькасьць птушак, якія зімуюць у Польшчы, уплываюць умовы надвор’я. Адначасова ў іншых краінах, напрыклад, у Нямеччыне, птушак можа зімаваць больш. Таму на падставе поўных дадзеных з усіх краінаў можам вызначаць тэндэнцыі па агульнай колькасьці птушак: наколькі вялікая папуляцыя птушак, якія жывуць на тэрыторыі Эўропы. Дзеля гэтага не абавязкова атрымліваць дадзеныя зь месцаў іх пражываньня. Дзеля гэтага хопіць дадзеных зь месцаў зімаваньня, дзе яны гуртуюцца.

- тлумачыць Зьбігнеў Каспшыкоўскі з Прыродазнаўча-гуманітарнага ўнівэрсытэту.

Зімаваць у Польшчы прылятаюць галоўным чынам птушкі з поўначы Эўропы. Сярод якіх качкі, лебедзі, гогаль, вялікі крахаль і г.д. Падлік водных птушак, якія зімуюць у Польшчы, закончыцца 23 студзеня.


Падчас родаў жанчына мае права на абязбольваньне

Кожная жанчына ў Польшчы мае права на бясплатнае абязбольваньне падчас родаў, - вырашыла Галоўная лекарская рада.

Паводле чальцоў рады, Нацыянальны фонд здароўя, які фінансуе бясплатныя мэдычныя паслугі для палякаў, выдзяляе шпіталям замала фінансавых сродкаў на роды. Таму лекары прапануюць фінансаваць абязбольваньне родаў грамадзкімі грашыма. Нагадаем, што цяпер у большай частцы шпіталёў за абязбольваньне родаў прымушаныя плаціць самі цяжарныя.

„Цяперашняя сытуацыя ўскладняе, а ў многіх сытуацыях таксама робіць немагчымым карыстаньне сучаснымі дасягненьнямі мэдыцыны падчас родаў. Гэта скандал,” - чытаем у заяве Галоўнай лекарскай рады.

Міністэрства здароўя тлумачыць, што цяпер цяжарная можа атрымаць бясплатныя абязбольваючыя лекі толькі тады, калі дзеля гэтага ёсьць мэдычныя падставы.

Падрыхтавала Анна Задрожна

Здымкі: pl.wikipedia.org