• Родная мова й нацыянальная тоеснасьць - 2
  • 20.01.2011

Праблема суадносінаў паміж роднай мовай і нацыянальнай тоеснасьцю ў публікацыях беларускай дыяспары займае асаблівае месца. Прадстаўнікі беларускай эмграцыі задумоўваюцца над прычынамі цураньня роднае мовы, такімі, як нігілізм, комплекс ніжэйшасьці ці непаўнавартаснасьці, каньюнктуралізм ды брак разуменьня наступстваў страты роднае мовы. Зьвяртаюць увагу на тое, што адрачэньне ад роднае мовы вядзе да хутчэйшай асыміляцыі беларусаў – у выпадку праваслаўных да русыфікацыі, а каталікоў – да палянізацыі (П. Залужны, Як зьнікаюць Беларусы й іншыя народы СССР, у: „Бацькаўшчына”, № 8 (492),  Мюнхэн 1960, с. 2).

Аказваецца, што заклік Францішка Багушэвіча з канца ХІХ ст. Не пакідайце нашай мовы беларускай, каб ня ўмерлі! актуальным застаецца і ў пачатку XXІ ст. Менавіта пра ролю гэтага закліку пісаў Янка Запруднік на старонках мюнхэнскай „Бацькаўшчыны”. Аўтар адзначыў, што Багушэвіч першым адчуў пагрозу русыфікацыі беларусаў і папярэдзіў беларускі народ перад пагрозай дэнацыяналізаіцыі, паказваючы шлях да выратаваньня – не пакідаць роднай мовы (Янка Запруднік, Не пакідайце-ж мовы нашай беларускай, каб ня ўмерлі! (З радыёвай хвалі Вызваленьне), у: „Бацькаўшчына”, №№ 12-13 (294-295), Мюнхэн 1956, с. 2).

Таксама часопіс Беларускага вызвольнага фронту „Барацьба”, які выдаваўся ў Штутгарце, адзначаў, што беларускі народ будзе існаваць так доўга, пакуль будзе захоўваць і разьвіваць родную мову, таму што мова – гэта вонкавы паказьнік душы народу. Прыгожая й багатая мова сьведчыць пра высокую духовую культуру данага народу (Жало, Што за мова?, у: „Барацьба”, № 4 (43), Штутгарт 1961, с. 18-19).

Беларуская гісторыя сьведчыць пра тое, што з усіх элемэнтаў вызначэньня нацыянальнасьці – тэрыторыі, эканомікі, культуры, псыхікі – гэта менавіта мова была асноўным чыньнікам. Яна мела прыярытэт над тэрыторыяй, таму што менавіта беларуская тэрыторыя вызначалася на падставе мовы, а не наадварот. На гэты аспэкт суадносін паміж мовай і нацыяй зьвярнуў увагу Янка Запруднік на старонках нью-ёрскага часопіса „Запісы”.

Яўхім Карскі, апрацоўваючы Этнаграфічную карту беларускага племені, дзеля вызначэньня межаў апіраўся выключна на жывую народную мову, як неад’емную частку шматвяковай беларускай народнасьці. Калі людзі трацяць мову, тады парываюць сувязі са сваім паходжаньнем. Разам з чужой мовай пераймаюць чужыя звычаі, і для свайго народу трацяць значэньне. Гэта менавіта мова сталася важным фактарам калі не юрыдычнага, дык сапраўднага прызнаньня беларусаў асобнай нацыяй у 1897 годзе падчас перапісу насельніцтва Расейскай імпэрыі. Таксама ў 1920-х гадох Язэп Лёсік паўтараў сваім студэнтам, што мова для беларусаў вызначае і палітыку, і эканоміку, і дзяржаўны лад (Янка Запруднік, Дзяржаўнасьць Беларусі ў дасавецкую пару, у: „Запісы”, № 15, Нью-Ёрк 1977, с. 17-18).

Гэта мова злучае людзей у адзін народ – падкрэсьліваў Вацлаў Ластоўскі. Значэньне мовы наймацней адчуваецца тады, калі чалавек апынецца на чужыне. Вацлаў Ластоўскі перасьцерагаў беларусаў, што калі яны адракуцца ад роднае мовы, тады й сьледу не застанецца па іх на зямлі. 

Лёс народу – гэта таксама й лёс мовы – пісаў Янка Запруднік ў публікацыі пад назовам Дзяржаўнасьць Беларусі ў дасавецкую пару, зьмешчанай на  старонках нью-ёрскага часопіса „Запісы”. Беларусь зьяўляецца першай краінай на постсавецкай прасторы, у якой паявілася пагроза пераўтварэньня беларускай мовы з жывой у мёртвую. Беларусы цураюцца свае мовы, як непатрэбнай, якая перашкаджае ім у кар’еры й пошуку лягчэйшага жыцьця. Гэта вынікае зь неразуменьня таго факту, што мова зьяўляецца падставай культуры народу, яго кансалідаыі, урэшце гарантам яго існаваньня (тамсама).

Беларуская дыяспара ў змаганьні за незалежнасьць бацькаўшчыны зьвяртала вялікую ўвагу на ролю Царквы ў гэтым працэсе. На старонках розных эміграцыйных часопісаў закраналіся, з аднаго боку, актуальныя пытаньні, датычныя беларусізацыі рэлігійнага жыцьця, а з другога – важныя даты зь мінулых стагодзьдзяў.   

Царква адыгрывае істотную ролю ў фарміраваньні нацыянальнае тоеснасьці, але дзеля гэтага павінна гэта быць Беларуская царква, у якой у шырокім ужытку будзе знаходзіцца родная мова яе вернікаў.

А. Бутрымовіч выходзіў па-за праблему беларусізацыі толькі Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы ды заўважаў, што гэтае пытаньне закранае ўсё беларускае рэлігійнае жыцьцё. У артыкуле пад назовам У справе беларусізацыі нашых цэркваў, апублікаваным на старонках мюнхэнскай  ,,Бацькаўшчыны”, пісаў:

Ідэя царкоўнай і рэлігійнай незалежнасьці вяжацца непадзельна з нацыянальнай незалежнасьцяй кажнага народу, а паняволенага ў васаблівасьці. Змагацца толькі за палітычную й гаспадарчую незалежнасьць свайго народу, а аставацца ў царкоўнай, духовай залежнасьці ад сваіх палітычных і нацыянальных ворагаў – гэта ніякае змаганьне. (...) Незалежнасьць палітычная й нацыянальная мусіць вырастаць з душы народу, з духовай, псыхічнай, культурнай, моўнай, абрадавай, звычаёвай і г. д. незалежнасьці чалавека, зь ягонага маральнага складу, да якога ворагу дабрацца ня так лёгка. І вось царква, як запраўдная выхавальніца чалавека, мае вытварыць гэткі маральны склад чалавека пры дапамозе сваіх выхаваўчых сродкаў”. (А. Бутрымовіч, У справе беларусізацыі нашых цэркваў, у: ,,Бацькаўшчына”, № 19 (503), Мюнхэн, 8 траўня 1960, с. 3).

Ніна Баршчэўская