• Рапарт МАК: разнагалосьсі
  • Audio5.95 MB
  • 19.01.2011

У Польшчы вярнулася справа катастрофы прэзыдэнцкага самалёта Ту-154М, якая здарылася 10 красавіка мінулага году пад Смаленскам. Разнагалосьсі зьявіліся пасьля дакумэнту Міжурадавага авіяцыйнага камітэту, які тыдзень таму прадставіў рапарт аб прычынах трагедыі.

У рапарце МАК гаворыцца, што экіпаж Ту-154 прадпрыняў спробу выканаць пасадку ў аэрапорце Смаленска, нягледзячы на цяжкія мэтэаралягічныя ўмовы, у прыватнасьці, надзвычай густы туман. Авіяцыйныя экспэрты сьцьвярджаюць, што непасрэднай прычынай катастрофы стала тое, што экіпаж не перарваў манэўру пасадкі, каб адысьці на другі круг альбо запасны аэрадром. Акрамя таго, зазначаецца ў рапарце, польскія афіцэры ігнаравалі сыгналы сыстэмы TAWS, якая папярэджвае аб набліжэньні самалёта да зямлі. Спэцыялісты МАК таксама напісалі, што экіпаж працаваў пад псыхалягічным прэсінгам, паколькі на борце знаходзіўся прэзыдэнт Качыньскі й высокапастаўленая дэлегацыя, якая накіроўвалася на жалобныя ўрачыстасьці на мэмарыяльныя могілкі забітых НКВД у Катыні польскіх афіцэраў.

Пасьля агалошаньня рапарту МАК польскі бок выказаў крытыку. У прыватнасьці, было сказана, што ў дакумэнце нічога не гаворыцца пра ролю й магчымыя памылкі расейскіх авіядыспэтчараў. Учора ў Варшаве ў сваю чаргу быў прадстаўлены польскі рапарт, апрацаваны сьледчай камісіяй, якая працуе пад кіраўніцтвам міністра ўнутраных справаў Ежы Мілера. На канфэрэнцыі быў прадстаўлены запіс перамоваў паміж дыспэтчарскім пунктам і экіпажам польскага Ту. Паводле польскіх спэцыялістаў, авіядыспэтчары ў Смаленску працавалі ва ўмовах псыхалягічнага напружаньня, і ў сувязі з гэтым зьдзейсьнілі шмат памылак. У прыватнасьці, яны не паведамілі польскім лётчыкам аб тым, што ляйнэр знаходзіцца значна ніжэй глісады. Паводле польскіх адмыслоўцаў, паводзіны расейскіх авіядыспэтчараў аказалі непасрэдны ўплыў на трагічны манэўр прызямленьня Ту-154.

Прэзыдэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі зьвярнуўся да палітыкаў і спэцыялістаў з заклікам не накаляць атмасфэры вакол смаленскай катастрофы, а працягнуць працу па высьвятленьні прычын у імя таго, каб падобных здарэньняў больш не было. Паводле кіраўніка польскай дзяржавы, галоўнае – не шукаць вінаватых, а прычыну катастрофы.

Б. Камароўскі: Крытыкуецца расейскі рапарт, і ёсьць за што, напрыклад, за тое, што дыспэтчары не забаранілі польскаму самалёту прызямляцца ў густым тумане. Я хацеў бы падкрэсьліць, што ў нашым інтарэсе, у інтарэсе польскіх лётчыкаў зьяўляецца тое, каб пазнаць памылкі, каб вучыцца на пымалках, і няважна, ці гэта польскі, расейскі ці кітайскі рапарт.

Польскі спэцыяліст у галіне авіяцыі, член Дзяржаўнай камісіі дасьледаваньня авіяцыйных здарэньняў Рышард Руткоўскі зьвяртае ўвагу на тое, што ў катастрофе вінаваты ня толькі польскі экіпаж, але й расейскія авіядыспэтчары.

Р .Руткоўскі: Падчас прызямленьня самалёта не было аднаго чалавека, які б адказваў за пасадку, а такім чалавекам павінен быць дыспэтчар. Аказалася, што дыспэтчар ня ведаў, што рабіць з польскім самалётам, і таму, між іншым, кантактаваўся з Масквою.  

Пры гэтым польскі экспэрт зазначае, што нельга не казаць пра памылкі польскага экіпажу, які парушыў правілы эксплюатацыі паветранага судна.

Р. Руткоўскі: Калі ў інструкцыі напісана, што вышыня прыняцьця рашэньня складае, напрыклад, 120 мэтраў, то перасякаць гэтую вышыню экіпаж не павінен, а камандзір павінен прыняць неадкладнае рашэньне аб прыпыненьні манэўру пасадкі й заходу на другі круг. Перасёкшы вышыню прыняцьця рашэньня, экіпаж трапіў у бязвыхадную сытуацыю.

Кіраўнік тэхнічнай камісіі Міжурадавага авіяцыйнага камітэту Аляксей Марозаў лічыць, што на смаленскіх авіядыспэтчараў не аказваўся ціск, каб любой цаной пасадзіць самалёт. Пры гэтым Марозаў зазначыў, што ў рапарце МАК гаворыцца аб тым, што дыспэтчары не згадзіліся на пасадку Ту-154.

А. Марозаў: Камісія прааналізавала запісы, зарэгістраваныя дыспэтчарскім магнітафонам, а таксама запісы перамоваў групы кіраваньнямі палётамі з экіпажам самалёта Ту-154. Таксама была праведзена незалежная ацэнка дзеяньняў групы кіраваньня палётамі. Фактаў ціску на групу кіраваньня палётамі ня выяўлена. Яшчэ раз нагадаю, што зьніжэньне было дазволена толькі да вышыні 100 мэтраў. Дазволу на пасадку кіраўнік палётаў не выдаваў. 

Тым часам міністар транспарту Расеі Ігар Лявіцін лічыць, што пакуль рана казаць пра прычыны катастрофы, таму што сьледзтва не завершана. МАК падрыхтаваў толькі рапарт, які тычыцца тэхнічнага боку трагедыі, а сьледзтва вядзе Сьледчы камітэт пры Генэральнай пракуратуры Расеі, зазначыў Лявіцін.

І. Лявіцін: Расейскай вэрсіі няма, ёсьць пастанова тэхнічнай камісіі МАК. Гэта незалежны ворган, які і расейскі бок, і польскі выбралі для правядзеньня незалежнай тэхнічнай экспэртызы. Расейская вэрсія будзе пасьля таго, як сьледчыя ворганы, атрымаўшы тэхнічны рапарт МАК, правёўшы свае сьледчыя дзеяньні, установяць прычыны й вінаватых. Вось тады зьявіцца расейская вэрсія.

З дзьвюх вэсіяй рапарту – польскага й МАК – можна зрабіць наступныя высновы. Па-першае, смаленскія авіядыспэтчары не павінны даваць дазвол на прызямленьне самалёта. Зь іншага боку, калі б гэта так сталася, то выбухнуў бы дыпляматычны канфлікт, быццам бы расейцы не дапусьцілі прэзыдэнта Качыньскага да ўдзелу ў жалобных урачыстасьцях. А па-другое, ня бачачы зямлі, у надзвычай густым тумае, капітан паветранага судна павінен перарваць прызямленьне й адысьці на другі круг альбо запасны аэрадром. Такое рашэньне капітуну хутчэй за ўсё было цяжка прыняць, бо на борце быў прэзыдэнт і дэлегацыя, якой ужо чакалі ў Катыні.   

Валера Саўко