• Запрашаем у Польшчу на польскі карнавал
  • Audio3.52 MB
  • 21.01.2011

Сёньня запрашаем вас, шаноўныя слухачы, на традыцыйны польскі карнавал. Хаця слова „карнавал” многім асацыюецца з гарачамі рытмамі Рыа-дэ-Жанэйра, каляровымі касьцюмамі й латына-амэрыканскімі танцамі, польскі карнавал ня мае з гэтым нічога супольнага, аднак удзел у польскім карнавале можа таксама запомніцца надоўга.

Карнавал у польскай традыцыі – гэта пэрыяд ад каталіцкага сьвята Трох Каралёў, якое адзначецца 6 студзеня,  аж да „д’ябальскага аўторку” перад Папяльцовай серадой, ад якой пачынаецца Вялікі Пост.

Пачаткі карнавальных забаваў, зьвязных з пераaпананьнем у розныя постаці, паявіліся ў Заходняй Эўропе ў эпосе Сярэднявечча, а адтуль перавандравалі ў Польшчу й перамяшаліся з народнымі забавамі й абрадамі.

Арыстакратыя бавілася ў палацавых залях пад музыку аркестраў у бальнай вопратцы. Неад’емнай часткай балю былі маскі, адсюль і назва „баль-маскарад”. Звычайныя ж людзі бавіліся ў хатах на гэтак званых патанцоўках пад музыку фальклёрных гуртоў.

У народзе карнавал абраў назву „Запусты”, калі пасьля адвэнту ў калядны й навагодні пэрыяд аж да Вялікага посту ад смачных страваў можна было запушчаць сабе жывот.

Вельмі гучныя запусты былі ў шляхэцкіх і магнацкіх дварох. У XVІІ стагодзьдзі сьпявалі „Ня хочуць паны капусты, толькі дзікоў, аленяў і іншага мяса”. Сапраўды, сталы ад страваў і напояў аж гнуліся.

Падчас карнавалу былі вельмі папулярныя карагоды пераапранутых людзей. У вясёлым паходзе ў залежнасьці ад рэгіёну былі коні, козы, буслы, чорт, сьмерць, баба зь дзедам, анёлы й канечне ж музыкі з народнымі інструмэнтамі – дудамі, лірамі ды скрыпкамі.

Самым важным рэлігійным сьвятам падчас запустаў зьяўляецца ўрачыстасьць Ахвяраваньня  Гасподняга, называная ў народзе Сьвятам Маці Божай Грамнічнай альбо проста Грамніцамі. Грамнічная сьвечка, зробленая з сапраўднага пчалінага воску, зьяўляецца сымбалем чалавечага жыцьця й суправаджае чалавека ад момату народзінаў аж да сьмерцьці. Ад Грамніцаў перастаюць сьпяваць калядкі, разбіраюцца елкі й яселькі. Апошні раз каляднікі вандруюць па дамох і разыгрываюць вясёлыя сцэнкі з жыцьця вёскі ці рэлігійныя аповесьці. За гэта атрымліваюць грошы ці пачастунак. 

У апошнія дні карнавалу, называныя „д’ябальскім аўторкам”, альбо астаткамі, не было меры забавам і пачастункам. Смажыліся тлустыя аладкі, бліны, хвораст, пончыкі й іншыя стравы. Такім чынам пачынаўся „тлусты чацьвер”, які распачынаў „тлусты тыдзень”. У сучасных рэаліях захаваўся толькі „тлусты чацьвер”, а са страваў пончыкі й хвораст. Кажуць, што калі нехта ў гэты чацвер ня зьесьць прынамсі адзін пончык, то ўвесь год будзе няўдачнікам.

Тры апошнія дні карнавалу называліся мясапустам. Як сама назва гаворыць, мяса елася ў гэтыя дні даволі.  У запустны аўторак перад Папельцам, называны сьледзікам, моладзь з усёй вёскі зьбіралася ў карчме, каб разам завершыць мясапуст. Пад канец забавы на стале паяўляўся падкурак - стравы зь яек, малака й сялёдкі, якія сымбалізавалі пераход ад мясапусту да посных страваў. Дакладна апоўначы на падлогу высыпаўся попел і такім чынам пачынаўся Вялікі Пост, а разам зь ім чаканьне Вялікадня.

КР