• 500 дзён да чэмпіянату Эўропы па футболе „EURO 2012”
  • Audio5.3 MB
  • 25.01.2011

Да пачатку чэмпіянату Эўропы па футболе „EURO 2012” засталося менш зa 500 дзён. Эўрапейскае спаборніцтва пачнецца 7 чэрвеня 2012 году. Матчы пройдуць у чатырох гарадох у Польшчы ( Варшаве, Уроцлаве, Гданьску, Познані) і чатырох ва Ўкраіне.

Польскі ўрад запэўнівае, што да гэтага часу палякі пасьпеюць з падрыхтоўкай. Тым часам камэнтатары перасьцерагаюць, што ўсё можа закончыцца для Польшчы вялікім сорамам. Тысячы заўзятараў сустрэнуць брудныя вакзалы, старыя цягнікі й недабудаваныя аўтастрады. Найлепш сытуацыя выглядае на стадыёнах.

Менавіта на адным зь іх  - у Гданьску, падрыхтоўку да чэмпіянату падсумаваў прэм’ер-міністар Дональд Туск.

Дональд Туск: Усё гэта сапраўды адбудзецца ў Польшчы, і ва Ўкраіне. Аніводная з асноўных інвэстыцыяў не была змарнаваная.

- пераконваў падчас адмысловай прэс-канфэрснцыі кіраўнік польскага ўраду. 

Таксама міністар спорту Адам Герш лічыць, што калі б не спаборняцтва, рэалізацыя шматлікіх інвэстыцыйных праектаў пачалася толькі праз 2-5 гадоў.

Палітык пераконвае, што найважнейшыя інвэстыцыі ў дарожную інфраструктуру будуць завершаныя своечасова, а значыць да чэмпіянату.

Адам Герш: У больш чым 80% усе найважнейшыя, дарожныя праекты – асноўныя па значэньні для „EURO 2012”, будуць рэалізаваныя.

- гарантаваў міністар спорту. 

Калі гаворка ідзе пра польскі бок, мы выконваем плян , - гаворыць пра падрыхтоўку да спаборніцтва Гжэгаж Лята, старшыня Польскага зьвязу па футболе.

Гжэгаж Лята: Мы рухаемся паводле пляну. Ужо дамоўленыя матчы: 9 чэрвеня у Гданьску матч Польшча - Францыя, 6 чэрвеня палякі будуць гуляць зь немцамі  падчас адкрыцьця стадыёну ў Варшаве. Цяпер працягваюцца перамовы адносна матчу падчас адкрыцьця стадыёну ва Ўроцлаве.

- нагадаў старшыня Польскага зьвязу па футболе Гжэгаж Лята. 
 
Цэны білетаў на чэмпіянат Эўропы па футболе не павінны быць надта высокія, - гарантуе дырэктар „EURO 2012” Адам Альковіч. Ён дадаў, што UEFA дапрацоўвае сыстэму й прынцыпы распаўсюду білетаў на матчы.

Вядома таксама, колькі білетаў змогуць купіць польскія заўзятары. Адам Альковіч тлумачыць, што іх колькасьць акрэсьленая працэнтна.

Адам Альковіч: Гэта будзе больш за 15% усіх месцаў на стадыёне. А значыць, калі на варшаўскім стадыёне ёсьць 55 тысячаў месцаў, лёгка палічыць, што гэта будзе каля 8 тысячаў месцаў для палякаў, наступныя 8 тысячаў месцаў для супернікаў польскай зборнай. Астатнія месцы будуць выдзяляцца на падставе лёсаваньня. Пэўныя льготы датычаць прадстаўнкоў СМІ і спонсараў, гэта зразумелая справа.

- заявіў  дырэктар „EURO 2012” Адам Альковіч.

Агулам на чэмпіянат па футболе будзе падрыхтавана 1,5 мільёна білетаў, а значыць на 500 тысячаў больш, чым падчас папярэдняга чэмпіянату. Рэгістрацыя на куплю білетаў пачнецца з 1 сакавіка. Кожны заўзятар з Польшчы ды Ўкраіны мае права хадайнічаць за чатыры білеты на кожны з матчаў сваёй зборнай. Пазьней білеты будуць прадаваць нацыянальныя фэдэрацыі па футболе.

Як запэўнівалі польскія ўлады, чэмпіянат Эўропы па футболе меў быць таксама нагодай да цывілізацыйных пераменаў у Польшчы, але ўжо вядома, што гэта не да канца ўдасца, - лічыць Адрыян Фургальскі з каманды эканамічных дарадчыкаў „TOR”.

Адрыян Фургальскі: Стадыёны будуць рэалізаваныя ў 100%. Аэрапорты ў 2/3, дарогі напалову. У сваю чаргу чыгунка – у 20%, калі гаворка ідзе пра рамонт вакзалаў. Тым часам аніводная чыгуначная лінія ня будзе поўнасьцю мадэрнізаваная.

- заявіў Адрыян Фургальскі.

Камэнтатары спадзяюцца, што заўзятары ня зьвернуць увагі на недахопы, калі польская зборная пакажа сябе як мага лепш.

Калі гаворка ідзе пра супрацу з партнэрам чэмпіянату – Украінай,  яна павінна датычыць, перш за ўсё, транспарту й перасячэньня мяжы. Украінцы нагадваюць, што перасячэньне польска-ўкраінскай мяжы займае часам некалькі гадзінаў: мытны кантроль надта складаны, а патрабаваньне мытнікаў па абодвух баках не заўсёды зразумелыя. Рашэньнем згаданай праблемы маюць быць супольныя мытныя польска-ўкраінскія кантролі, якія павінны прысьпешыць працэдуры.

Нагадаем, ва Ўкраіне матчы ў рамках чэмпіянату Эўропы па футболе „EURO 2012” будуць праходзіць таксама, як у Польшчы, у чатырох гарадох: Кіеве, Львове, Данецку й Харкаве.

Мясцовыя ўлады гарантуюць, што зробяць усё магчымае, каб аблегчыць побыт замежных заўзятараў на тэрыторыі сваёй краіны. Гаворка ідзе, напрыклад, пра дапамогу для асобаў, якія ня ведаюць кірыліцы.

Прадстаўнікі Спартыўнай асацыяцыі маркетынгу Ўкраіны прыдумалі, што гліняная акарына можа замяніць гіт Чэмпіянату сьвету па футболе ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы - вувузэлі. Як тлумачаць украінцы, дудачка мае ніжэйшы голас, таму ейны гук не павінен перашкаджаць ані спартсмэнам, ані публіцы.

аз