Амаль 1/3 сярод лідараў 38 нацыянальных англіканскіх касьцёлаў байкатуе зьезд Англіканскай супольнасьці ў Дубліне. Разнагалосьсі англіканаў тычацца адносін да гомасэксуалізму.
На зьезд у Дублін запрошаны 38 кіраўнікоў аўтаномных англіканскіх супольнасьцяў з цэлага сьвету. Удзельнікі зьезду засяродзіліся на спрэчцы вакол дзейнасьці амэрыканскага Эпіскапальнага касьцёла, якім кіруе жанчына, біскуп Кэтрын Джэфэртс Шоры. Нядаўна яна дала біскупскія пасьвечаньні лесьбіянцы й дазволіла даваць шлюбы аднаполым парам.
Разнагалосьсі паміж лібэральнай і традыцыйнай плынямі нацыянальных касьцёлаў Англіканскай супольнасьці пачаліся ў 2008 годзе. 300 кансэрватыўных біскупаў зладзілі ў Ерусаліме незалежны зьезд, а потым збайкатавалі сусьветны сынод англіканаў у Кантэрбэры. Колькасьць збунтаваных біскупаў стала павялічваецца. У бягучым месяцы 3 брытанскія ерархі перайшлі ў Каталіцкі касьцёл.