Чэхіі пагражае дэфіцыт вады?

Чэхіі пагражае дэфіцыт вады, паведаміў тыднёвік „Mlada Fronta Dnes”.

Паводле згаданага выданьня, Чэхія належыць да групы краінаў Эўразьвязу з найменшымі рэсурсамі вады. Меншы чым у Чэхіі доступ да вады - толькі ў Летуве, Бэльгіі, на Кіпры, у Люксэмбургу й на Мальце.

Паводле экспэртаў, палова грамадзянаў Чэхіі карыстаецца падземнымі рэсурсамі вады. Тым часам зьмена клімату прычыняецца да зьмяншэньня рэсурсаў вады. Яшчэ некалькі гадоў таму ападкі дажджу былі аднолькавыя цягам усяго году. Цяпер дaжджы ідуць часьцей, яны больш праліўныя, а насычаная вадой глеба за кароткі час ня ў стане ўсмактаць вялікія аб'ёмы ападкаў.

У гэткай сытуацыі чэскі ўрад вырашыў пачаць працу над апрацаваньнем мапы водных рэсурсаў. Кошт праекту складзе больш за 25 мільёнаў эўра. Большасьць згаданай сумы выдзеліць Эўразьвяз.

Канцэрагенныя субстанцыі ў смале

Найноўшыя дасьледаваньні амэрыканскіх навукоўцаў сьведчаць пра тое, што ў каменнавугальнай смале, якая выкарыстоўваецца для латаньня дзіркаў у асфальце, будовы стаянкаў ды пад’ездаў ля дамоў, знаходзяцца канцэрагенныя субстанцыі.

Вынікі згаданых аналізаў апублікавала амэрыканскае ўрадавае геалягічнае агенцтва.

Паводле навукоўцаў з US Geological Survey, падчас распаду каменнавугальнай смалы ўзьнікае пыл, які ўтрымлівае ў сабе вельмі небясьпечныя хімічныя субстанцыі з групы бэнзапірынаў. Гэтыя рэчывы высока канцэрагенныя й дасканала пранікаюць у нашыя дамы.

У адказ на згаданыя паведамленьні вытворцы смалы хочуць правесьці ўласныя аналізы. Праблему агучыла Амэрыканскае агенцтва аховы навакольнага асяродзьдзя, якое назірае за пытаньнем выкарыстаньня смалы, перш за ўсё ў ваколіцах гарадоў Чыкага, у Тэксасе, Дэтройце ці Мінэапалісе.

Швайцарцы плянуюць збудаваць сымулятар ведаў

Швайцарскія наукоўцы плянуюць стварыць машыну для сымуляцыі ўсіх працэсаў, якія адбываюцца на Зямлі.

Гэтак званы сымулятар жывой зямлі (Living Earth Simulator) павінен дапамагчы ў спазнаньні шматлікіх праблемаў сучаснага чалавецтва.

Сымулятар будзе збудаваны зь гіганцкіх кампутараў, якіх пакуль яшчэ ніхто не стварыў. Аўтар ідэі доктар Дырк Гельбінг (Dirk Helbing) з Фэдэральнага тэхналягічнага інстытуту ў Швайцарыі заяўляе, што ўжо цяпер зьбіраюцца велізарныя колькасьці дадзеных дзеля пераапрацоўкі.

Сымулятар павінен займацца цывілізацыяй, грамадзкасьцю й прыродазнаўствам. Канкрэтныя праблемы, якія чакаюць рашэньня, гэта, напрыклад, прадбачваньне эпідэмій грыпу й фінансавых крызысаў, коркаў у гарадох і кліматычных зьменаў, а таксама накірункаў эканамічнага разьвіцьця й г.д.
 
Сыстэма можа высьветліць многія таямніцы Зямлі, паколькі, як пераконваюць швайцарскія сацыёлягі, ейныя фонды дадзеных будуць амаль неабмежаваныя.

NASA адкрыла падобную да Зямлі плянэту

Амэрыканскія астраномы адкрылі найменшую вядомую плянэту пазасонечнай сыстэмы.

Памерам яна нагадвае Зямлю і, падобным чынам, як наша плянэта, складаецца са скалаў. Дыямэтар плянэты Кэплер 10б (так яна называецца) у 40% большы, чым Зямлі, а ейны цяжар – у амаль у пяць разоў большы.

Новая плянэта распаложаная ў адлегласьці 560 сьветлавых гадоў. „Яе мацярыстая зорка нагадвае нашае Сонца, але яна за яго старэйшая амаль у тры разы. Яна налічвае амаль 12 мільярдаў гадоў,” – заяўляе доктар Наталі Батальга (Natali Batalha) з Амэрыканскага касьмічнага агенцтва.

Плянэта была адкрыта дзякуючы амэрыканскаму тэлескопу „Кэплер”, які быў адпраўлены ў космас адмыслова дзеля пошукаў пазасонечных плянэтаў.

Астраномы з NASA гавораць, што атрыманыя дзякуючы тэлескопу здымкі вельмі падрабязныя, а адкрыцьцё новай плянэты, гэта адна з найцікавейшых навуковых падзей у гісторыі чалавецтва.

Кэплер 10б кружыць вакол мацярынскай зоркі ў невялікай адлегласьці, таму на ягонай паверхні вельмі горача, у сувязі з гэтым спадзявацца там нейкіх сьлядоў жыцьця ня варта. Тым ня менш, згаданае адкрыцьцё сьведчыць пра тое, што ў нашай галяктыцы існуюць падобныя да Зямлі плянэты.

Тэлескоп «Кэплер» будзе весьці іх пошук цягам трох бліжэйшых гадоў.


Падрыхтавала Анна Задрожна

Здымкі: pl.wikipedia.org