• Сытуацыя ў Каіры й іншых эгіпецкіх гарадах надалей напружаная
  • Audio3.41 MB
  • 29.01.2011

Сытуацыя ў Каіры й іншых эгіпецкіх гарадах надалей напружаная. Учора цэлы дзень на вуліцах пратэставалі тысячы эгіпцянаў. Сёньняшні дзень не прынёс зьменаў.

Дэманстранты патрабуюць адстаўкі прэзыдэнта Хосьні Мубарака, які знаходзіцца пры ўладзе 30 гадоў. Прэзыдэнт у звароце да народу аднак заявіў, што не зьбіраецца адмаўляцца ад пасады. Ён распусьціў урад і заявіў аб cфармаваньні новага, які зоймецца патрэбнымі рэформамі.

Пасьля праслуханьня выступу прэзыдэнта людзі зноў выйшлі на вуліцы. Масавыя пратэсты трываюць ужо пяты дзень. Іх ахвярамі сталі прынамсі 35 чалавек (сярод іх 10 паліцыянтаў), больш за тысячу параненая. У сутычках з дэманстрантамі паліцыя выкарыстоўвае водныя гарматы й паліцэйскія палкі, а натоўп абстрэльвае гумовымі кулямі. Сёньня ў Каіры было чуваць стрэлы. На вуліцы найбуйнейшых гарадоў улады выслалі войска, аднак вайскоўцы паводзяць сябе спакойна.

У цэлым Эгіпце ўведзена паліцэйская гадзіна, аднак ніхто не прытрымліваецца гэтай забароны. У сталіцы была падпалена сядзіба кіруючай партыі Хосьні Мубарака, дэманстранты патрабуюць працоўных месцаў, свабоды, ліквідацыі карупцыі, дэмакратыі й справядлівасьці. Яны кажуць, што без сур’ёзных зьмен ва ўладзе сытуацыя ў краіне не супакоіцца.

Апазыцыянэр: Я перакананы, што палітыка зачыненых дзьвярэй, выбарчых фальсыфікацыяў і ўмяшальніцтва ў справы прафсаюзаў ня будзе забытая. Усё разам павінна прывесьці да выбуху, да гэтага моманту засталося зусім няшмат.

Дэманстранты выйшлі на вуліцы пад кіраўніцтвам апанэнта Мубарака, ляўрэата Нобэлеўскай прэміі ў галіне міру Махамэда аль-Барадэі. На яго асобу накладзены хатні арышт, аднак аль-Барадэі не прытрымліваеца гэтай забароны.

Акрамя Каіра, пратэсты адбываюцца ў Александрыі, Суэзе, Асуане й Мансуры.

За падзеямі ў Эгіпце сочыць увесь сьвет, тым больш, што гэта адна з найпапулярнейшых турыстычных краінаў. Урады многіх краін асьцерагаюць сваіх турыстаў, каб заставаліся на тэрыторыі цэнтраў адпачынку, не выязджалі ў большыя гарады ды захоўвалі асьцярожнасьць.

Прэзыдэнт ЗША перасьцярог улады Эгіпту, каб яны не выкарыстоўвалі сілы й не дазволілі праліць кроў дэманстрантаў. Барак Абама запэўніў, што Амэрыка сочыць за сытуацыяй у краіне. Ён падкрэсьліў, што эгіпцяне, як і ўсе людзі ў сьвеце, павінны мець гарантаваныя асноўныя правы.

Б. Абама: Народ Эгіпту мае ўнівэрсальныя правы: права на сходы, на свабоду слова й прыманьне рашэньня аб сваёй будучыні. Гэта правы чалавека, а ЗША будуць іх ахоўваць паўсюль.

Амэрыканскі прэзыдэнт размаўляў па тэлефоне з Хосьні Мубаракам пасьля яго публічнага выступу й нагадаў яму, што „на ім ляжыць адказнасьць за тое, каб яго словы не аказаліся пустымі”.

Эўразьвяз заклікаў улады ў Каіры даць „мірны адказ” на чаканьні эгіпецкага грамадзтва ў дачыненьні да эканамічных і палітычных рэформаў.

Беларускі гісторык і палітоляг Павал Усаў нагадвае, што ўладу ў Эгіпце параўноўваюць з таталітарным рэжымам, дзе існуе моцны палітычны кантроль над усімі сфэрамі жыцьця. На думку экспэрта, у бліжэйшы час не адбудзецца зьмены прэзыдэнта ў Эгіпце.

П. Усаў: Я думаю, што сытуацыя ў бліжэйшым часе ня зьменіцца, паколькі ў сёньняшняга прэзыдэнта Мубарака ёсьць шмат палітычных рэсурсаў, дзякуючы якім ён можа падавіць усе выступы супраціву й жорстка ўсталяваць парадак у краіне.

Эгіпет – гэта ня першая афрыканская краіна, якую ахапілі масавыя пратэсты. Падобная сытуацыя пануе ў Тунісе, Саўдаўскай Арабіі й Емэне.

ап