У экалягічнай рубрыцы працягваецца гаворка на тэму генэтычна мадыфікаваных арганізмаў. Нашым госьцем зьяўляецца прафэсар Томаш Твардоўскі – вялікі прыхільнік трансгенных арганізмаў.
Нагадаем, што ГМА – гэта арганізмы, гены якіх мэтанакіравана зьмененыя чалавекам. Мадыфікацыя мае на мэце, між іншым, павелічэньне імунітэту арганізма на шкодныя арганізмы, інфэкцыі, бактэрыі, грыбкі, на кліматычныя зьмены; зьмену канцэтрацыі ў арганізьме вуглевадародаў ці вітамін; большую трываласьць і сьвежасьць садавіны й агародніны.
У сьвеце найчасьцей мадыфікаванымі расьлінамі зьяўляюцца кукуруза, памідоры, соя, бульба, бавоўна, тытунь і дыні. У Эўропе найчасьцей мадыфікуюцца кукуруза, рапс, цукровыя буракі й бульба.
Кожны з бакоў, прыхільнікі й праціўнікі ГМА, маюць доказы сваіх тэорый – аб шкоднасьці ці наадварот - бясьпечнасьці зьмененых арганізмаў.
Паводле праціўнікаў ГМА, найлепшаю альтэрнатываю для трансгенных арганізмаў зьяўляюцца экалягічныя прадукты харчаваньня. Прафэсар Твардоўскі адзначае, што гэта няўдалае параўнаньне, бо гэта дзьве цалкам розныя галіны.
Т. Твардоўскі: Экалягічныя прадукты харчаваньня, экавытворчасьць, агратурызм, натуральныя прадукты – гэта вельмі модныя й прыгожыя тэрміны, якія цяпер выкарыстоўваюцца. І няхай яны надалей добра разьвіваюцца. Толькі яны накіраваныя да іншай катэгорыі спажыўцоў і маюць іншы характар. Па-першае, вырошчваньне экалягічных прадуктаў зьяўляецца напалову менш эфэктыўным, чым стандартных прадуктаў, а па-другое, удвая даражэйшае. У выніку экалягічнае харчаваньне адрасавана да элітнай групы кліентаў, у якіх ёсьць грошы.
Прафэсар Твардоўскі зьвяртае ўвагу на тое, што ў сьвеце вялікая частка насельніцтва пакутуе ад голаду. Дзякуючы фінансавым карысьцям у вытворчасьці ГМА гэтую праблему можна зьменшыць.
Т. Твардоўскі: Мы ня можам клапаціцца толькі пра багатую частку эўрапейцаў і, у прыватнасьці, пра палякаў. Эўрапейцы агулам багатыя й могуць за прадукты заплаціць на 20-40% даражэй. Але ў сьвеце ёсьць шмат людзей, якія ня маюць чаго есьці. Гэта нашая агульная праблема.
Вытворчасьць прадуктаў ГМА зьяўляецца значна таньнейшай. І з гэтым згаджаецца пераважная большасьць эканамістаў і спэцыялістаў.
Т. Твардоўскі: Такім прыкладам зьяўляецца генэтычна зьменены корм для жывёлы, між іншым, соя, якую палякі імпартуюць у вялікіх аб'ёмах. У Польшчы яе няма й мы вымушаныя імпартаваць 2 мільёны тон трансгеннай соі, каб выпусьціць танныя прадукты для ўласных патрэбаў і на экспарт. 2 мільёны тон, якія мы купляем, гэта прыкладна 98% усёй соі, якая выкарыстоўваецца ў Польшчы. Такім чынам мы купляем значна даражэй тое, што маглі б вырошчваць самі, але таньней. Мы пратэстуем супраць сваіх трансгенных расьлін, але й так купляем іх за вышэйшую цану за мяжой. Справа выглядае адназначна.
Прафэсар адзначае, што найважнейшым зьяўляецца захаваньне раўнавагі й аб’ектывізму. Варта выканаць баланс карысьцяў і стратаў.
Т. Твардоўскі: Я ніколі не сказаў, што нешта зьяўляецца на 100% бясьпечным. У кожнай сытуацыі трэба правесьці параўнаньне – колькі мы атрымліваем плюсаў, а колькі губляем. І на гэтай падставе прымаць рашэньне. Але яшчэ раз дадам, што ніколі няма ўпэўненасьці на 100%. А тым больш навуковец ніколі ня мае права сказаць, што ў нечым ён цалкам упэўнены, бо ніколі невядома, што можа высьветліцца заўтра.
Адной з пагроз, на якія зьвяртаецца ўвага, зьяўляюцца глябалізацыя, манаполіі на ГМА й вялікі прыбытак толькі акрэсьленых суб’ектаў. Прафэсар Твардоўскі кажа, што абавязкам дзяржавы зьяўляецца кантроль за тым, каб кожны з бакоў меў прыбытак і прыносіў карысьці кожнаму, у тым ліку спажыўцам. Пытаньне манаполіі на ГМА зьяўляецца цалкам іншай праблемай – адзначае Томаш Твардоўскі.
Т. Твардоўскі: Зьвярніце ўвагу, што ў выпадку мабільных сетак ці кампутарных тэхналёгій таксама захоўваецца глябальны рынак, дзе дамінуюць літаральна некалькі фірмаў. У выпадку ГМА мы напэўна маем дачыненьне з глябалізацыяй харчовага рынку. Але гэта вынік не генэтычнай інжынерыі, а бізнэсу. Гэта працэс, які адбываецца ў цэлым нашым жыцьці, ва ўсіх галінах эканомікі. Напэўна манаполія й глябалізацыя – гэта небясьпечныя зьявы, але гэта задача для нашых палітыкаў і ўрадаў. Таксама іх абавязкам зьяўляецца стварэньне такога закону, які будзе гарантаваць бясьпеку інтарэсаў кожнаму грамадзяніну.
Ці ў такім выпадку, калі ГМА мае такую вялікую колькасьць праціўнікаў, удасца ў Эўропе ў вялікім маштабе ўвесьці вытворчасьць трансгенных расьлін і прадуктаў? Прафэсар Твардоўскі перакананы, што іншага выйсьця няма.
Т. Твардоўскі: Мы ня зможам уцячы ад генэтычна мадыфікаваных арганізмаў. ГМА – гэта ня толькі прадукты харчаваньня. Ежа зьяўляецца найдрабнейшым і найменш важным элемэнтам, зьвязаным зь геннай інжынерыяй. Найважнейшымі зьяўляюцца біяэнэргетыка й біяматэрыялы. Ёсьць яшчэ біяфармацэўтыка, што, дарэчы, не выклікае ніякіх супраціваў. Агромная частка лекаў выпускаецца пры дапамозе генэтычнай інжынерыі. Яны ратуюць жыцьцё чалавеку, а таксама ўплываюць на яго ўзровень. Генэтычна мадыфікаваныя матэрыялы – гэта будучыня. Бяз гэтага мы ня зможам далей разьвівацца.
Нашым суразмоўцам быў прафэсар Тамаш Твардоўскі - малекулярны біёляг, працаўнік Інстытуту біяарганічнай хіміі Польскай акадэміі навук, кіраўнік Польскай біятэхналягічнай фэдэрацыі.
Алена Пытэль