На бягучым тыдні Каталіцкі касьцёл адзначаў Дзень кансэкраванага жыццья. Устаноўленае Папам Рымскім Янам Паўлам ІІ сьвята супала са сьвятам Ахвяраваньня Пана, якое традыцыйна называюць сьвятам Маці Божай Грамнічнай.

Сёлета 15 раз запар за асобы, якія ахвяравалі сваё жыцьцё Богу ў розных манаскіх ордэнах і кангрэгацыях, а таксама ў сьвецкіх інстытутах, маліўся таксама Каталіцкі касьцёл у Беларусі.

Пра тое, як кансэкраваныя асобы ў Беларусі адзначалі сваё сьвята й наогул пра сутнасьць і значэньне кансэкраванага жыцця з ксяндзом Юрым Жэгарынам, дырэктарам Catholic.by (афіцыйнага парталу Рыма-каталіцкага касьцёла ў Беларусі) размаўляла Анна Задрожна.

На мінаючым тыдні Каталіцкі касьцёл адзначаў Дзень кансэкраванага жыцьця. Як гэты дзень адзначаўся ў Беларусі?

Юры Жэгарын: Гэты дзень адзначаўся амаль што ва ўсіх дыяцэзіях. У Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў Барысаве сабралося каля 60 прадстаўнікоў розных манаскіх супольнасьцяў. У супольнай малітве ўдзельнічаў Менска-Магілёўскі мітрапаліт арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Пасьля імшы канфэрэнцыю сказаў апостальскі візытатар для грэка-католікаў айцец Сяргей Гаек. Шматлікія спатканьні праводзіліся і ў іншых дыяцэзіях, напрыклад, у Гарадзенскай дыяцэзіі біскуп Аляксандар Кашкевіч цэлебраваў імшы ў архікатэдры й маліўся разам з кансэкраванымі асобамі. Таксама ў Віцэбскай дыяцэзіі паводле традыцыі ў кожным дэканаце праводзяцца спатканьні манаскіх супольнасьцяў кансэкраваных асобаў. У Пінскай дыяцэзіі сустрэчы выглядаюць больш індывідуальна ў межах канкрэтнага ордэну ці супольнасьці.

Што гэта значыць кансэкраваная асоба?

Юры Жэгарын: Кансэкраваная асоба, гэта перад усім асоба, якая прысьвяціла поўнасьцю сваё жыцьцё Пану Богу - поўнасьцю, бяз рэшты. Кожны законьнік, кожная кансэкраваная асоба складвае шлюбы: чыстасьці, паслушэнства й беднасьці. На трох згаданых падмурках абапіраецца й стыль жыццья. Перш за ўсё кансэкраваная асоба - гэта асоба, адданая Богу, і канкрэтнае адданьне выражаецца менавіта ў трох згаданых абяцаньнях.

Ці сьвецкая асоба таксама можа быць кансэкраванай?

Юры Жэгарын: Канечне, сьвецкая асоба можа быць кансэкраванай, можа быць адданай Пану Богу. Існуе гэткі інстытут кансэкраваных асобаў у межах якога- небудзь манаскага ордэну ці супольнасьці. Гэта кансэкраваныя дзевы ці кансэкраваныя мужчыны. Напрыклад, у Віцебскай дыяцэзіі жывуць дзьве гэткія асобы, у Гродзенскай – адна. У асноўным гэтыя людзі задзейнічаныя ў служэньні Касьцёлу, у прапаведваньні Божага Евангельля, перш за ўсё на катэхэзе.

Якім чынам можна стаць гэткай кансэкраванай асобай, і якія з гэтага вынікаюць правы й абавязкі ў Касьцёле?

Юры Жэгарын: Перад усім патрэбная воля члавяка, які аддаецца Богу. Патрэбная сьвядомасьць таго, на які шлях чалавек уступае. Таксама свядомасьць адрачэньня ад сваёй волі й згода на падпарадкаваньне волі Бога й патрэбам Касьцёла ў дадзеным месцы. З кансэкрацыі вынікае больш абавязкаў, чым прывілеяў. Абавязкі - гэта, між іншым, прапаведаваньне навукі Касьцёла, прапаведаваньне Евангельля, даказваньне стылем свайго жыцьця паўсядзённай сьвятасьці.

Ці падчас сьвятой імшы гэткая асоба можа ўдзельнічаць больш актыўна, чым астатнія вернікі, напрыклад, даваць камунію?

Юры Жэгарын: Кансэкраваная асоба - гэта асоба, якая прысьвячае сваё жыцьцё Богу, але гэта не зьяўляецца сакрамэнтам сьвятарства, каб гэткая асоба магла цэлебраваць сьвятую імшы ці спавядаць. Тым ня менш гэткая асоба можа дапамагаць сьвятару, душпастыру. Канечне, калі існуе гэткая патрэба, у Касьцёле кансэкраваная асоба з дазволу ерархаў можа ўдзяляць сьвятую камунію. Таксама з дазволу мясцовай улады можа прапаведаваць ці весьці ўрокі рэлігіі. Ёсьць вельмі шмат працы для гэткіх людзей. Такія людзі, якія прысьвяцілі сваё жыцьцё Богу, вельмі патрэбныя Касьцёлу ў Беларусі.

Як Вы сказалі, манаха абавязваюць тры прысягі (чыстасьці, паслушэнства й беднасьці). Ці сьвецкую кансэкраваную асобу яны таксама абавязваюць? 

Юры Жэгарын: Гэта залежыць ад характару абяцаньняў, якія дае дадзеная асоба. Існуе шмат розных прапановаў Касьцёла для кансэкраваных асобаў. Ведаю, што сьвецкія кансэкраваныя асобы перад усім даюць абяцаньне чысьціні. Гэта значыць, што на працягу свайго цэлага жыцьця яны будуць аддадзеныя валадарству Божаму без заснаваньня сям’і, але найчасьцей яны даюць тры згаданыя прысягі. 
 
Колькі ў Беларусі манаскіх ордэнаў і кангрэгацыяў? Якая зь іх найбуйнейшая?

Юры Жэгарын:На дадзены момант існуе каля 30 розных ордэнаў, кангрэгацыяў, інстытутаў, супольнасьцяў. Найшырэй у Беларусі прадстаўлены францішканцы й розныя адгалінаваньні францішканцаў - ордэн меншых братоў капуцынаў, францішканцы канвэнтуальныя.


З ксяндзом Юрым Жэгарынам - дырэктарам Catholic.by (афіцыйнага парталу Рыма-каталіцкага касьцёла ў Беларусі), размаўляла Анна Задрожна.