У нядзелю, 6 лютага спаўнаецца 100 гадоў з дня нараджэньня Рональда Рэйгана. Гэты амэрыканскі палітык ўвайшоў у гісторыю ня толькі як таленавіты кінаактор ці 40 прэзыдэнт ЗША. Ён у значнай ступені спрычыніўся да распаду камуністычнай сыстэмы ў Цэнтральна- Ўсходняй Эўропе. Рэйгана таксама называюць „віноўнікам” распаду Савецкага Саюзу.
Рональд Рэйган быў прэзыдэнтам Злучаных Штатаў Амэрыкі ад 1981 па 1989 год.
У часе яго прэзыдэнцтва ў ЗША праводзіўся курс на лібэралізацыю эканомікі краіны, скарачэньне падаходных падаткаў, фэдэральнага бюджэту, абмежаваньне дзяржаўных сацыяльных праграм, што выклікала значны эканамічны рост, названы адмыслоўцамі «рэйганомікай». Пачынаючы працу ў якасьці прэзыдэнта Рэйган заявіў, што ня толькі ўрад, але і ўсе амэрыканцы павінны пачаць змагацца з эканамічным крызысам.
Рональд Рэйган: Урад ня вырашыць нашых праблемаў. Урад сам зьяўляецца вялікай праблемай для ўсіх.
У зьнешняй палітыцы ажыцьцяўлялася гэтак званая дактрына Рэйгана, якая палягала на падтрымцы антыкамуністычных рухаў, у прыватнасьці, у Нікарагуа, Гранадзе, Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе.
Рэйган аказваў значную падтрымку польскаму незалежнаму прафсаюзу „Салідарнасьць” у барацьбе з камуністычным рэжымам. Пасьля ўвядзеньня ў Польшчы ваеннага становішча востра крытыкаваў камуністычныя ўлады.
Рональд Рэйган: Наш урад і нашыя саюзьнікі выказваюць маральную абрыду мэтадам паліцэйскай дзяржавы польскіх прыгнятальнікаў. Нягледзячы на пагрозы й запалохваньні польскі Касьцёл заняў адмоўную пазыцыю. Але нашая рэакцыя ня можа абмежавацца толькі словамі. Я хачу рашуча заявіць, што ў выпадку, калі насільле ня будзе спыненае, мы ня можам і ня будзем весьці інтарэсаў са злачынцамі, а таксама тымі, хто іх падтрымлівае й падбухторвае.
Амэрыканскі прэзыдэнт вёў цьвёрдую й пасьлядоўнуй палітыку ў дачыненьні савецкага кіраўніцтва. Падчас выступу 8 сакавіка 1983 году Рэйган назваў Савецкі Саюзу “імпэрыяй зла”. Ён быў прыхільнікам праекту шчыта, які называўся САІ – стратэгічная абаронная ініцыятыва, і які меў абараніць заходні сьвет ад савецкіх ракетаў. Гэтая праграма ўвайшла ў гісторыю пад назвай „Зорныя войны”.
Пасьля доўгіх гадоў „Халоднай вайны” менавіта Рэйгану ў 1985 годзе ўдалося палепшыць адносіны з Савецкім Саюзам. У 1987 годзе, будучы ў Бэрліне, ля Брандэнбургсай брамы й Бэрлінскага муру Рэйган заклікаў Міхаіла Гарбачова пачаць перамены.
Рональд Рэйган: Камі Вы зацікаўлены ў міры, у пасьпяховым разьвіцьці Савецкага Саюзу й Цэнтральна-Ўходняй Эўропы, калі Вы зацікаўлены ў лібэралізацыі, то адчыніце гэтую браму й разбурыце гэты мур!
У сьнежані 1987 году Рональд Рэйган і Міхаіл Гарбачоў заключылі дамову аб ліквідацыі ракет сярэдняга й малога радыюса дзеяньня.
У грамадзка-палітычным жыцьці Рэйган быў вядомыс сваімі трапнымі выказваньнямі й пачуцьцём гумору.
Падчас выбарчай кампаніяй ў 1984 годзе, калі Рэйган кандыдаваў на другі тэрмін, адзін з журналістаў абвінаваціў палітыка, што ён зьяўляецца самым старым прэзыдэнтам у гісторыі ЗША. На гэта Рэйган адказаў: мой узрост зьяўляецца асноўным прыярытэтам кампаніі, а я не намерваюся ў палітычных мэтах выкарыстоўваць маладосьць й нявопытнасьць маіх апанэнтаў.
Здараліся Рэйгану таксама й ляпсусы. У 1984 годзе перад штотыднёвай прамовай да народу, ня ведаючы, што мікрафоны ўжо ўключаныя, прэзыдэнт пажартаваў.
Рональд Рэйган: Дарагія суайчыньнікі! Хачу вам паведаміць, што мною падпісаны дакумэнт, які раз і назаўсёды вырашыць праблему Савецкага Саюзу. Празь пяць хвілін пачнецца бамбардзіроўка.
У 1994 годзе, будучы ўжо на пэнсіі, Рэйган афіцыйна прызнаўся, што церпіць ад хваробы Альцгеймера. Пад канец жыцьця ён пасяліўся ў Каліфорніі, дзе памёр 5 чэрвеня 2004 году ва ўзросьце 93 гадоў.
КР