• Запрашаем у Польшчу: лыжы ды снаўборд
  • 04.02.2011

Некалькі месяцаў таму мы распавядалі пра Крыніцу – зімовы курортны гарадок на поўдні Польшчы, які вядомы ня толькі аматарам горналыжнага спорту ды снаўборду, але й лекавымі мінэральнымі водамі. Здавён у Крыніцу багатыя езьдзілі падлячыцца, як гаварылася, на воды. Сёньня таксама хачу распавесьці пра Крыніцу, але крыху зь іншага боку – проста некалькі дзён таму я вярнуўся з гэтага прыгожага мястэчка, дзе катаўся на лыжах.

У Крыніцу, калі ты не на машыне, найлепш трапіць праз Кракаў – з былой сталіцы Польшчы ў курорт даволі часта ходзяць аўтобусы. Гатэльная база вельмі шырокая, прычым цэны – абсалютна розныя. Можна пражываць у агратурыстычнай сядзібе за некалькі дзясяткаў злотых, а можна і ў гатэлі, прычым тут цэны пачынаюцца недзе ад 120 злотых у суткі з аднаго чалавека. У асноўным у гатэлі ўключана сьнеданьне – швэдзкі стол, па жаданьню можна выкупіць абеды й вячэру. У маёй гасьцініцы сьнеданьне было надзвычай багатым – вялікі выбар страваў, напояў і закусак. А вечарам, крыху прамёрзшы ў гарах, можна заказаць саўну й джакузі – гэта проста амаль неабходная рэч, якая дапамагае расслабіцца й прыносіць моцны, нібы ў немаўляці, сон.

Ля Крыніцы, мо ў кілямэтрах трох ад гарадка, ёсьць гара Яважына. Гэта – Мекка для лыжнікаў і снаўбардыстаў. На гару нас даставіць канатная дарога, аднаразовы білет каштуе 9 злотых. Нагадаю, што адзін злоты – гэта прыкладна адна тысяча беларускіх рублёў. А з гары вядуць 6 спускаў, прычым рознай ступені складанасьці. Зразумела, што калі нехта ня мае досьведу і ўпершыню стаіць на лажых ды снаўбордзе, то найлепш не рызыкаваць і трымацца далей ад пакручастых і рэзкіх спускаў. Рэкамендуецца таксама ўзяць лекцыі ў інструктара. За гадзіну прыйдзецца заплаціць 70 злотых. Але гэта ня страчаныя грошы, бо адразу ж можна навучыцца езьдзіць згодна з тэхнікай і правіламі бясьпекі. Дарэчы, каб перакусіць альбо паабедаць, уніз можна й не спускацца – на Яважыне працуе некалькі рэстаранаў, цэны ня надта высокія. У мэню – даволі шырокі выбар мясцовых страваў, напрыклад, вялікі дранік па-бандыцку, які падаецца са сьвіным альбо ялавічыным гуляшам.

Ну й, зразумела, ня варта забываць пра цёплую вопратку, паколькі на гары часам дзьве моцны парывісты марозны вецер. Найлепш купіць спэцыяльную вопратку, якая прадаецца ў спартыўных крамах і прызначана для лыжнікаў. Колькі каштуе дзень адпачынку ў Крыніцы? Усё залежыць ад узроўню гатэлю, месца харчаваньня й іншых фактараў. Але ў сярэднім недзе каля 300 злотых у суткі, то бок 300 тыс. беларускіх рублёў. Гэта можа здавацца немалой сумай, аднак столькі, а можа й больш прыйдзецца заплаціць за беларускія Сілічы, як сказалі мае знаёмыя. Але адпачываючы ў Крыніцы, ёсьць непаўторная магчымасьць быць у сапраўдных гарах, пабачыць суседнюю краіну, паспрабаваць мясцовыя стравы й проста палюбавацца прыгожымі краявідамі Бэскідаў ды Татраў. Так што сябры, запрашаем у Крыніцу, бо спраўды варта! 

вс