• Aнтыўрадавыя дэманстрацыі ў Эгіпце працягваюцца. Што далей?
  • Audio2.81 MB
  • 05.02.2011

На гэтым тыдні вочы бадай што ўсяго сьвету ськіраваныя на Эгіпет, дзе ўжо некалькі дзён у Каіры й іншых гарадох адбываюцца масавыя дэманстрацыі. Эгіпцяне патрабуюць адстаўкі 83-гадовага прэзыдэнта Хосьні Мубaрака.

Сусьветныя палітыкі сочаць за сытуацыяй, але зазначаюць, што жыхары Эгіпту самастойна вырашаць аб сваім далейшым лёсе.

Прэзыдэнт ЗША Барак Абама чарговы раз заклікаў да хуткай дэмакратычнай трансфармацыі ў Эгіпце. Не было непасрэднага закліку, каб Мубарак сышоў у адстаўку, але амэрыканскі прэзыдэнт запрапанаваў эгіпецкаму калезе задумацца над пытаньнем, якую спадчыну ён пакіне пасьля сябе.

Барак Абама заявіў, што ад самага пачатку крызысу ў Эгіпце двойчы гутарыў па тэлефоне з прэзыдэнтам Хосьні Мубaракам.

Барак Абама: Я кожны раз зьвяртаў увагу на тое, што народ Эгіпту самастойна  вырашыць аб сваім далейшым лёсе, аднак я зазначыў, што нельга вяртацца да старых мэтадаў.

Амэрыканскі прэзыдэнт даў зразумець Мубараку, што калі ён лічыць сябе патрыётам сваёй краіны, то павінен прыслухацца да меркаваньняў грамадзтва.

Барак Абама: Асноўнае пытаньне, якое ён павiнен паставіць перад сабою, гучыць: „Якую спадчыну ён хоча пакінуць пасьля сябе й якім чынам намерваецца прaвесьці рэформы? ”. Я спадзяюся, што ён прыме адпаведнае рашэньне.

Амэрыканскі прэзыдэнт заявіў, што чакае ад Мубарака сапраўдных дэмакратычных рэформаў у Эгіпце, а не імітацыі.

За сытуацыяй у Каіры й усім Эгіпце ўважліва сочаць эўрапейскія лідары. Упершыню Эўразьвяз рашуча асудзіў насільле ў Эгіпце. Старшыня эўрапэйскай дыпляматыі Кэтрын Эштан заявіла, што ключом да вырашэньня сытуацыі зьяўляецца дыялёг паміж апазыцыяй і уладамі ў Каіры. Дыпляматка падкрэсьліла, што нельга затрымліваць працэс палітычных зьменаў.

Кэтрын Эштан: Мы выразіліся ясна, што ўрад і народ у Эгіпце павінны разам зрабіць крок наперад. Гэта неабходна зрабіць дзеля таго, каб жыхары Эгіпту набралі даверу да пляну палітычных пераменаў, які я абмяркоўвала з віцэ-прэзыдэнтам Сулейманам.

Дэманстрацыі ўвесь час працягваюцца. Сёньня раніцай у Паўночным Сынаі адбыўся выбух газапрaвoду, які ідзе ўздоўж эгіпецка-ізраільскай мяжы й па якім „блакітнае паліва” трапляе ў Ізраіль. Невядома, хто адказны за выбух. Эгіпецкая дзяржаўная тэлевізія паведаміла, што адказваюць тэрарысты.

Турапэратары розных краінаў не адмяняюць тураў у эгіпецкія курорты, затое дыпляматы раяць паўстрымацца ад паездак у „Kраіну фараонаў”.

КР