Што неабходна зрабіць дзеля паляпшэньня становішча беларускае мовы?
„Прыклад ужываньня беларускай мовы вядомымі асобамі краіны станоўча паўплываў бы на стаўленьне грамадзтва да яе” - пішуць сябры ТБМ зь Пінска.
„Вялікай перамогай можа стаць тое, калі сьвядомая частка грамадзтва загаворыць па-беларуску, то колькасьць беларускамоўных людзей будзе хутка расьці. Трэба перамагчы ў сабе страх ці яшчэ што, і загаварыць. Перамога кожнага стане агульнай перамогай беларушчыны. Спадарства! - заклікае Алесь з Украіны - размаўляйце роднай мовай, тады ёй пачнуць размаўляць такія як я. Мне сьмеласьці не хапіла”.
„Мову нашу трэба па крыніцах і зярнятках зьбіраць ад дзяцей і школьнікаў - заўважае спадар Віталь зь Віцебска. - Трэба проста пашыраць навучаньне роднае мовы. Патрэба таксама дамагацца, каб адукаваныя людзі добра размаўлялі па-беларуску, каб потым праз 5-10 гадоў перавесьці справаздачу на беларускую мову”.
„Становішча беларускай мовы ў сучасным беларускім грамадстве нагадвае становішча мовы нацыянальнай меншасці. Уратаваць яе магла б толькі дзяржаўная падтрымка і неадкладныя, нават радыкальныя захады дзяржаўнай улады, зьвязаныя з пэўным прымусам” - канстатуе спадар Юрка зь Менска.
„Каб беларуская мова не пераўтварылася ў мёртвую мову, трэба карэнным чынам зьмяніць нацыянальную палітыку - піша спадарыня Марыя зь Віцебска. - Вывучэньне роднай мовы, на маю думку, павінна прыводзіцца зь лёгкім прымусам, напрыклад, матэрыяльным, ці працоўным на першым этапе. Інакш мова загіне. І адначасова трэба тлумачыць людзям, што гэта іх родная мова, што безь яе яны будуць ніхто”.
„Нацыянальная школа зьяўляецца незамяняльнаю рэчаю ў набыцьці нацыянальнае сьвядомасьці - піша спадар Юрась зь Віцебска. - Зразумела, падчас панаваньня савецкае ўлады працэс фарміраваньня нацыянальнае школы быў немагчымым, але й сёньняшнія ўлады ня ставяць сваёй мэтай адраджэньне беларускай адукацыі. А без нацыянальнае школы мы будзем бачыць і надалей адраджэньне, як разьбіваньне ілбоў прагрэсыўна настаўленае часткі насельніцтва аб цьвёрдую сьцяну нацыянальнага нігілізму. Зразумела, што пакуль ня будзе сапраўднае нацыянальнае школы, ніякіх зрухаў у лепшую старонку чакаць дарэмна, бо школа дае тую падставу, якая фармуе ў душах маленькіх беларусаў сьвядомых грамадзянаў”.
„Дзяцей да беларускае мовы трэба прывучаць зь дзіцячых садкоў і зрабіць у першых клясах беларускую мову асноўнай. Трэба па беларускім радыё й тэлебачаньні прапанаваць больш асьветніцкіх, музычных, забаўляльных праграмаў, праграмаў для дзяцей і дарослых на беларускай мове. У людзей павінна быць павага, любоў да беларускай мовы, а таксама разуменьне, што гэта іх родная мова, мова іхніх продкаў. Людзі павінны ганарыцца, што яны беларусы” - сьцьвярджае спадарыня Натальля з Гомеля.
Апрача разгледжаных пытаньняў, выкліканых у асноўным грамадзка-палітычнымі чыньнікамі, слухачы закранаюць таксама й лінгвістычныя праблемы беларускае мовы. Выказваюць свае меркаваньні на тэму праведзеных у мінуўшчыне рэформаў беларускага правапісу й вымаўленьня.
Ніна Баршчэўская