Шаноўнае спадарства, можа памятаеце выправы Арганаўтаў па залатое руно - воўну мітычнага залатога барана Хрысамаляса? Мітычных баранаў у Польшчы няма, але барані шлях існуе.
Цудоўнае багацьце прыроды Карпатаў ды краявіды Бэскіду Сандэцкага зьяўляюцца эфэктам шматвяковай прысутнасьці чалавека ў гарах. Будаваліся вёскі, абраблялася зямля й ствараліся гадоўлі авечак. Менавіта гадоўляй авечак і займаюцца спакон вякоў жыхары горных тэрыторыяў.
Эканамічыя й палітычныя перамены ў краіне на пачатку 90-х гадоў спрычыніліся да раптоўнага спаду вядзеньня традыцыйных формаў горскай гаспадаркі. Людзі масава пачалі выязджаць у буйныя аглямэрацыі за працай, а пастбішчы пачалі зарастаць. Ды флёра й фаўна пачала мяняцца, бо, як вядома, авечкі былі жывымі машынамі да кашэньня травы.
Каб задбаць пра дабрабыт і гораў, і жыхароў гэтых тэрыторыяў, узьнік праект „Барані шлях”. А карысьць ад гэтага праекту як для жыхароў горных тэрыторыяў, так і для турыстаў. Людзі гадуюць авечкі ў экалягічных гаспадарках, з авечага малака робяць рознага роду сыры й іншыя прадукты. Маюць працу, робяць, што ўмеюць найлепей, маюць з гэтага грошы. Турысты маюць магчымасьць скаштаваць здаровую ягняціну й малочныя вырабы з авечага малака.
Барані шлях пачынаецца ў Рытры й праз горскія сьцежкі Яважыны ідзе аж да вядомай Крыніцы.
Шлях вядзе празь Бяшчады, Бэскід Сандэцкі й Татры. Ідучы ці едучы роварам можна пабачыць старую драўляную архітэктуру, напрыклад, лэмкаў, таксама спазірнуць на тэрыторыю суседняй Украіны ці панараму Чорнай гары ў Славаччыне. Па дарозе можна зайсьці ў вёскі Шчаўнік, Мушыну ці Жэгестову, якія праславіліся крыніцамі мінэральных водаў.
Крыху далей, лепей сказаць, вышэй, знаходзіцца сучасны гарналыжны комплекс у Малоў Вярхові.
На трасе „Бараняга шляху” знаходзяцца гаспадарствы па гадоўлі авечак, дзе можна набыць сьвежыя прадукты, а нават зладзіць імпрэзу зь пячэньнем барана на вогнішчы. А вакол гэтых гаспадарстваў ёсьць пансіянаты й рэгіянальныя карчмы, дзе можна скаштаваць рэгіянальныя стравы з бараніны ці ягняціны, сыры ды розныя іншыя рэгіянальныя стравы, ад самога ўяўленьня сьлінка цячэ.
Караліна Русіновіч