У нашай сёньняшняй экалягічнай рубрыцы гутарка пойдзе пра энэргазьберагальныя дамы. У чым сутнасьць такіх дамоў? Якую энэргію яны зьберагаюць і якім чынам? Пра гэта мы гутарым з Кшыштафам Братасевічам зь фірмы „Аркада Будаўніцтва (Arkada Budownictwo).
К. Братасевіч: Энэргазьберагальны дом – гэта такі дом, які спажывае менш энэргіі для абагрэву будынка, чым стандартны дом. Энэргаспажываньне будынка акрэсьлівае парамэтр, які называецца каафіцыент Эа. Для энэргазьберагальных дамоў ён складае ня больш за 70 кВг/кв м за год – гэта колькасьць цяпла, патрэбная на адзін квадратны мэтар будынка для яго абагрэву. Стандартныя будынкі ў Польшчы спажываюць больш за 100 кВг/кв м за год. Значыць, энэргазьберагальны дом гэта такі будынак, які спажывае ня больш чым 70 % таго, што звычайны дом.
Цікава адзначыць, што для пабудаваных у Беларусі за савецкім часам будынкаў гэты паказчык выдаткованьня цеплавой энэргіі намнога большы: для шматкватэрнага цаглянага дома – 400 кВт г/кв м, для шматкватэрнага панэльнага дома – 600, для маласямейкі – 700 кВт г/кв м, для тыповага панэльнага дома – 200–250 кВт г/кв. Гэта дадзеныя з сайту „Твой стыль”.
Акрамя энэргазьберагальных дамоў існуюць таксама дамы экалягічныя, нізкага энэргаспажываньня, пасіўныя. У чым іх адметнасьць?
К. Братасевіч: Дом экалягічны – гэта хутчэй за ўсё імкненьне ўжываць у будаўніцтве экалягічныя будматэрыялы, такія як салома, гліна, драўніна. А калі казаць пра катэгорыі іншых дамоў, якія ашчадна выкарыстоўваюць энэргію, вылучаем дом нізкаэнэргетычны, які спажывае ня больш чым 40 кВг/кв м на год, і найбольш цёплы дом гэта пасіўны дом, які спажывае ня больш за 15 кВг/кв м у год.
Гэта вельмі мала. Якімі спосабамі можна гэтага дасягнуць?
К. Братасевіч: Першы й асноўны варунак – гэта вельмі добрая цеплаізаляцыя будынка. Усе перагароды будынка, пачынаючы ад даху, сьцен, падмуркаў, бэтоннай падставы ў 2-3 разы лепш ізаляваныя, чым у стандартным будынку. Іншы вельмі істотны варунак – гэта рэкупэрацыя (вяртаньне) цяпла з вэнтыляцыі. Гэта мэханічная вэнтыляцыя пастаўка-выцяжка зь вяртаньнем цяпла. Такім чынам можна зэканоміць да 75% энэргіі – цяпла, якое звычайна ўцякае праз вэнтыляцыю.
Будуючы энэргазьберагальны дом, трэба ўсё ўлічыць і плянаваць ад самага пачатку. Мае значэньне ўчастак, напрамкі сьвету, планіроўка памяшканьняў. Чаму ўсё гэта важна?
К. Братасевіч: Гэта вельмі важна. Калі мы будуем энэргазьберагальны дом, можна ў прынцыпе ўзяць любы праект і адаптаваць яго ды прыстасаваць для энэргаэфэктыўнага варыянту. Але калі мы сур’ёзна думаем пра пасіўны, мы павінны да гэтага падрыхтавацца ўжо на этапе праекту й заказаць адмысловы праект. У пасіўным доме вельмі важнае значэньне мае планіроўка. Выдзяляюцца зоны ад халодных, празь пераходныя да цёплых. Халодныя зоны разьмэшчаны ў паўночнай частцы будынка, зоны дзённыя, дзе адбываецца здабываньне цяпла з сонечнай энэргіі, расплянаваныя ад паўднёвага кірунку. Дадаткова ў пасіўным доме цёплая зона ў вялікай частцы за шклом. У сваю чаргу ў памяшканьнях у халоднай зоне маленьскія вокны з той мэтай, каб абмежаваць уцечку цяпла.
Гэта значыць, што ў пасіўным доме зусім няма батарэй?
К. Братасевіч: Не, няма. У пасіўным будынку няма актыўнай крыніцы цяпла. Дом карыстаецца выключна пасіўнымі крыніцамі энэргіі. Гэта пасіўны прыбытак ад сонечнай энэргіі, цяпло ад электрычнага абсталяваньня ў хаце, цяпло ад сямейнікаў, цяпло з аднаўляльных крыніц энэргіі як панэлі сонечных батарэй, якія выкарыстоўваюцца для падагрэву вады. У такім доме проста няма ацяпляльнай сыстэмы.
Гэта цяжка нам уявіць. Гэта магчыма ў нашай кліматычнай зоне?
К. Братасевіч: Пасіўныя дамы будуюцца па ўсім сьвеце. Іх ужо некалькі дзясяткаў тысяч. Першы зьявіўся 20 гадоў таму ў Дармштадт у Нямеччыне. Тады гэта была рэвалюцыйная ідэя. Фактычна, ніхто не хацеў у гэта паверыць. Але прапаную ўявіць куб дасканала ізаляваны, з чалавекам усярэдзіне, які натуральна выдзяляе цяпло. Аказалася б, што гэты куб ня толькі не патрабуе ацяпленьня, але вырабляе лішкі цяпла. Такія дамы існуюць і функцыянуюць па ўсім сьвеце, пачынаючы ад зон вельмі халодных, а таксама ў краінах, дзе вялікая інсаляцыя. Праз 20 гадоў дасьведчаньня з пасіўным будынкам аказалася, што гэта адна зь лепшых ідэй. У такіх дамах людзі жывуць добра й камфортна.
Пра энэргазьберагальныя дамы распавёў Кшыштаф Братасевіч з праектна-будаўнічага бюро „Аркада будаўніцтва”. Яшчэ больш пра тэхнічныя вырашэньні такіх дамоў, і ці яны намнога даражэй каштуюць, чым будаўніцтва традыцыйных дамоў, распавядзем праз тыдзень.
фота blog.xella.pl
Падрыхтавала Яланта Сьмялоўская