Сёньня, шаноўныя слухачы, запрашаем вас наведаць адну цікавую мясьціну ў Польшчы. Гэта вёска Расанаў.
Сюды прыязджаюць людзі не дзеля гістарычных помнікаў, а дзеля прыгажосьці прыроды. Тут знаходзіцца запаведнік ядлоўца, пачаткі ракі Цёсэнкі. Цёсэнскія воды й ключы лічацца адным з найцікавейшых і навялікшых рачных вытокаў у Польшчы. Вада выходзіць тут на паверхню з хутаксьцю ад 52 да 60 літраў на сэкунду й захоўвае аднолькавую тэмпэратуру цягам усяго году – 9 градусаў. Водныя ручаіны лявіруюць паміж выспамі расьліннасьці, ствараючы вельмі маляўнічыя краявіды. Асаблівай прыгажосьці гэтым мясьцінам дадае пах мяты, якая расьце па берагах. Тут можна сустрэць мноства цікавых гатункаў кветак і траваў, якія знаходзяцца пад аховай. У кілямэтры ад вытокаў гэтай ракі ў 16-м стагодзьдзі пабудавалі водны млын, які дзейнічае безь перапынку ажно па сёньняшні дзень.
Непадалёк ад Расанава знаходзіцца створаны ў 1971 годзе запаведнік Цёсны, дзе пад аховай знаходзіцца натуральнае скупішча ядлоўца. Каля 8 тысяч дрэваў растуць на паверхні 2,5 га. Некаторыя з дрэваў маюць нават па 160 гадоў і сягаюць 6-мэтровай вышыні. Шпацыр па ядлаўцовым лесе мае лячэбны эфэкт. Нагрэтыя сонцам дрэвы выдзяляюць хімічныя сувязі, які зьнішчаюць небясьпечныя бактэрыі й лекуюць дыхальныя шляхі. Дарэчы, цалебныя ўласьцівасьці ядлоўца ведалі ўжо ў старажытнасьці. Зь ядлоўца рабілі вывар, розныя араматычныя алеі й крэмы, якімі лячылі страўнікавыя, дыхальныя хваробы ці хваробы скуры.
Празь вёску Расанаў праходзіць некалькі тэматычных турыстычных маршрутаў: агратурыстычны конны шлях гміны Згеж, пешы шлях “Па сьлядах 28 палка стральцоў”, роварны шлях “Па сьлядах Крэсовай кавалерыйскай брыгады” ды іншыя. Даехаць да Расанава можна, едучы ў кірунку Лодзі праз Згеж. На Старым рынку ў Згежы пачынаецца турустычны маршрут да запаведніка Цёсны.
Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч