На мінулым тыдні эгіпецкі прэзыдэнт Хосьні Мубарак падаў у адстаўку. На днях эгіпецкія газэты паінфармавалі, што прэзыдэнт у коме, а войска распусьціла парлямэнт. Напружаная сытуацыя складваецца ў іншай поўночнаафрыканскай краіне – Марока.
Эгіпет падводзіць вынікі 18 дзён пратэстаў. Напрыканцы мінулага тыдня віцэ-прэзыдэнт краіны Амар Сулейман абвесьціў пра тое, што прэзыдэнт Мубарак пайшоў у адстаўку й перадаў уладу Найвышэйшай вайсковай радзе. Маніфэстанты, якія сабраліся на плошчы Тахрыр у Каіры, выгукнулі на гэта: „Бывай, Эгіпет цяпер свабодны!” На гэтым скончылася 18 дзён пратэстаў эгіпцянаў.
Армія, якая пераняла ўладу, заявіла пра роспуск парлямэнту й пра тое, што будзе кіраваць краінай 6 месяцаў, да сфармаваньня новага ўраду й прыняцьця новай Канстытуцыі. Рада ўжо стварыла камісію, якая зоймецца падрыхтоўкай новага праекту Канстытуцыі ды арганізацыяй канстытуцыйнага рэфэрэндуму. З Каіру перадае Міхал Жакоўскі, карэспандэнт Польскага радыё.
Міхал Жакоўскі: Рашэньне войска распусьціць парлямэнт – гэта крок насустрач апазыцыі, якая не прызнае вынікаў выбараў. Парлямэнцкія выбары адбыліся ў Эгіпце напрыканцы мінулага году. Апазыцыя крытыкавала Мубарака за паўсюдныя фальсыфікацыі. Таму сёньня роспуск парлямэнту не ўспрымаецца, як правакацыя войска, але як удар па карупцыі й спроба разьлічыцца зь вінаватымі старога рэжыму. Вайсковыя ўлады інфарамуюць грамадзтва пра свае крокі адмысловымі камунікатамі. Яны абяцаюць правесьці праверку ў некаторых рэгіёнах краіны вынікаў леташніх выбараў: наколькі яны былі сапраўднымі.
Учора ў эгіпецкай прэсе зьявіліся паведамленьні, што былы прэзыдэнт краіны Мубарак у коме. Так газэта „Аль-Масры Аль-Юм” сьцвярджае, што зрынуты ў мінулую пятніцу прэзыдэнт не знаходзіцца больш у сваёй рэзыдэнцыі ў Шарм-эль-Шэйк. Ён паляцеў спачатку ў Дубай, а цяпер ён знаходзіцца на лячэньні ў Нямеччыне. Паводле інфармацыі газэты, Мубарак хворы на рак.
Паводле неафіцыйнай інфармацыі, Мубарак двойчы губляў прытомнасьць падчас вайго апошняга выступу, калі калі ён паінфармаваў пра перадачу часткі паўмнамоцтваў віцэ-прэзыдэнту. Паводле меркаваньне Хатыфа Джанабі, арабіста з Варшаўскага ўнівэрсытэту, народнае патрабаваньне адстаўкі прэзыдэнта стала шокам для Мубарака. Магчыма, у гэтым прычына ягоных праблемаў са здароўем.
Хатыф Джанабі: Мубарак быў адарваны ад народу, ад эгіпецкага грамадзтва. Апошнія тыдні ён ня ведаў, што насамрэч адбываецца ў краіне. Людзі зь ягонага атачэньня прадстаўлялі сьвет абсолютна ў іншым сьвятле, таму што яны былі ў гэтым вельмі моцна зацікаўленыя. Для іх бізнэсовых інтарэсаў было вельмі карысна, каб захаваць Мубарака пры ўладзе. Чым даўжэй ён будзе кіраваць, тым больш мільёнаў ды нават мільярдаў трапіць на іхнія рахункі.
Аднак урад Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў гэтаксама, як урад Нямеччыны, абвяргаюць паведмленьні пра тое, што Мубарак нібыта знаходзіцца на іхняй тэрыторыі.
Сытуацыя ў Эгіпце паволі пачынае супакойвацца. Часовы вайсковы ўрад паўстрымаў грамадзянскую вайну й супакоіў Захад, які баяўся хаосу й безуладзьдзя, што магло прывесьці да росту коштаў на нафту й павялічыць сілы ісламскіх радыкалаў. Эгіпецкае грамадзтва пакуль задаволенае, невядома, на як доўга. Недавер часткі грамадзтва ў такіх умовах не зьдзіўляе, зазначыў Хатэм Сэйф эль-Наср, амбасадар Эгіпту ў Вялікабрытаніі.
Хатэм Сэйф эль-Наср: Я думаю, што гэта натуральна, што частка пратэстуючых людзей нецярплівіцца. Пройдзе шмат часу, пакуль будуць рэалізаваныя тыя зьмены, за якія яны змагаліся. Гэты посьпех яны заслужылі. У Эгіпце сёньня пераважае пачуцьцё, што мы знаходзімся на шляху трансфармацыі, а жыцьцё павінна вярнуцца ў звычайны рытм.
Эгіпецкія генэралы, якія перанялі ўладу, кажуць пра сваё рэфарматарскае стаўленьне, але насельніцтва дэкляруе, што будзе ўважліва сачыць за рухамі вайсковых. Тым больш, што наступная краіна Паўночнай Афрыкі апынулася на парозе грамадзкіх пратэстаў. На 20-га лютага заплянавана вялікая дэманстрацыя пратэсту супраць карупцыі й беспрацоўя ў Марока, дзе 80% насельніцтва жыве ў цяжкіх эканамічных умовах.
Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч