14 лютага ў менскім Палацы мастацтва адбылася вечарына, прысьвечаная памяці сусьветнавядомага рок-музыканта, паэта, кампазытара, сьпевака Часлава Немэна. Ён нарадзіўся 16 лютага 1939 году ў вёсцы Старыя Васілішкі, а памёр 17 студзеня 2004 году ў Варшаве.
Вечарына праводзілася ў межах арт-праекта "Ахвяры мастацтва", які ўваходзіць у міжнародны фэстываль экспэрымэнтальнага мастацтва "Дах-12", арганізаваны жывапісцам Алесем Родзіным і пэрформэрам Зьміцерам Юркевічам.
Паэтка Ірына Хадарэнка прэзэнтавала пераклады некаторых вершаў Часлава Немэна на беларускую мову. Падчас вечарыны была паказана фотавыстава Валерыя Федарэнкі й Альфрэда Мікуса, прысьвечаная радзіме Немэна - вёсцы Старыя Васілішкі.
На імпрэзе прагучала прапанова правесьці ў 2014 г. у Беларусі вялікі міжнародны фэстываль, прысьвечаны 75-м угодкам з дня народзінаў Немэна.
У вечарыне бралі ўдзел гурты "ДжамБіБум", "Князь Мышкін" і ансамбль "Зорка", пэрформанс-суполкі "Пер-Лашэз", "Механёры культуры" і Тэатр псіхічнай неўраўнавагі.
“Сьвіцязь” – кароткі мультыплікацыйны фільм рэжысэра Каміля Паляка быў у аўторак паказаны на Міжнародным кінафэстывалі “Бэрлінале”. Мультфільм зроблены па матывах аднайменнай баляды Адама Міцкевіча.
“Сьвіцязь” змагаецца за ўзнагароду ў катэгорыі кароткамэтражнага фільму. На фэсьце фільм прадстаўлены пад назвай „The Lost Town of Switez”.
Каміль Поляк працаваў над ім 7 гадоў. Першапачаткова аўтар плянаваў яго ў якасьці дыплёмнай працы. Але ў працэсе здымкаў да стварэньня мультфільму далучыліся й замежныя кінавытворцы.
“Сьвіцязь” зьняты ў 3D і клясычным алейным жывапісе. У ім распавядаецца пра гісторыю заклятага сярэднявечнага гораду на дне возера. Сюжэт падзелены на пачатак 19 ст. і сярэднявечча, калі горад быў затоплены. Музыку, у выкананьні сымфанічнага аркестру й хору, напісала Ірына Багдановіч.
З 9 па 15 траўня ў Кракаве будзе праходзіць Літаратурны фэстываль імя Часлава Мілаша. Імпрэза будзе складацца з чатырох вечароў паэзіі, назва кожнага зь іх узятая з творчасьці паэта: “Кніга асьвячэньня”, “Неабсяжная зямля”, “Горад безь імя”, “Вялікае княства паэзіі”. Удзел у фэсьце возьмуць два ляўрэаты Нобэлеўскай прэміі: Віслава Шымборская й паэт з Карыбскіх выспаў Дэрэк Уолкат.
Сярод гасьцей будуць таксама ляўрэат Букера Джон Бэнвіл, брытанка зь ямайскімі каранямі Задзі Сьміт, а таксама Тымаці Гэртан Эш, Бэй Дао, Робэрт Гас, Норман Манэа.
Удзельнікі імпрэзы возьмуць удзел у панэльных дыскусіях, між іншым, пра шматкультурнасьць і месца рэлігіі ў сучасным сьвеце. У рамках фэсту адбудзецца таксама вечар успамінаў, падчас якога гісторыі пра Мілаша будуць распавядаць ягоныя сябры, у прыватнасьці, Джэйн Гіршфілд і Адам Мізьнік. У гэты ж час у Ягелёнскім унівэрсытэце пройдзе пяцідзённая навуковая сэсія.
У Кракаве сустрэнуцца таксама перакладчыкі Мілаша з усяго сьвету: з Латвіі, Балгарыі, Ізраіля, Кітая, Эгіпту й Сэрбіі.
Прэмія World Press Photo ў 2010 годзе прысуджана фатографу Джодзі Бібэр за здымак афганскай дзяўчыны, скалечанай талібамі.
Партрэт 18-гадовай Бібі Аішы, якой талібы адрэзалі нос і вушы ў пакараньне за тое, што яна пакінула дом свайго мужа, быў зьмешчаны на вокладцы аднаго з жнівеньскіх нумароў часопіса "Time".
Журы з 19 прызнаных прафэсіяналаў у галіне фатаграфіі прызнала, што «гэта неверагодна моцная выява, якая пасылае вельмі магутнае пасланьне сьвету, каля 50% якога складаюць жанчыны, і многія зь іх усё яшчэ жывуць у галечы, трываючы гвалт».
Таксама здымак атрымаў прэмію ў намінацыі “Партрэт”.
Нагадваем пра новую старонку moje.polskieradio.pl. Гэта новы партал Польскага радыё, на якім ёсьць цэлы шэраг тэматычных каналаў, уключна з музычнымі, а таксама архіўныя матэрыялы Польскага радыё.
дг