• Родная мова й нацыянальная тоеснасьць - 6
  • 17.02.2011

Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў шмат разоў задаваў беларусам пытаньні, у якіх закраналася стаўленьне да роднае мовы. Гэтыя апытаньні апублікаваныя на афіцыйным сайце НІСЭПД. Давайце параўнаем, як зьмянялася стаўленьне да ролі роднае мовы ў розных галінах жыцьця на працягу гадоў 2006-2010. 

 На пытаньне:  якой мовай Вы карыстаецеся ў штодзённых кантактах? найбольш апытаных адказалі – расейскай. І заўважаецца рост карыстальнікаў расейскае мовы: у чэрвені 2006 году адсотак складаў 57,1%, а ў чэрвені 2010 году – ужо 63,8%. Беларускай мовай у штодзённым жыцьці карыстаецца вельмі мала беларусаў: у чэрвені 2006 году было толькі 3,8%,  праз 5 месяцаў – да кастрычніка 2006 году гэты паказчык вырас на 4% – да 7,8%, але потым пачаў заўважацца спад і ў чэрвені 2010 году ўжо толькі 2,2% беларусаў карысталіся беларускай мовай у штодзённым жыцьці. Адначасова расейскай і беларускай мовамі карыстаецца каля 12%, а трасянкай – мяшанай беларуска-расейскай мовай – каля 22%. 

 Якая мова павінна быць дзяржаўнай мовай Беларусі? – на гэтае пытаньне заўважаецца рост прыхільнікаў беларускае мовы: з 15,2% у чэрвені 2006 году да 19,8% у верасьні 2009 году, але заадно бачны й рост прыхільнікаў расейскае мовы: з 8,7% да 15% за аналягічны пэрыяд. У гэтым часе зьменшылася колькасьць прыхільнікаў беларуска-расейскага двухмоўя: з 67,4% да 50,8%.  
   
На пытаньне: чаму карыстаецеся той, а не другой мовай? – у лістападзе 2006 году адказы былі наступныя:
- гэтай мовай карыстаюся зь дзяцінства – 63,7%,
- на гэтай мове найчасьцей размаўляюць у маёй мясцовасьці – 25,3%,
- гэта мова майго народу, маёй Айчыны – 13%

 Якая мова зьяўляецца для Вас роднай мовай? – у траўні 2007 году найбольш апытаных (36,8%) назвалі расейскую мову, адначасова беларускую й расейскую – 31,2%, а беларускую 29,4%. Польская мова зьяўляецца роднай для 1,3%, а для 0,8% грамадзян – іншыя мовы.  

 Тым часам на пытаньне, да якой культуры Вы сябе залічаеце? – у лістападзе 2006 году адказы былі наступныя:
 - да беларускай – 64,2%,
 - да расейскай – 13,6%,
 - да савецкай – 13,3%,
 - да эўрапейскай – 8,1%,
 - да іншай – 0,9%. 

 Што адрозьнівае беларусаў ад расейцаў? Такое пытаньне Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў паставіў у чэрвені 2006 году. На гэтае пытаньне можна было максымальна даць тры адказы. Меркаваньнем 41,5%, паміж беларусамі й расейцамі няма ніякіх адрозьненьняў; 33,8% лічаць, што адрозьнівае іх мова; амаль столькі ж (33,4%) уважаюць, што пра іх адметнасьць вырашае культура, традыцыі, 27% дыфэрэнцыюючым чыньнікам лічаць гісторыю, 20,3% – псыхіку, а для 4,7% важным зьяўляецца выгляд. 

 І яшчэ адно пытаньне зь лістапада 2006 году: што для Вас значыць беларуская нацыя? Пад гэтым тэрмінам 38,2% апытаных разумеюць усіх грамадзян Беларусі, незалежна ад этнічнай прыналежнасьці, мовы ці традыцыі; для 26,8% – гэта ўсе этнічныя беларусы, незалежна ад іх месца жыхарства й грамадзянства, а для 25,6% – гэта ўсе тыя грамадзяне Беларусі, якія карыстаюцца беларускай мовай і выхоўваюць сваіх дзяцей у беларускаіх традыцыях. 
 
 Параўнаньне адказаў грамадзян Беларусі на пытаньне пра ролю роднае мовы ў іх жыцьці за гады 2006-2010, на жаль, вядзе да сумных высноваў. Аказваецца, што большае значэньне адыгрывае традыцыя й культура, але не забывайма пра тое, што мова зьяўляецца адным з элемэнтаў культуры, а можам нават сказаць – падмуркам культуры, крыніцай яе пазнаньня, узбагачэньня й разьвіцьця.

Ніна Баршчэўская