Маргарэт Тэтчэр - адна з самых выбітных жанчын-палітыкаў ХХ стагодзьдзя. Калі ў 1989 годзе яна сышла ў адстаўку з пасады прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі, у амэрыканскіх газэтах пісалі: “Магчыма, гэта самы цудоўны, ненавісны, чароўны, занудны, радыкальны й кансэрватыўны лідар ва ўсім заходнім сьвеце”.
Гэта прыклад моцнай і адначасова адзінокай жанчыны, якая кіравала лёсамі ня толькі сваёй краіны, але й лёсам іншых. Франсуа Мітэран, францускі прэзыдэнт, так ахарактарызваў яе: “У Маргарэт Тэтчэр губы ад Мэрлін Манро, а вочы ад Калігулы”. Сама пра сябе Тэтчэр казала: “Я намагаюся не заўважаць таго, што я – жанчына. Я гляджу на сябе як на прэм’ер-міністра”. Для яе палітыка й праца была першасным ад усяго іншага ў жыцьці: “Людзі працуюць дзеля таго, каб жыць, а я жыву дзеля таго, каб працаваць”, - казала яна.
Палітыкай Маргарэт Робэртс пачала цікавіцца зь дзяцінства, і наведвала палітычныя сустрэчы разам з бацькам, калі ёй было 12 гадоў. Гэтую любоў да актыўнага жыцьця прышчапіў будучаму прэм’ер-міністру й цьвёрды характар сфарміраваў яе бацька.
Маргарэт Робэртс нарадзілася ў беднай сям’і ў 1925 годзе. У хаце, дзе жыла сям’я Маргарэт, не было гарачай вады й туалета. Яе бацькі – краўчыха й гандлёвец. Тым ня менш, бацька Маргарэт намагаўся выхаваць дачку не на гаспадыню, але на барацьбіта. Біёграфы кажуць, што ён увесь час паўтараў, што Маргарэт не павінна ісьці за натоўпам, але кіравацца сваім пачуцьцём, не баяцца адрозьнівацца ад іншых, ці быць незразумелай для іншых. А такія словы, як “не магу”, “гэта надта цяжка” – характэрны толькі слабым духам. Такое выхаваньне дапамагло Маргарэт быць вышэй за іншых у інтэлектуальным пляне, а зь іншага боку, пазбавілі цёплых чалавечых адносінаў, што сталася трагедыяй асабістага жыцьця Маргарэт Тэтчэр. У школе яе называлі зубрылкай, разумніцай.
Што цікава, адукацыя, якую яна атрымала ў каледжы, нічога агульнага з палітыкай ня мела - гэта была хімія. Тым ня менш, палітыка была для яе мэтай жыцьця, і ў 23 гады яна прыняла ўдзел у парлямэнцкіх выбарах у 1948 годзе. Але няўдала, тым ня менш, першая параза не стрымала яе амбіцый.
У парлямэнт яна пратрапіла ў 1959 годзе ўжо як Маргарэт Тэтчэр. Яна выйшла замуж за бізнэсмэна Дэніса Тэтчэра. Шлюб з даволі багатым чалавекам даў магчымасьць Тэтчэр далей будаваць палітычную кар'еру й ня думаць пра матэрыяльны бок жыцьця.
Упершыню, як палітык з жалезнай хваткай Маргарэт Тэтчэр праявіла сябе на пасадзе міністра адукацыі ў 1970 – 1975 гадах. Асновай яе палітыкі была эканомія й скарачэньне сацыяльных праграмаў на адукацыю. Яна нават увяла ў школах аплату за малако, якое выдавалася школьнікам бясплатна. Англічане прызналі Тэтчэр самай непапулярнай жанчынай. Каля будынка парлямэнту паявіліся плякаты з надпісамі: “Хто абароніць дзяцей ад Тэтчэр”, на што міністар адказала, што на гэтым удалося эканоміць 8 мільёнаў фунтаў. Гэта выклікала скандал і кансэрватыўны ўрад з Маргарэт Тэтчэр сышоў у адстаўку.
Тым ня менш, гэта быў пачатак яе кар'еры. У сярэдзіне 70 гадоў Англія перажывала сур’ёзны эканамічны крызыс. Яе нават называлі “хворым чалавекам” Эўропы. Асноўная прычына - сацыяльна-арыентаваная палітыка лейбарысцкай партыі.
Тэтчэр пачала моцна крытыкаваць дзейнасьць ураду й павяла жорсткую барацьбу супраць марксізму. У 1979 годзе партыя кансэрватараў перамагла, і Тэтчэр стала прэм’ер-міністрам. У гэты пэрыяд апанэнты Тэтчэр жартаўліва казалі: “Тэтчэр - адзіны мужчына ў кансэрватыўнай партыі”.
Пасьля прыходу да ўлады Тэтчэр пачала праводзіць жорсткую палітыку па скарачэньні дзяржаўных субсыдыяў прадпрыемствам. Была праведзена прыватызацыя. З аднаго боку, гэта прывяло да росту беспрацоўя (у 1984 годзе яно складала 3,3%) і зьніжэньня папулярнасьці Тэтчэр, а зь іншага - да паступовага ажыўленьня эканомікі.
Папулярнасьць Маргарэт Тэтчэр уратавала пераможная вайна за Фальклэндзкія выспы, якая пачалася ў 1982 годзе.
Менавіта за зьнешнюю палітыку Маргарэт Тэтчэр атрымала мянушку “Жалезная лэдзі”, якая стала, па-сутнасьці, другім прозьвішчам. Яе так назвалі савецкія журналісты, а менавіта Юры Гаўрушаў. Ён у 1979 годзе апублікаваў артыкул “Жалежная лэдзі пужае”. Гэта быў адказ на крытыку Тэтчэр савецкай зьнешняй палітыкі й на памкненьне СССР да сусьветнага панаваньня. Пакуль у СССР не распачалася перабудова, Тэтчэр была прыхільніцай “халоднай вайны” і падтрымлівала палітыку ЗША, але потым яна цалкам падтрымала працэс палітычных рэформаў М. Гарбачова.
Аб яе характары сьведчыць і такі факт: у 1981 годзе ірляндзкія тэрарысты, якія сядзелі ў вязьніцы, патрабавалі прызнаць іх палітычнымі вязьнямі, а не крымінальнікамі, і абвесьцілі галадоўку. Тэтчэр не саступіла, сказаўшы: “Гэта іх выбар”. 11 чалавек памерлі, астатнія паддаліся. Ірляндцы адпомсьцілі тым, што ў 1984 годзе ўзарвалі гатэль, у якім адбываўся зьезд кансэрватараў з удзелам Тэтчэр. Яна не пацярпела і, нягледзячы ні на што, далей праводзіла зьезд, заявіўшы:“Урад яе Вялікасьці не саступае перад пагрозамі”.
Тэтчэр кіравала дзяржавай 11 гадоў - да 1990 году.
Павал Усаў