Запрашаем паслухаць рэпартаж пра сям’ю, якіх мала ў сучасных багацеючых грамадзтвах – шматдзетную, у якой сямейнікі прадстаўляюць некалькі пакаленьняў, шматкультурную й шматрэлігійную. Гэта таксама рэпартаж пра каханьне.
Гэта варшаўская сям’я Скопцаў.
Кася: У нас пад адным дахам і праваслаўе, і будызм, і рыма-каталіцкае веравызнаньне. Нашыя дзьве дачкі – будысткі, Зузя – праваслаўная, баба Ірэна – маці майго мужа Пятра – праваслаўная, я й Зузя спачатку былі каталічкамі, але нядаўна мы перайшлі ў праваслаўе. Мой сын Франак яшчэ не ахрышчаны, бо невядома, у якім напрамку ён схоча пайсьці.
Каталіцызм і праваслаўе можна неяк спалучыць і зразумець, адкуль яны пад адным дахам, але будызм?
Кася: Будысткі ў нас зьявіліся такім чынам, што яны прыехалі з Тыбэту. Гэта веравызнаньне іх бацькоў, і я думаю – гэта нешта вельмі добрае, што ўводзіць у нашу сям’ю лад і гармонію штодзённага жыцьця.
Вашыя дочкі-будысткі не зачыняюцца ў сваім веравызнаньні, яны выходзяць па-за яго межы й пазнаюць вашую рэлігію?
Кася: Так, яны ходзяць з намі ў касьцёл, ходзяць і ў царкву. Няма з гэтым праблем. Канджу, нашая дзевяцігодка, сьпявае ў праваслаўным хоры ў царкве, хаця яна будыстка. Яе дзядзя – тыбэцкі манах – часам прыходзіць у царкву паслухаць, як яна сьпявае старацаркоўныя песьні. Я думаю, што гэта цудоўна.
Раскажыце, калі ласка, як гэта сталася, што дзяўчынкі з Тыбэту трапілі ў ваш дом?
Пётр: Сонам і Канджу трапілі да нас крыху забаўна, а можа… звычайна – тры гады таму сяброўка напісала нам мэйл з пытаньнем, ці ня ведаем каго, хто прыняў бы тыбэтку. Мы падалі нашу заяву, як аказалася, гэта быў адзіны водгук. І з таго моманту Сонам стала з намі жыць. Сонам, праўдападобна, 16 гадоў, бо калі казаць пра ўзрост тыбэтцаў, то ніколі дакладна невядома, бо яны, па-першае, адлічаюць узрост ад зачацьця, а па-другое, не надаюць гэтаму ўвагі. А ў выпадку Канджу мы пайшлі да майго сябра стаматоляга, які паводле ортапантамограма вызначыў, што ёй прыблізна 9-10 гадоў. І ў адпаведнасьці з гэтым узростам яна паступіла ў трэці кляс пачатковай школы, а Сонам з Зузяй ходзяць у трэці кляс гімназіі.
Канджу – гэта родная сястра Сонам. Вы яе самі прывезьлі з Тыбэту?
Пётр: Канджу апынулася ў нашай сям’і таму, што летась памерла іх мама, і мы задумоўваліся, як мы можам ім дапамагчы. Дамагчы іх бацьку, які ў Тыбэце застаўся з чацьвёркай дзяцей. І пастанавілі, што запрапануем яму гэта – выхаваем яшчэ адно дзіця, якое будзе нашай чарговай дачкой.
Кася: Ну, і яна зможа вучыцца, хадзіць у школу, і атрымае крыху больш магчымасьцяў, чым дзеці ў Тыбэце, праўда?
Вы не баяліся, не вагаліся?
Кася: Усе пра гэта пытаюць. Нават Сонам, калі Канджу мела прыехаць, пытала:”мама – ты не баішся?” … я магу адказаць так – жанчына, калі зацяжарвае, а я нарадзіла Зузю й Франэка, дык ведаю – таксама баіцца, ці дзіця будзе здаровае, ці інтэлігентнае, ці апраўдае чаканьні бацькоў. Я думаю, што няма чаго баяцца й трэба рухацца наперад. У нас, якбы не было выйсьця. Бо ж нават у найгоршых дзіцячых дамах імкнуцца не разьдзяляць сясьцёр.
Пётр: Па Канджу я паехаў з маім сябрам са школьных гадоў. Летась, у траўні мы паехалі ў Тыбэт. Там мы сустрэліся з бацькам Канджу й аформілі ўсе дакумэнты, зьвязаныя зь яе прыездам, з правам на юрыдычную апеку, усе візавыя справы й гэтак далей. І 8 траўня мы прыляцелі ў Варшаву з Канджу.
Кася: А раней мы аформілі стыпэндыю, каб яна адразу магла ісьці ў школу. Магу сказаць, што ўсё было прадумана й падрыхтавана. У выпадку Сонам мы крыху аналізавалі разам з маці Пятра – бабуляй Ірэнай, з маёй мамай, з Зузяй, таму што, насамрэч, найбольш гэтая сытуацыя абцяжарвала Зузю, бо яна раптам атрымала сястру аднагодку, якая ўскочыла да яе ў пакой , а потым пайшла зь ёю ў школу. Зузя ўводзіла Сонам у польскую рэчаіснасьць. Мы Зузю заўсёды вучылі кахаць іншых людзей, але іншая справа кахаць іх здалёк, а іншая – раптам атрымаць сястру. Я не магу ўявіць, што яна перажывала.
Зузя, памятаеш тую першую ноч з новай сястрой у пакоі?
Зузя: Першай ночы не памятаю. Гэта адбылося так натуральна. Проста, яна зьявілася, была й засталася. Я нейкім чынам адразу з гэтым зьмірылася. Я адчувала, нібыта раптам нарадзілася новая сястра.
Кася: У сваю чаргу Франэк заўсёды хацеў братоў. Яму сем годзікаў. Я назіраю, як яны з Канджу прызвычайваюцца адзін да аднаго. Спачатку яны спаборнічалі, а цяпер ужо бачна, што пакрысе яна за ім назірае, пачынаюць разам гуляюць.
Пётр: Франэк спачатку ня мог зразумець Канджу. Лічыў, што калі яна за яго старэйшая, то павінна ўсё ведаць і жыць у сьвеце больш дарослых, чым ён. Мы яму тлумачылі, што Канджу, праўда, гадамі старэй за яго, але, па сутнасьці, „яна ў супастаўленьні з табой малодшая, бо ня ведае, як уключыць тэлевізар, як уключыць сьвятло, што рабіць зь кранам, як сікаць”. Пра тыя рэчы, якія раптам зьявіліся вакол Канджу, тлумачыў таксама Франэк. Ён праз пэўны час быў старэйшым братам старэйшай сястры.
Кася: Я лічу, што тэмп, у якім яны прывыкаюць, вельмі хуткі. Канджу прыехала ў траўні, цяпер, у прынцыпе, свабодна валодае польскай мовай. Сьпявае на стара-царкоўна-славянскай мове, па-польску. Яна вельмі музыкальная. Мы спрабуем клапаціцца пра яе музычную адукацыю. Вось – гэта яе піяніна. Я думаю, што ўсе дабрадзейна ўплываюць на астатніх. Але ў нас – як у кожнай сям’і – дзеці час ад часу сварацца, мы – бацькі трацім нэрвы, але ў нас ёсьць яшчэ дзьве бабулі, мы ўдваіх, чацьвёра дзяцей, тры сабакі, і заўсёды можна знайсьці кагосьці, хто яго пашкадуе.
А што казалі на ўсё гэта вашы бабулі? Яны адразу вас падтрымалі?
Пётр: З самага пачатку бабулі ня вельмі разумелі, што мы робім і чаму. Пасьля некалькіх размоваў і тлумачэньняў, у прынцыпе, нават ня надта працяглых, яны прыйшлі да высновы, што гэта добры шлях, па якім мы хочам ісьці, і адобрылі тое, што мы хочам дапамагчы дзецям.
Кася: І нельга казаць, што мы дапамагаем тыбэтцам, бо нас людзі часта пытаюць: „чаму Тыбэт, не Беларусь, чачэнскія дзеці, польскія ці іншыя”?. Гэта таксама ня мода. Проста, так склалася ў нашым жыцьці. Мы хацелі ўсынавіць хворае дзіця, бо Пётр фармацэўт, і мы падумалі, што мы такому дзіцяці можам даць больш, чым чалавек, у якога няма кантакту з мэдычнымі навукамі. Але на нашым шляху зьявілася тыбэцкая дзяўчынка, і мы яе ўзялі.
Што вам дае гэтая шматрэлігійнасьць у вашай сям’і?
Кася: Я расла ў атмасфэры вялікай талерантнасьці. У маёй роднай хаце ніколі не было антысэмітызму й ніколі не ацэньваўся чалавек праз прызму яго веравызнаньня ці колеру скуры. Пётр гадаваўся ў падобнай сям’і, і нам гэта памагае. Мае дзяды зьяўляюцца „Праведнікамі народаў сьвету”. Яны ратавалі габрэяў у час Дрыгой сусьветнай вайны. І калі пыталі маю бабулю „чаму вы, спадарыня Слава, ратавалі габрэяў?”, то яна заўсёды падкрэсьлівала, што яна не дапамагала габрэям, а людзям. І я думаю, што мы падыходзім да жыцьця падобна. Што нам гэта дае?... – дасьведчанасьць дабра. Шчырай талерантнасьці.
Зузя: Мне было вельмі прыемна ад таго, што апошнім часам мне сказала Сонам. Гэта было пасьля службы ў царкве. Яна запытала, ці магчыма быць будысткай і праваслаўнай адначасова. А ў Франэка й Канджу, у іх пакоі, ёсьць будысцкі абраз нейкага сьвятога, ёсьць таксама ікона. У нашым пакоі ёсьць здымак Далай-Ламы, а над дзьвярыма вісіць крыжык.
Кася: Быў такі пэрыяд, што Зузя, пакуль перайшла ў праваслаўе – яна ўступіла ў праваслаўную царкву год таму, і гэта было сьвядомае й прадуманае рашэньне. Было так, што на другім паверсе нашага дома палка маліліся Зузя – каталічка, баба Ірэна – праваслаўная і Сонам – будыстка.
Пётр: Такая сямейная вавілонская вежа…. Гэта прыносіць нам радасьць, навучае талерантнасьці для іншых людзей, але таксама адчыняе сьвет, пашырае гарызонты, зьмяняе пункт погляду і ўспрыманьня таго, што вакол нас дзеецца.
Кася: Мы імкнемся не падыходзіць да дзяцей: да Канджу, ці да Сонам, ці да Зузі як да сваёй уласнасьці й кавалка сваёй асобы. Гэта незалежныя істоты. Многія мяне пытаюць: „што будзе, калі Сонам вернецца ў Тыбэт?” Ну й што… выедзе. А што я зраблю, калі Зузя пераедзе жыць у Новую Ірляндыю? Паедзе, і ўсё! Нельга дарослым з-за эгаістычных памкненьняў прывязваць да сябе дзіця. Прасьцей гэтага пазьбягаць, калі ёсьць больш дзяцей. Я кожнаму зычу такой любові ад дзяцей, якіх жанчына не нарадзіла. Гэта інакш, калі Зузя кажа мне, што мяне кахае, а інакш, калі Канджу мне кажа, што мяне кахае. Гэтае самае датычыць называньня нас мамай і татам.
Героямі рэпартажу была варшаўская сям’я Скопцаў. Расказвалі Кася, Пётр і Зузя. Франэк і Канджу якраз выехалі на зімовыя канікулы ў горы, а Сонам паехала ў спартыўны лягер. Яна займаецца віндсэрфінгам на лёдзе.
Рэпартаж падрыхтавала Яланта Сьмялоўская