Сёньня, паважаныя радыёслухачы, запрашаю вас на асцыпэк. Магчыма, што нехта чуў пра гэты прадукт, перш за ўсё будучы на поўдні Польшчы, ў гарах Татры. Асцыпэк (oscypek – польск.) – гэта цьвёрды вэнджаны сыр, які вырабляецца з авечага малака. Папулярны таксама ў славацкай частцы Татраў, там ён называецца ашцепак.
Па форме сыр нагадвае верацяно, звычайна на вырабе адціскаюцца ўзоры. Згодна з традыцыяй, сыр вырабляюць толькі мужчыны, горцы, высока ў гарах, дзе вясной і летам пасуцца авечкі. Жывёл дояць, і на месцы робяць прысмак. А працэс вытворчасьці выглядае наступным чынам. Падаіўшы авечак, малако працэджваюць праз льняное палатно у драўляныя кадушкі. Пазьней дадаецца спэцыяльны фэрмэнт, дзякуючы якому малако пераўтвараецца ў сырную масу, зь якой фармуюць малочны выраб. Пасьля гэтага сыр суткі мочаць у спэцыяльным саляным растворы – гэта дае ня толькі салёны смак, але й забівае бактэрыі. Наступны крок – сыр ляжыць на драўляных паліцах, каб сасьпець, а пазьней вэндзіцца на сапраўдным дыме, які паўстае ў выніку спальваньня хвойных парод дрэва.
Зь лютага 2007 году асцыпэк ахоўваецца законамі Эўрапейскага Зьвязу як рэгіянальны прадукт. Гэта значыць, што назву асцыпэк могуць ужываць толькі жыхары Татраў, якія яго вырабляюць. І сапраўды асцыпэк вырабляецца выключна з авечага малака толькі ў гарах, у пэўных мясцовасьцях і раёнах. Сыр вырабляецца ад траўня да верасьня, а ў продажы – да канца кастрычніка. Так што калі нехта ў іншыя месяцы прадае сыр і называе яго асцыпкам, значыць, хлусіць пакупнікам.
Ня ўсе любяць асцыпэк, але будучы ў польскіх гарах, варта яго паспрабаваць. Сыр мае саланаваны смак, добра адчуваецца пах дыму. Яго можна есьці адразу ж, можна таксама прыгатаваць паводле шматлікіх рэцэптураў. Так, у Польшчы асцыпэк падаюць з грыля, пераважна з брусьнічным альбо журавінавым соўсам. Дарэчы, салодкі ды салёны смакі вельмі добра кампануюцца. Акрамя таго, сыр дадаюць у розныя салаты, а таксама выкарыстоўваюць у мясных стравах. Так, у гарах папулярна сьвіная адбіўная, а на ёй – лустачкі сапраўднага асцыпэка з грыля. Пальчыкі абліжаш! Так што запрашаем у Польшчу на асцыпэк!
вс