• Як звычайны дом перарабіць у энэргазьберагальны?
  • Audio4.78 MB
  • 25.02.2011

У экалягічнай рубрыцы працягнем гутарку пра энэргаэфэктыўны дом. Сучасныя тэхналёгіі даюць магчымасьць максымальна скараціць кошты на ацяпленьне. У польскіх умовах магчыма плаціць каля 100 эўра за год, калі мы жывем у пасіўным доме. Пра сутнасьць гэтага дома мы расказалі тыдзень таму, а сёньня ў нашага спэцыяліста запытаем, ці дом, пабудаваны з выкарыстаньнем стандартных тэхналёгій, можна перарабіць у эрэгазьберагальны?

На пытаньне адказвае Кшыштаф Братасевіч зь фірмы „Аркада Будаўніцтва”.

К. Братасевіч: Зразумела, што так. Другі вельмі істотны напрамак пасіўнага будаўніцтва – гэта мадэрнізацыя будынка. Практычна, кожны будынак можна давесьці да стандарту энэргазьберагальнага. А калі ёсьць магчымасьці правесьці некаторыя зьмены ў форме будынка, напрыклад, зьмяніць вокны, сьмела можна будынак перарабіць на пасіўны.

Ці такі рамонт многа каштуе?

К. Братасевіч: Пасіўнае будаўніцтва ў Польшчы цяпер каштуе даражэй на 20-25%. На этапе мадэрнізацыі таксама гэтыя прапорцыі захоўваюцца, але коштавыя адрозьненьні паміж звычайнай тэрмамадэрнізацыяй і перавядзеньнем будынка ў пасіўны пастаянна зьмяншаюцца. І я ўпэўнены, што праз 2-3 гады ў Польшчы гэтыя адрозьненні будуць на ўзроўні 10%.

Трэба было б зрабіць грунтоўны рамонт стандартнага дома.

К. Братасевіч: Будынкі павінны праходзіць грунтоўны рамонт праз 15-25 гадоў. І гэта дасканалая нагода для таго, каб будынак мадэрнізаваць – старанна ізаляваць, устанавіць сыстэму прымусовай вэнтыляцыі зь вяртаньнем цяпла. Паставіць вокны не з двайным, а ўжо трайным шклом, ліквідаваць гэтак званыя „масткі холаду”. „Масткі холаду” – гэта слабыя пункты канструкцыі будынка, якія прычыняюцца да стратаў цяпла – гэта куты будынка, спалучэньне з тарасай, бальконам, слупамі. У будынку, які  мадэрнізуецца, трэба ліквідаваць гэтыя масткі холаду, бо яны ня толькі прычыняюцца да страты цяпла на ўзроўні некалькіх адсоткаў, але таксама прычыняюцца да кандэнсацыі вадзянога пару, вільготнасьці, цьвілі ў будынку. Падчас дасьледаваньня з дапамогай інфрачырвонай камэры гэтыя масткі холаду вельмі добра відаць асабліва ў старых будынках. І іх дрэба старанна ізаляваць.

Ці вы назіраеце рост зацікаўленьня ў Польшчы да энэргазьберагальных тэхналёгій?

К. Братасевіч: Так. Фірмы, спэцыялістычныя часопісы, разнародныя праграмы ўсьведамілі кліентам, што больш карысна выдаткаваць грошы на паляпшэньне энэргетычнага становішча будынка й заадно зьменшыць расходы на ацяпленьне ў будучыні, чым узводзіць вялікі дом, усталёўваць ванну зь гідрамасажам. Кошт паляпшэньня энэргаэфэктыўнасьці будынка – гэта кошт 20-60 тыс. злотых (~5 тыс. – 25 тыс. эўра). Складаная форма будынка, архітэктурныя дэталі, упрыгожаньні – каштуе ня менш. Інтэлігентны дом зь вялікай колькасьцю электронікі таксама каштуе дадаткова некалькі дзясяткаў тысяч. Таму магу сказаць, што кліенты робяць выбар ня толькі паводле сваіх фінансавых магчымасьцяў, але таксама паводле каштоўнасьцяў, якіх прытрымліваюцца, і жаданьня інвэставаць у энэргетычны стандарт будынка.

Вы зь сям’ёй жывеце ў такім энэргазьберагальным доме. І як жывецца ў такім будынку? У вас напэўна ёсьць магчымасьць параўнаць са стандартным домам, бо ж раней энэргаэфэктыўныя тэхналёгіі ў Польшчы не прымяняліся.

К. Братасевіч: Па-першае, я адчуваю гэтую розьніцу, калі прыходзіцца плаціць па рахунках. Яны фактычна меншыя. Я будаваў свой дом 12 гадоў таму. Потым мадэрнізаваў цягам чатырох гадоў – паклаў большы слой ізаляцыі, усталяваў прымусовую вэнтыляцыю паветра. Па-другое, камфорт пражываньня ў такім будынку лепшы, бо ўнутры няма рэзкіх ваганьняў тэмпэратуры. Дадаткова сыстэма рэкупэрацыі гарантуе чыстае паветра на кухні, у ваннай і наогул у цэлым доме.

Патлумачце, як дзейнічае гэтая сыстэма прымусовай вэнтыляцыі, ці інакш рэкупэрацыі. Кажуць, што пахі, напрыклад з кухні, не разыходзяцца па цэлай хаце.

К. Братасевіч: Сутнасьць гэтай сыстэмы палягае на тым, што скарыстанае паветра ў памяшканьнях: з кухні, туалета, прыбіральні транспартуецца ў абменьнік, дзе ў адмысловай сыстэме цеплыня паветра знутры перадаецца паветру, якое трапляе ў абменьнік звонку й мэханічна ўпіхаецца дахаты. Дзякуючы абменьніку вяртаецца да 90% цеплыні з такога патоку паветра, які выходзіць вэнтыляцыйнай сыстэмай.

Гутарыла Яланта Смялоўская