• Запрашаем у Польшчу: Кярмусы
  • 19.02.2011

Сёньня, шаноўныя слухачы, запрашаем вас наведаць з намі Кярмусы (Kiermusy), цэнтар шляхецкіх традыцыяў, дзе можна скаштаваць унікальную старапольскую ежу й напоі. У тым ліку, вядомую Кермусянку — гарэлку, якая тут рыхтуецца па адмысловых рэцэптах. Кярмусы знаходзяцца недалёка ад Беластока.

Першае, што кідаецца ў вочы пасьля прыезду ў Кярмусы — гэта чатыры дамы, якія называюцца «Прыдворнымі чацьвёркамі». Кожны дом прыгожа аздоблены, у адметным стылі, і прыцягвае ўвагу. Адзін дом — гэта хата ганчара, другі — пчаляра, трэці - ткача, а чацьвёрты - селяніна. У гэтых дамах знаходзяцца пакоі для гасьцей.

Далей - галоўны будынак цэнтру адпачынку - «Фальварак на лузе», дзе месьцяцца нумары для гасьцей ды канфэрэнц-заля. Побач з «Фальваркам» знаходзіцца карчма «Рым», дзе прысутныя госьці могуць скаштаваць стравы старапольскай кухні. Пасьля багатай трапезы варта крыху адпачыць. У наведвальнікаў ёсьць дзьве магчымасьці. Па-першае, за «Фальваркам» знаходзіцца крыты басэйн, а другая магчымасьць — гэта «Альтанка здароўя й прыгажосьці», дзе гасьцей чакаюць масажы, саўна, джакузі, розныя лячэбныя працэдуры. Гэта, так бы мовіць, шляхецкая традыцыя ў сучасным выкананьні.

Паправіўшы сваё здароўе й прыгажосьць, можна пайсьці на шпацыр пад тутэйшы палац «Янтарны замак», які закрыты для турыстаў, але вакол якога мноства прыгожа аздобленых і даступных наведвальнікам сьцежак. Што цікава, сьцежкі — гэта драўляныя масткі й памосты, пракладзены над невялікім тутэйшым азярцом. Шпацыр над вадой пакідае прыемнае ўражаньне.

Апошні буйны турыстычны аб'ект у Кярмусах — гэта «Зубровы загон», дзе можна пашпацыраваць і паназіраць за зубрамі. Апроч зуброў тут ёсьць авечы загон і невялікая копанка з рэдкімі відамі рыб.

Галоўнай славутасьцю Кярмусаў, дзеля якой сюды прыязджае большасьць наведвальнікаў, зьяўляецца смачная кухня й тутэйшыя моцныя напоі: розныя настойкі й гарэлкі, якія робяцца тут паводле трыманых у сакрэце рэцэптураў. Самай вядомай тутэйшай гарэлкай зьяўляецца «Кермусянка» - настоены на мёдзе, зёлках, фруктах і карыцы алькагольны напой.

Адпаведны на цяпершанюю пару году, бо, як кажуць, зьяўляецца добрым сродкам на прафіляктыку прастудных захворваньняў.


Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч