Ашукаць боль
Лекары знайшлі новы спосаб абязбольваньня. На думку дасьледчыкаў з Італіі й Вялікабрытаніі, дастаткова паглядзець на адпаведны вобраз, каб зьменшыць боль.
Дзецям, якім робяць ін’екцыі, загадваюць паглядзець у іншы бок. Тым часам, на думку доктара Патрыка Гагарда (Patricka Haggarda) з лёнданскага ўнівэрсытэту (University College London), пацыентам у гэткай сытуацыі трэба паказаць найлепш адлюстраваньне другой рукі, якая не баліць.
Пацыентам здаецца, што яны глядзяць на абедзьве рукі, зь якімі нічога дрэннага не адбываецца. „Аказваецца, што рука, схаваная за люстрам, становіцца для нашага мозгу менш уражлівая на боль”, - пераконвае лёнданскі доктар.
Вынік аказваецца яшчэ лепшы, калі адлюстраваньне рукі павялічанае. Лекары даказалі гэта на падставе дасьледаваньняў 18 пацыентаў. Гэта чарговы, новы мэтад ашукоўваньня ўспрыманьня болю.
Робаты будуць мець уласную Вікіпэдыю
Ці робаты будуць мець уласную Вікіпэдыю? Магчыма, паколькі над інтарнэтнай энцыкляпэдыяй для машын пачалі працаваць эўрапейскія навукоўцы.
Інтэрнэтны цэнтар ведаў будзе называцца RoboEarth, значыць Зямля робатаў. Кожная, больш менш інтэлігентная машына, зможа зьмяшчаць у ёй інфармацыі пра новапрысвоеныя ўмельствы. Адначасова кожны робат, падключаны да сеціва, зможа згаданымі дадзенымі скарыстацца. Дзякуючы гэтаму новая машына зможа, напрыклад, беспамылкова рухацца па новым месцы, бо раней пазнаёміцца з адмысловай мапай, сьцягнутай зь інтэрнэту.
Навукоўцы са Швайцарскага фэдэральнага тэхналягічнага інстытуту ў Цюрыху пераконваюць, што дзякуючы гэтаму робаты будуць хутчэй разьвівацца й больш эфэктыўна служыць чалавеку. Яны атрымаюць таксама веды пра сваіх стваральнікаў.
Над згаданым праектам, фінансаваным са сродкаў Эўразьвязу, працуе 35 навукоўцаў. Першыя вынікі іхнай працы павінны быць вядомыя праз чатыры гады.
Пакажы свае адзнакі, скажу табе, як харчуешся
На думку гішпанскіх лекараў, дрэннае харчаваньне й лішняя вага ў дзяцей ня толькі пагаршаюць фізычныя, але таксама інтэлектуальныя здольнасьці.
Паводле праведзеных у Гішпаніі дасьледаваньняў, празьмерная колькасьць тлушчу й цукру ў дыеце дзяцей выклікае зьмены ў кары галаўнога мозга.
„Скажы, якія ў цябе адзнакі, а я скажу табе, як ты харчуешся”, - сьцьвярджаюць гішпанскія лекары. У іхнай ацэнцы, адпаведнае харчаваньне дзяцей, асабліва цягам першых гадоў жыцьця, гэта гарантыя інтэлектуальнай спраўнасьці ў будучыні. Лекары нагадваюць, што мозг дзіцяці разьвіваецца найхутчэй паміж трэцім ды восьмым гадамі жыцьця. Паводле іх, падставай харчаваньня тады павінны буць прадукты расьліннага паходжаньня.
Аўтары дасьледaваньня падкрэсьліваюць, што Гішпанія - гэта краінна з дрэннымі адукацыйнымі вынікамі. Празьмерная вага фіксуецца ў кожнага пятага маладога грамадзяніна згаданай краіны. Паўната – у кожнага дзясятага.
Эўрапейская місія на Арктыцы
У новай эўрапейскай місіі на Арктыцы прымуць удзел навукоўцы зь Вялікабрытаніі ды некалькіх краінаў заходняй Эўропы.
Палярнікі будуць рухацца пяшком. На пачатку сакавіка яны стартуюць з Паўночнага полюса, каб, згодна з плянам, 10 тыдняў пазьней дасягнуць Грэнляндыі. Палярнікі ня будуць дасьледаваць самога лёду, а толькі тонкую паласу, якая знаходзіцца непасрэдна пад нім. Дзякуючы згаданым назіраньням, навукоўцы хочуць стварыць лепшыя мадэлі дзеля прадугледжваньня будучыні Арктыкі, а таксама Гальфстрыму – цёплай марской плыні, якая абагравае паўночную Эўропу.
Па ацэнцы некаторых экoлягаў, Гальфстрым няўзабаве можа страціць сваю сілу, што прычыніцца да ахаладжэньня клімату на старым кантынэнце.
Ня толькі навукоўцы апошнім часам пачалі інтэнсыўна цікавіцца Арктыкай. Нафтавы гігант BP ды расейскія нафтаздабываючыя кампаніі хочуць супольна дабываць на Арктыцы нафту й газ.
Падрыхтавала Анна Задрожна
Здымкі: pl.wikipedia.org